12 кастрычніка ў Душпастырскім цэнтры ККББ у Мінску адбылося 63-е пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, на якім прысутнічалі іерархі і Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. У пасяджэнні таксама прыняў удзел Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр.
Падчас пасяджэння былі абмеркаваны наступныя пытанні:
- Біскупы распавялі аб правядзенні Навэнны да Маці Божай Фацімскай у дыяцэзіях Беларусі, якая з’яўляецца духоўнай падрыхтоўкай да святкавання 100-гадовага юбілею фацімскіх аб’яўленняў. Было прынята рашэнне скіраваць да душпастыраў заахвочванне больш актыўна выкарыстоўваць гэтую магчымасць.
- З нагоды 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў біскупы вырашылі арганізаваць перэгрынацыю фігуры Маці Божай Фацімскай, благаслаўлёнай Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам у Фаціме, па парафіях усіх дыяцэзій Беларусі. Распачнецца перэгрынацыя 13 кастрычніка ў мінскай архікатэдры і завершыцца 15 кастрычніка 2017 года.
- Біскупы абмеркавалі план мерапрыемстваў на завяршэнне Юбілейнага Года Божай Міласэрнасці. 13 лістапада ва ўсіх катэдрах і юбілейных святынях адбудзецца закрыццё Святых Дзвярэй.
- Канцлер курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. Дзмітрый Пухальскі прадставіў рэферат на тэму «Motu proprio» Папы Францішка «De Concordia inter Codices» (дакумент аб узгадненні норм Кананічнага права Каталіцкага Касцёла лацінскага абраду і Кодэкса канонаў Усходніх Касцёлаў).
- Біскупы зацвердзілі дэвіз пастырскага 2017 года: «Фацімскае пасланне Марыі — шлях да навяртання».
- Былі разгледжаны магчымасці далейшага развіцця адносін Каталіцкага Касцёла з дзяржавай.
- Біскуп Юзаф Станеўскі прадставіў справаздачу пра Сусветныя дні моладзі ў Кракаве, у якіх удзельнічала і моладзь з Беларусі.
- Біскуп Алег Буткевіч прадставіў справаздачу адносна кангрэсу Рады Каталіцкіх Біскупаў Еўропы на тэму «Міласэрнасць — сведчанне пра веру праз дзейнасць», які праходзіў у Сараеве.
- 19 лістапада ў Вільнюсе ў Вострай Браме адбудзецца святая Імша для пілігрымаў з Беларусі.
- Біскупы разгледзелі магчымасць новага выдання Імшалу.
Наступнае пасяджэнне ККББ адбудзецца 27 красавіка 2017 года ў Мінску.