27-28 кастрычніка ў курыі Пінскай дыяцэзіі адбылося 60-е пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, на якім прысутнічалі ўсе яе члены і Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. У пасяджэнні прыняў удзел i Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.
28 кастрычніка ў Пінску прайшлі таксама ўрачыстасці 90-годдзя заснавання Пінскай дыяцэзіі, вышэйшай духоўнай семінарыі і 145-годдзя нараджэння першага біскупа Пінскага Зыгмунта Лазінскага.
1. Падчас пленарнага пасяджэння Апостальскі Нунцый прадставіў правілы Апостальскай Сталіцы, якія датычаць фармацыі кандыдатаў да святарства, што стала вынікам візітацыі беларускіх каталіцкіх семінарый сакратаром Кангрэгацыі па справах Духавенства арцыбіскупам Хорхэ Карласам Патронам Вонгам.
Па рэкамендацыі Апостальскай Сталіцы пры ККББ была заснавана Камiсiя па справах фармацыi семiнарыстаў i святароў. Яе старшынёй стаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскi SDB, членамі – бiскуп Пінскі Антонi Дзям'янка, дапаможны бiскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскi, рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Раман Рачко i рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску кс. Андрэй Рылка.
2. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч склаў справаздачу з Сіноду Біскупаў на тэму «Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і сучасным свеце», у якім удзельнічаў у Ватыкане, прадстаўляючы епіскапат Беларусі. Арцыбіскуп расказаў пра ход працы Айцоў Сіноду.
3. У сувязі з Годам Міласэрнасці, абвешчаным Папам Францішкам у Паўсюдным Касцёле, які пачнецца 8 снежня гг., біскупы прынялі праграму агульнабеларускіх сустрэч і абралі дэвізам словы «Надзея ў Божай міласэрнасці».
4. Датамі юбілейных урачыстасцяў 25-годдзя Гродзенскай дыяцэзіі і біскупскага пасвячэння пастыра дыяцэзіі былі прапанаваны 24-26 мая 2016 г. У час іх адбудзецца Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс у Год Міласэрнасці.
5. Юбілейныя ўрачыстасці Мінска-Магілёўскай мітраполіі пройдуць у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай 1-2 ліпеня 2016 г.
6. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ўвяла некаторыя змены у камісіях і радах пры ККББ і паклікала да існавання Радy па справах кантактаў з дзяржавай, старшынёй якой абраны арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевiч.
Наступнае пленарнае пасяджэнне адбудзецца 3 лютага 2016 г. у Мінску.