22 лістапада 2013 г. у Душпастырскім цэнтры ККББ у Мінску адбылося 55-е пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. Падчас пасяджэння былі разгледжаны наступныя пытанні і прыняты наступныя рашэнні.
1. Адказным за дактрынальную праблематыку ў ККББ Канферэнцыя прызначыла біскупа Пінскага Антонія Дзям’янку.
2. Канферэнцыя прыняла беларускамоўную версію паправак да абраду святога Хросту, а таксама формулу ўспаміну святога Юзафа ў эўхарыстычных малітвах.
3. Абмяркоўвалася справа падрыхтоўкі перакладу дакумента Апостальскага Пасаду «Аб паслузе і жыцці святароў».
4. Была абмеркавана форма дапамогі ахвярам тайфуну на Філіпінах. Было прынята рашэнне збіраць ахвяраванні на адной са святых Імшаў у першую нядзелю Адвэнту – 1 снежня 2013 г.
5. Канферэнцыя прызначыла Дзень малітвы за тых, хто дапамагае Касцёлу на Усходзе, на 8 снежня 2013 г. і просіць вернікаў прыняць у ім удзел.
6. Канферэнцыя зацвердзіла трохгадовы цыкл падрыхтоўкі да юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў, які будзе святкавацца ў 2017 г. Зыходзячы з фацімскіх аб’яўленняў, год 2014 будзе Годам малітвы, 2015 – Годам навяртання, 2016 – Годам надзеі.
7. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч азнаёміў удзельнікаў пасяджэння з міжнароднай міжканфесійнай канферэнцыяй «Хрысціянская антрапалогія перад выклікам сучаснасці», міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыяй «Прыёмная сям’я: вопыт, праблемы і перспектывы» і семінарам для святароў «Экалагічныя пытанні сучаснасці», якія нядаўна адбыліся ў Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Й. Рау ў Мінску.
8. Таксама Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч праінфармаваў удзельнікаў пасяджэння, што з самага пачатку арышту ксяндза Уладзіслава Лазара Курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі забяспечвае святару адвакацкую апеку. У сувязі з вышэйсказаным уся іншая інфармацыя ў СМІ наконт адваката ў гэтай справе з’яўляецца недакладнай.
9. ККББ атрымала інфармацыю аб падрыхтоўцы да Чэмпіянату Еўропы па міні-футболе сярод святароў.
10. Біскупы выказваюць пастырскія пажаданні і віншаванні святарам, кансэкраваным асобам і вернікам на Адвэнт і Божае Нараджэнне.