20 верасня 2012 г. у мінскім Душпастырскім цэнтры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі адбылося 51-е пасяджэнне ККББ. У пленарным пасяджэнні ўдзельнічалі ўсе члены ККББ, а таксама Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. На сустрэчы таксама быў прысутны Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.
1. Біскупы абмеркавалі праграму Года веры, які пачынаецца ў Каталіцкім Касцёле 11 кастрычніка 2012 г. У межах Года веры будуць праходзіць розныя душпастырскія ініцыятывы ва ўсіх дыяцэзіях Беларусі, сярод якіх Агульнанацыянальная пілігрымка абраза Маці Божай Будслаўскай, вывучэнне дакументаў Другога Ватыканскага Сабору і Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, а таксама перэгрынацыя рэліквій св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус па краіне.
2. Іерархі абмеркавалі падрыхтоўку да Сусветнага дня моладзі ў Рыё-дэ-Жанэйра (апошні тыдзень ліпеня 2013 г.) і Агульнабеларускай Малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы (лета 2013 г.).
3. Канферэнцыя Біскупаў прыхільна паставілася да прапановы І Кангрэса каталіцкіх СМІ аб стварэнні працоўнай групы па развіцці стратэгіі каталіцкіх медыя ў Беларусі.
4. Біскуп Казімір Велікаселец быў абраны адказным па справах духавенства пры ККББ.
5. У сувязі з дыскусіяй над праектам закону «Аб ахове здароўя», падрыхтаваным Міністэрствам аховы здароўя Беларусі, біскупы прапанавалі шэраг заўвагаў у духу каталіцкай этыкі, якія накіруюць міністру аховы здароўя.
6. Дата наступнага пасяджэння ККББ прызначана на 11 снежня 2012 г.