49-га Пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі адбылося 28 лютага 2012 г. у Сакратарыяце ККББ у Мінску па вул. Кальцова, 153.
У пленарным пасяджэнні ўдзельнічалі ўсе члены ККББ, а таксама Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. На пачатку сустрэчы быў прысутны Апостальскі Нунцый ў Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.
- Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці паведаміў аб уручэнні даверчых грамат Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку. Адбылося гэта 20 лютага 2012 г. падчас сустрэчы кіраўніка дзяржавы з пасламі дзевяці дзяржаў.
- Удзельнікі пасяджэння разгледзелі праект і зацвердзілі новыя статуты ККББ.
- Прысутныя выразілі згоду адносна паправак да 6 раздзела Кодэкса Кананічнага Права, падрыхтаваных Папскай радай (па інтэрпрэтацыі) заканадаўчых тэкстаў.
- Прысутныя зацвердзілі дату святкавання ўрачыстасцяў у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе — першая субота ліпеня. Прынялі да ведама, што святкаванне ў Браславе (Віцебская дыяцэзія) будзе прыпадаць на трэцюю суботу жніўня. Малітоўная сустрэча моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Івянцы адбудзецца ў апошнюю суботу ліпеня. На сустрэчу запрашаецца моладзь таксама з іншых дыяцэзій.
- Было прынята рашэнне выдаць у форме асобнай кнігі чатыры Евангеллі на беларускай мове (студыйнае выданне), пераклады якіх былі падрыхтаваныя Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла.
- Была зацверджана афіцыйная дэлегацыя ад Канферэнцыі Біскупаў на Сусветную сустрэчу сем’яў, што пройдзе ў Мілане з 30 мая па 3 чэрвеня 2012 г.
- Удзельнікі сустрэчы падтрымалі правядзенне І Усебеларускага з’езду каталіцкіх журналістаў, які адбудзецца ў Гродне ў пачатку верасня 2012 г.