Паведамленне з 48-га Пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, якое адбылося 12 лістапада 2011 г. у Сакратарыяце ККББ у Мінску па вул. Кальцова, 153.
У пленарным пасяджэнні ўдзельнічалі ўсе члены ККББ, а таксама Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
1. На пачатку пасяджэння старшыня ККББ ад імя ўсіх прысутных прывітаў арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, Апостальскага нунцыя ў Беларусі, які як новапрызначаны нунцый на гэтай пасадзе ўпершыню прысутнічаў на пасяджэнні.
2. Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці падзякаваў за запрашэнне і выказаў сваё жаданне садзейнічаць у захаванні адносінаў узаемапавагі і салідарнай дапамогі тым, з кім прызначыў яго супрацоўнічаць Святы Айцец дзеля пашырэння Добрай Навіны ў сэрцах людзей, якія жывуць Богам альбо шукаюць шляхі да Яго.
3. Сабраныя зацвердзілі на пасаду часова выконваючага абавязкі Прэс-сакратара ККББ кс. Юрыя Санько, які ў цеснай лучнасці з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, адказным за СМІ пры ККББ, атрымаў заданне своечасова прадстаўляць асабліва важную інфармацыю ад ККББ.
4. Сабраныя абмеркавалі магчымасці і формы сустрэч з прадстаўнікамі юдаізму, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі, з мэтай падтрымання дыялога з вызнаўцамі гэтай рэлігіі.
5. Была зацверджана назва новага душпастырскага года: «Новая Евангелізацыя як уводзіны ў Год Веры».
6. Напрыканцы сустрэчы сабраныя прывіталі кардынала Курта Коха, старшыню Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, які прыбыў у Мінск на канферэнцыю, прысвечаную праваслаўна-каталіцкаму дыялогу. У прамове кардынал падзякаваў за магчымасць сустрэцца з біскупамі ў будынку Сакратарыята ККББ і за супольную малітву ў мясцовай капліцы. Іерарх распавёў пра сваё біскупскае служэнне ў Швейцарыі, а таксама на пасадзе старшыні Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, пра ініцыятывы гэтай Рады і кантакты з лакальнамі касцёламі, пра кірункі дыялога з прадстаўнікамі іншых рэлігій. Сабраныя прадставілі свой вопыт і меркаванні ў адносінах з прадстаўнікамі іншых канфесій і іншых рэлігій у нашай краіне.
7. Сабраныя прызначылі святара-дэлегата на Эўхарыстычны кангрэс, які пройдзе ў Дубліне.
Біскуп Антоні Дзям’янка
Генеральны Cакратар
Канферэнцыі Каталіцкіх
Біскупаў у Беларусі