Мінск, 24 чэрвеня, 2011 г.
Яго Святасць
Святы Айцец Бэнэдыкт XVI
Ватыкан
Яго Святасць
Святы Айцец Бэнэдыкт XVI
Ватыкан
Умілаваны Святы Айцец,
з нагоды юбілею 60-годдзя святарскага пасвячэння Вашай Святасці просім прыняць нашыя сардэчныя віншаванні, а таксама выражэнне сыноўняй адданасці і ўдзячнасці.
Каталіцкі Касцёл у Беарусі далучаецца да ўрачыстага падзячнага «Тe Deum» за 60 год вернага святарскага служэння Пятра нашага часу. Гэтая паслуга была напоўнена мужным абвяшчэннем Божага слова і навучаннем «у спрыяльны і неспрыяльны час» (пар. 2Цім 4, 2), распаўсюджваннем і абаронай хрысціянскіх каштоўнасцяў, шматлікімі навуковымі трактатамі, асвячэннем Божага люду праз цэлебрацыю сакрамэнтаў, асабліва Эўхарыстыі, а таксама мудрым кіраваннем Касцёлам у духу любові.
60 гадзін адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ў парафіях і манаскіх супольнасцях Беларусі, а таксама пілігрымка да Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай на галоўныя ўрачыстасці 1–2 ліпеня пройдуць у інтэнцыі Вашай Святасці.
Адаруючы Эўхарыстычнага Хрыста і молячыся ля стопаў Марыі, дзякуем Богу за дар святарства Вашай Святасці і святарскае служэнне.
Няхай праз заступніцтва Марыі — Маці святароў — Найвышэйшы Святар Езус Хрыстус адорвае Вашу Святасць патрэбнымі дарамі і благаславіць Вашаму вернаму служэнню паўсюднаму Касцёлу ў час небяспечных выклікаў, якія ставіць сучасны свет.
Ad multos annos!
З малітвай, выражэннем павагі і просьбай аб благаслаўленні біскупы Беларусі.