«Няхай нашая малітва і матэрыяльная дапамога будуць знакам хрысціянскай салідарнасці з тымі, хто разлічвае на нашую чуйнасць», — чытаем у Паведамленні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, скіраваным да каталіцкай супольнасці з нагоды стыхійных бедстваў у Японіі. Іерархі заклікаюць духавенства і люд верны адгукнуцца на патрэбы ахвяраў землятрусу.
Тэкст паведамлення на польскай мове >>>
Паведамленне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Да духавенства, кансэкраваных асоб і ўсіх людзей добрай волі!
Апошнія падзеі, якія адбыліся ў Японіі, звяртаюць нашую ўвагу ў кірунку японскага народу. Менавіта там, у пятніцу 11 сакавіка гэтага года, адбыўся моцны землятрус. Хвалі цунамі змылі з паверхні зямлі тысячы дамоў разам з усім тым, што сустрэлі на сваім шляху. Сотні тысяч людзей засталіся без даху над галавой і якой-небудзь дапамогі. Сродкі масавай камунікацыі паведамляюць, што колькасць загінуўшых дасягае дзесяці тысяч і нават больш. Тыя, хто перажыў стыхію, падвержаны радыёактыўнаму ўздзеянню.
У сувязі з гэтымі падзеямі мы звяртаемся да вас, браты і сёстры, каб вы памяталі ў сваіх малітвах аб ахвярах гэтай катастрофы, як загінуўшых, так і жывых.
Сардэчна просім, каб вы таксама помнілі, што пацярпелыя людзі патрабуюць матэрыяльнай дапамогі, і аказалі яе, кожны паводле сваіх магчымасцяў. Так, як 25 гадоў таму пасля забруджвальнага выбуху Чарнобыльскай АЭС мы атрымалі дапамогу ад людзей неабыякавых да чалавечых пакут, таксама сёння японскі народ чакае нашай дапамогі.
Няхай нашая малітва і матэрыяльная дапамога будуць знакам хрысціянскай салідарнасці з тымі, хто разлічвае на нашую чуйнасць.
Каталіцкія Біскупы Беларусі
____________________
Паведамленне неабходна прачытаць ва ўсіх касцёлах і капліцах Беларусі 20 сакавіка 2011 г. Сабраныя ахвяраванні (спосаб вызначае пробашч) на гэтую мэту неабходна перадаць у дыяцэзіяльныя курыі да 30 сакавіка 2011 г.
Бп. Аляксандр Кашкевіч Старшыня ККББ |
Бп. Антоні Дзям’янка Генеральны сакратар ККББ Старшыня Рады па справах Дабрачыннасці, Міру і Справядлівасці |