Разам з тым, Святы Айцец прызначыў Яго Эксцэленцыю Антонія Дзям’янку, тытулярнага біскупа Лесвійскага і дапаможнага Мінска-Магілёўскага, Апостальскім Адміністратарам sede vacante i ad nutum Sanctae Sedis названай Мітрапалітальнай сталіцы.
Сёння ж біскуп Дзям’янка прыме высокую пасаду, даручаную яму Святым Айцом.
ІІ. Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтэк, Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп на пенсіі, якому 21 кастрычніка гэтага года споўніцца 92 гады, працягне выконваць абавязкі Пінскага Апостальскага Адміністратара ad nutum Sanctae Sedis.
ІІІ. Таксама сёння, 14 чэрвеня 2006 г., завяршаючы ХХІХ Пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, кардынал Казімір Свёнтэк папрасіў вызваліць яго ад пасады Старшыні названай Канферэнцыі ў сувязі з тым, што ён ужо не з’яўляецца дыяцэзіяльным біскупам (пар. Кодэкс Кананічнага Права, кан. 376). Вядома, што займаць пасаду Старшыні Канферэнцыі Епіскапату могуць толькі дыяцэзіяльныя біскупы і тыя, хто прыраўнаваны да іх у правах згодна з юрыдычнай нормай Кодэкса Кананічнага Права, кан. 381, § 2 (пар. Папская Камісія па аўтэнтычным перакладзе ККП, Адказ ад 23 мая 1988 г. AAS 81 [1989], с. 338; Notitiae 24 [1988], с. 669; Leges Ecclesiae, n. 5270).
У адпаведнасці з артыкулам 7 Статуту, тэрмін паўнамоцтваў Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі працягваецца тры гады. Гэтыя паўнамоцтвы могуць быць працягнутыя на наступны тэрмін у выніку тайнага галасавання на Пленарным пасяджэнні. Такая ж норма дзейнічае ў адносінах іншых пасадаў у Канферэнцыі, сярод якіх пасады Намесніка Старшыні і Генеральнага Сакратара. Пасады Старшыні, Намесніка Старшыні, Генеральнага Сакратара і іншых кіраўнікоў вызначаюцца Кодэксам Кананічнага Права і Статутам Канферэнцыі, а таксама падстатутнымі актамі.
Кардынал Казімір Свёнтэк быў абраны Старшынёю на Устаноўчым Сходзе 11 лютага 1999 г. У далейшым на ХІІ Пленарным пасяджэнні, якое адбылося 5 сакавіка 2002 г., і на ХХІІІ Пленарным пасяджэнні, якое адбылося 28 снежня 2004 г., яго паўнамоцтвы былі працягнутыя на два наступныя трохгадовыя тэрміны. Цяперашні, трэці тэрмін, павінен быў скончыцца 11 лютага 2008 г.
На Пленарным пасяджэнні пасада Старшыні была сёння даверана Яго Эксцэленцыі Аляксандру Кашкевічу, біскупу Гродзенскаму, які да гэтага часу з’яўляўся Намеснікам Старшыні. На згаданым Пасяджэнні пасада Намесніка Старшыні была даверана Яго Эксцэленцыі Уладзіславу Бліну, біскупу Віцебскаму.