[27 верасня 2005 г., Мінск]
У пасяджэнні прынялі ўдзел усе каталіцкія біскупы Беларусі на чале са старшынёй ККББ кс. кардыналам Казімірам Свёнткам. На пасяджэнні прысутнічаў Яго Эксцэленцыя арцыбіскуп Марцін Відавіч, нунцый Апостальскай Сталіцы, а таксама новапрызначаны сакратар нунцыятуры кс. пралат Е.М. Цудны.
Старшыня паінфармаваў прысутных, што Год Эўхарыстыі на Беларусі будзе працягвацца да 31 снежня 2005 г., а таксама аб тым, што на лістапад месяц апрацаваны і будуць выдадзены тэксты катэхезы і адарацый пра пакліканні.
Біскупы зацвердзілі дату правядзення сімпозіума, прысвечанага пакліканням. Ён адбудзецца 18–19 лістапада бягучага года ў Маладзечне.
Пастаноўлена таксама, што 3 лістапада г.г. ва ўсіх касцёлах Беларусі будуць служыцца святыя Імшы за памерлых – за святароў і за асобаў кансэкраваных.
Біскуп, адказны за агульнае душпастырства, прадставіў праграму на 2006 г., прысвечаную памяці Слугі Божага Яна Паўла ІІ і яго вучэнню.
Быў абмеркаваны план катэхетычных заняткаў для дзяцей і моладзі школьнага ўзросту.
Старшыня Канферэнцыі заахвоціў прысутных да далейшага збору матэрыялаў аб асобах, якія падчас пераследавання Касцёла далі сведчанне веры.
Старшыня перадаў усім членам Канферэнцыі апрацаваныя раней Нормы выступлення духоўных асобаў у мас-медыях.
Прысутныя былі паінфармаваныя аб удзеле прадстаўнікоў з Беларусі ў VII Пленарным Кангрэсе Камісіі Біскупаў Еўропы па справах медыяў, які адбыўся 15–18 верасня 2005 г. у Варшаве, а таксама аб тэмах, якія там абмяркоўваліся.
На пасяджэнні былі разгледжаны таксама іншыя пытанні аб душпастырскіх патрэбах Касцёла на Беларусі.
Біскуп Антоні Дзям’янка,
генеральны сакратар ККББ
генеральны сакратар ККББ