Пошук

06.03.2019 08:01   Тэкст: Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч / Catholic.by
Фота Аляксандры Шчыглінскай

6 сакавіка ў Каталіцкім Касцёле распачынаецца перыяд Вялікага посту. З традыцыйным пасланнем да вернікаў на Вялікі пост звярнуўся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

ПРАЗ ПУСТЫНЮ ДА ДУХОЎНАГА АДРАДЖЭННЯ
Пастырскае пасланне на Вялікі пост 2019 г.

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Па Божай волі ў Папяльцовую сераду абрадам пасыпання галоваў попелам мы распачалі Вялікі пост — час ласкі і навяртання. Гэты абрад вельмі сімвалічны, бо нагадвае пра нетрываласць нашага чалавечага існавання і скіроўвае наш позірк да вечнасці. Таму час Вялікага посту павінен стаць часам нашага духоўнага ўваскрашэння.

На пачатку гэтага літургічнага перыяду Касцёл вядзе нас у пустыню, дзе прадстаўляе змаганне Езуса з д’яблам (гл. Лк 4, 1–13).

Перад распачаццем сваёй публічнай дзейнасці Езус правёў сорак дзён у пустыні, дзе не толькі маліўся і пасціўся, але таксама павінен быў змагацца са злым духам. Такім чынам, пустыня стала для Езуса месцам асаблівага выпрабавання.

Таксама і мы павінны ўвайсці ў нашу пустыню, каб выказаць супраціў злому духу, сустрэцца з Міласэрным Хрыстом і ачысціцца ад сваіх грахоў з мэтай уваскрэснуць да новага духоўнага жыцця.

2. Сёння Бог, які імкнецца нас перамяніць, ставіць перад намі прыклад Хрыста, якога Дух прывёў у пустыню (пар. Лк 4, 1). У Святым Пісанні пустыня супрацьпастаўляецца райскаму саду і з’яўляецца сімвалам адсутнасці Божага благаслаўлення (гл. Быц 2, 5; Іс 6, 11). Пустыня — гэта таксама месца прабывання дэманаў, якія пагражаюць духоўнаму жыццю чалавека (гл. Мц 12, 43; Лк 11, 24).

У гісторыі выбранага народа пустыня непарыўна звязана з пераходам з егіпецкай няволі ў Зямлю Абяцаную (гл. Зых). Бог сорак гадоў вёў па пустыні народ «у зямлю, дзе цячэ малако і мёд» (Зых 33, 3). Знаходзячыся ў пустыні, з аднаго боку габрэі адчувалі клопат Бога пра сябе (гл. Зых 13, 21–22; 14, 19–30, 16, 4; 17, 5–6), а з іншага — сустракаліся з рознымі цяжкасцямі і спакусамі, у выніку чаго часам ім паддаваліся (гл. Зых 32, 1–8; Ліч 14, 1–10).

Падобную сітуацыю спазнаў і Езус. Ён таксама знаходзіўся ў пустыні, дзе на працягу сарака дзён пасціўся і маліўся і дзе Яго тройчы спакушаў д’ябал.

Найперш злы дух прапанаваў Езусу перамяніць камень у хлеб і такім чынам наталіць голад. Езус, нягледзячы на тое, што сапраўды быў аслаблены доўгім постам і адчуваў голад, рашуча адкінуў прапанову д’ябла, кажучы, што не хлебам адзіным жыве чалавек, але словам Божым, якое выходзіць з Божых вуснаў (пар. Лк 4, 3–4).

Адказваючы на першую спакусу злога духа, Езус узгадаў выпрабаванне, якое выбраны народ перажыў падчас выйсця з егіпецкай няволі, і пацвердзіў заклік захоўваць Божы закон, хадзіць вызначанымі Богам дарогамі і жыць у Яго боязі (гл. Дрг 8, 2–6).

Такі адказ Езуса не прадугледжвае поўнага адрачэння ад матэрыяльных патрэбаў, аднак пры гэтым у ім сцвярджаецца, што яны не з’яўляюцца істотнымі для збаўлення. Чалавек складаецца з цела і душы і таму патрабуе не толькі матэрыяльнай ежы, але і духоўнай, якой найперш ёсць Божае слова. Таму сутнасць чалавечага жыцця не толькі ў тым, каб задаволіць свае эгаістычныя патрабаванні, але каб выконваць Божую волю і жыць паводле Божага закону (гл. Лк 4, 4).

Нягледзячы на такі абгрунтаваны Пісаннем адказ, д’ябал не перастаў спакушаць Езуса і прапанаваў Яму ўсе валадарствы свету ўзамен за паклон яму. Злы дух стараўся схіліць Езуса да ідалапаклонства, як гэта не раз адбывалася з выбраным народам у пустыні, калі габрэі ўсхвалялі залатога цяльца замест таго, каб праслаўляць адзінага і сапраўднага Бога (гл. Зых 32, 1–6). На выпрабаванне ўладай Езус адказаў, што трэба служыць толькі аднаму Богу (гл. Лк 4, 5–8).

Аднак д’ябал не здаваўся і ў трэці раз спрабаваў спакусіць Езуса. Ён прапанаваў Яму кінуцца з верху святыні ўніз, каб анёлы Яго ўратавалі. Такім чынам злы дух схіляў Езуса спакусіць самога Бога з мэтай цудоўна ўратаваць сваё жыццё ад пэўнай смерці.

У пустыні выбраны народ таксама спакушаў Бога, выстаўляў Яго на выпрабаванне і патрабаваў ад Яго цудоўнай апекі (гл. Зых 17, 7). На спакусу д’ябла Езус станоўча адказаў, што нельга выпрабоўваць Бога (гл. Лк 4, 9–12). Такім чынам Ён даверыў свой лёс Яму.

Езус не паддаўся спакусам злога духа і так засведчыў, што Ён сапраўды з’яўляецца Божым Сынам, які цалкам адданы любячаму Богу.

З адказаў Езуса на прапановы злога духа можна зрабіць выснову, што абсалютная паслухмянасць Богу — гэта рэцэпт перамогі над д’яблам.

Евангеліст Лука кажа, што пасля трох спакусаў д’ябал адступіў ад Езуса, але толькі да часу (гл. Лк 4, 1–12). І так сталася. Пераможаны д’ябал як быццам знік, але ненадоўга. Ён хацеў перачакаць нейкі час, як быццам схавацца ў цені, быць не занадта далёка і шукаць новай магчымасці. Такая магчымасць з’явілася падчас малітвы Езуса ў Аліўным садзе, дзе д’ябал зноў Яго спакушаў (гл. Мц 26, 41).

3. Гісторыя паўтараецца, бо калі д’ябал спакушаў Езуса, то спакушае і чалавека. Больш за тое, мы жывем у часы, калі чалавек змагаецца з самой ідэяй існавання д’ябла. Мы акружаем сябе такімі камфортнымі паняццямі нашай веры, як бязмежная Божая любоў, Яго міласэрнасць, прабачэнне нябеснага Айца і г.д., так што часам нам цяжка ўявіць, што д’ябал можа існаваць.

Такое меркаванне вельмі небяспечнае, бо барацьба з тым, хто не існуе — гэта барацьба з ценем. А як вядома, у змаганні з ценем перамагчы немагчыма. Самым вялікім дасягненнем д’ябла з’яўляецца перакананне людзей у тым, што ён не існуе. Мы не павінны паддацца гэтай ідэі, каб не трапіць у пастку злога духа.

Калі перастанем усведамляць, што злы дух пануе ў свеце і пастаянна спакушае чалавека; калі не будзем прызнаваць, што жыццё верай — гэта пастаянная барацьба; калі не прымем таго, што зло, якое здараецца ў нашым жыцці, адбываецца не з Божай волі, а з’яўляецца справай злога духа, то не пераможам зла і застанемся без надзеі.

4. Чалавечае жыццё напоўнена спакусамі. Праз перамогу над імі мы імкнемся да дасканаласці. Таму ўсё нашае жыццё, асабістае і грамадскае, — гэта час барацьбы са злом.

Перамогу мы можам атрымаць толькі праз ачышчэнне нашага сумлення, якое адбываецца ў сакрамэнце пакаяння, чаму спрыяюць велікапосныя практыкі посту, малітвы і міласэрнасці.

Гэта тры фундаментальныя рэчы, якіх мы павінны прытрымлівацца падчас Вялікага посту, каб выйсці пераможцамі з барацьбы са злым духам у наш час, калі назіраецца нябачаная дагэтуль атака на прынцыпы Божага закону. Гэтая атака перадусім скіравана супраць сям’і як галоўнай клеткі і падмурку грамадства, супраць самага каштоўнага Божага дару жыцця і супраць тоеснасці самога чалавека, створанага паводле вобразу і падабенства Творцы, каб, захоўваючы Божы закон, ён будаваў шчасце на гэтай зямлі і дасягнуў шчаслівай вечнасці.

Секулярная ідэалогія паступова і мэтанакіравана прызвычайвае нас да ўяўленняў, якія не толькі змяняюць заснаваныя на хрысціянскім светапоглядзе традыцыйныя маральныя каштоўнасці нашага народа, але гэтыя змены імкнуцца зрабіць абавязковым законам.

Сведчаннем гэтаму могуць быць спробы легалізацыі гендарнай ідэалогіі, паводле якой чалавек выбірае сабе пол згодна з уплывам культурнага асяроддзя, у якім знаходзіцца, або што, напрыклад, мужчына пасля гарманальнага «лячэння» можа стаць жанчынай і наадварот.

Касцёл шмат разоў выказваўся супраць насілля ў сям’і як абсалютна непрымальнай з’явы. Аднак прапанаваны ў мінулым годзе праект Закона аб супрацьдзеянні хатняму насіллю абсалютна не ўлічвае яго згубныя маральныя наступствы.

На жаль, гэтыя і падобныя погляды падтрымліваюцца палітыкамі, а здаровы і маральна абгрунтаваны супраціў ім крытыкуецца і нават высмейваецца.

Таму нам неабходны рахунак сумлення, каб распазнаць свой духоўны стан. Для гэтага трэба задумацца над такімі аспектамі менталітэту сучаснага чалавека, як секулярызм і маральны рэлятывізм. У выніку гэтых феноменаў сучаснасці людзі жывуць так, як быццам Бог не існуе, або задавольваюцца нейкай туманнай рэлігійнасцю, якая не можа вырашыць ні праблем ісціны, ані дапамагчы аб’яднаць веру з жыццём. Сучасны чалавек таксама траціць пачуццё трансцэндэнтнасці свайго існавання і адкідае дадзеныя Богам этычныя прынцыпы. Усё часцей праяўляецца недахоп хрысціянскага распазнання дабра і зла.

Нездарма папа Францішак у сёлетнім Пасланні на Вялікі пост піша, што чалавек лічыць сябе «богам стварэння і валадаром свету», які выкарыстоўвае яго не ў адпаведнасці з воляй Творцы, але ў сваіх уласных інтарэсах, шкодзячы сабе, стварэнню і людзям. Тады перамагае логіка жадання мець усё і імгненна, а таксама як мага больш (пар. ПВП-19, 2).

У той жа час Другі Ватыканскі Сабор у Пастырскай канстытуцыі пра Касцёл у сучасным свеце Gaudium et spes — «Радасць і надзея» — вучыць:

«Адмаўляючыся прызнаць Бога сваім пачаткам, чалавек разбураў і належны парадак, што вядзе яго да канчатковай мэты, а таксама ўсё сваё стаўленне да самога сябе, да іншых людзей і да створанай рэчаіснасці.

Таму чалавек унутрана падзелены. З гэтай жа прычыны ўсё жыццё людзей, індывідуальнае і калектыўнае, уяўляецца як барацьба, прытым драматычная барацьба паміж дабром і злом, паміж святлом і цемрай.

Больш за тое, чалавек адкрывае, што сам па сабе ён няздольны эфектыўна змагацца са злом, так што кожны адчувае сябе як бы закутым у кайданы. Але сам Пан прыйшоў, каб вызваліць і ўзмацніць чалавека, унутрана аднаўляючы яго і выкідаючы прэч князя гэтага свету (пар. Ян 12, 31), які трымаў чалавека ў рабстве граху» (GS 13).

Усё гэта нагадвае пра складанасць і нават трагічнасць сітуацыі чалавека ў свеце. У выніку можа здавацца, што злы дух перамагае. Аднак гісторыя спакушэння Езуса ў пустыні — гэта не што іншае, як запаведзь перамогі над ім, якую Хрыстус атрымаў у пасхальнай таямніцы крыжовай смерці і ўваскрасення. Пры гэтым трэба адзначыць, што д’ябал не перастане нас спакушаць, бо зводзіць чалавека — гэта яго мэта.

Разам з тым неабходна памятаць, што хрысціянін з Божай дапамогай здольны не паддацца спакусам, пра што вельмі добра вучыць св. апостал Павел, які кажа: «Вы не былі выпрабаваныя па-над людскія сілы. Бог, які ёсць верным, не дазволіць выпрабоўваць вас больш, чым маеце сілы, але разам з выпрабаваннем дасць і выйсце, каб вы маглі вытрываць» (1 Кар 10, 13).

Таму неабходна карыстацца дапамогаю, якую Бог прапануе нам праз служэнне Касцёла. Неразумным трэба назваць чалавека, які топіцца і не хапаецца за ратавальны круг, які яму кідаюць з берага. Бог таксама працягвае нам руку паратунку падчас спакусаў, і мы павінны ўхапіцца за яе.

5. Вялікі пост, які мы распачынаем, — гэта час пакаяння, што павінна стаць навяртаннем.

Пакаянне не можа быць абстрактным. Устрыманне без канкрэтнай мэты становіцца мазахізмам — хваравітай схільнасцю атрымліваць задавальненне ад прыніжэння, насілля ці цярпення.

На самай справе пакаянне, якое робіць чалавека новым, заключаецца ў змене стылю жыцця. Калі мы заблукаем у дарозе, то не сядаем і не адчайваемся, але стараемся як мага хутчэй вярнуцца на адпаведны шлях, каб дасягнуць мэты свайго падарожжа. Падобна павінна быць і ў духоўным жыцці: неабходна вярнуцца на ўказаную Богам дарогу.

Велікапоснае пакаянне павінна весці да навяртання, каб паставіць нас на якасна новы шлях духоўнага жыцця з Хрыстом. А гэта магчыма тады, калі мы пад дзеяннем Святога Духа так будзем фармаваць нашае жыццё, каб разам са св. апосталам Паўлам маглі сказаць, што з ласкі Божай сталіся тымі, кім з’яўляемся, і ласка Ягоная, дадзеная нам, не была дарэмнаю (пар. 1 Кар 15, 10).

6. Дарагія браты і сёстры!

Вялікі пост — гэта дадзены нам Богам час у пустыні, каб распазнаць злога духа, яго справы і пустыя абяцанні з мэтай іх перамагчы.

«Вялікі пост» Сына Божага заключаўся ў тым, што Ён выйшаў у пустыню стварэння, каб вярнуць яго ў сад еднасці з Богам, які існаваў раней за грэх (гл. Мк 1, 12–13; Іс 51, 3). Пойдзем і мы гэтай сцежкай. Не дазволім, каб благаслаўлёны час быў змарнаваны, як вучыць папа Францішак (гл. ПВП-19, 3).

Пустыня — гэта месца без вады і жыцця, але адначасова гэта месца, дзе сярод пяскоў знаходзяцца аазісы, у якіх квітнее жыццё. Даверымся Богу і па прыкладзе Езуса адрачомся ад злога духа, каб нашыя душы з духоўнай пустыні ператварыліся ў квітнеючыя духоўным жыццём аазісы.

Давяраючы ўсіх вас апецы Марыі, якая вядзе нас праз пустыню нашага жыцця да свайго Сына, на час плённага перажывання Вялікага посту і духоўнай падрыхтоўкі да свята Пасхі ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 4 сакавіка 2019 г., ва ўспамін св. Казіміра

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

  1. II Ватыканскі Сабор. Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце Gaudium et spes (GS).
  2. Папа Францішак. Пасланне на Вялікі пост 2019 г. (ПВП-19).

P.S. Святарам належыць прачытаць гэтае Пасланне вернікам у першую нядзелю Вялікага посту 10 сакавіка 2019 г.

Версія для друку ТУТ>>>

Тэкст паслання па-польску ТУТ>>>

Абноўлена 06.03.2019 12:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця