Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі
з нагоды 1000-годдзя першага ўспаміну горада Брэста
Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры ў Хрысце Пану!
У гэтым годзе мы будзем адзначаць важны юбілей, звязаны з 1000-годдзем першага летапіснага ўспаміну горада Брэста — аднаго з найбольш старажытных у Беларусі. Гісторыя горада багатая на розныя падзеі, якія па-рознаму адлюстраваліся ў чалавечых лёсах.
Брэст — гэта першы горад у межах сучаснай Беларусі, які ў 1390 годзе атрымаў Магдэбургскае права. У 1495 годзе тут з’явіўся першы ў нашай краіне шпіталь, а ў 1553 — першая тыпаграфія, у якой было надрукавана нямала рэлігійных кніг.
Адметная рыса Брэста — унікальная рэлігійная гісторыя. Брэст вядомы ва ўсім свеце тым, што тут шукалі ўзаемаразумення і наладжвалі добрыя адносіны вернікі розных канфесій.
У 1596 годзе ў Брэсце была заключана унія паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой Рэчы Паспалітай. Ад 1723 да 1821 года ў горадзе дзейнічала каталіцкая духоўная семінарыя, якая падрыхтавала каля 200 святароў.
Ва ўсім свеце таксама вядомая гераічная абарона Брэсцкай крэпасці летам 1941 года. Тысячы турыстаў прыязджаюць сюды, каб дакрануцца да гісторыі. Перад вайной у Брэсце служыў славуты святар Пінскай дыяцэзіі ксёндз Вацлаў Пянткоўскі. З Брэстам, між іншым, звязана частка жыцця кардынала Казіміра Свёнтэка, колішняга пастыра Пінскай дыяцэзіі, і душпастыра кс. Станіслава Лазара.
Сёння ў Брэсце актыўна струменіць культурнае і духоўнае жыццё. У горадзе будуюцца новыя святыні. Як і ў даўнія часы, ідзе развіццё. У юбілейны год хрысціяне іншых канфесій атрымалі дазвол на пабудову святыняў.
Дарагія вернікі Пінскай дыяцэзіі, мы таксама не павінны заставацца ўбаку! Нам трэба прыкласці шмат намаганняў, каб і брэсцкія католікі мелі новы храм на 1000-годдзе юбілею горада.
Не так даўно ў Брэсце ўзніклі новыя парафіі, якія маюць патрэбу ў святынях. Адна з іх — парафія св. Казіміра.
Адпустовая ўрачыстасць у парафіі адбудзецца ў дзень успаміну яе апекуна — 4 сакавіка. Св. Казімір, каралевіч, у пэўным сэнсе з’яўляецца яшчэ адным апекуном нашай дыяцэзіі. Яму даводзілася бываць на гэтых землях падчас падарожжаў з Кракава ў Вільню, якія ён здзяйсняў, вырашаючы важныя дзяржаўныя справы. У многіх гарадах і мястэчках па дарозе яму даводзілася затрымлівацца. Можна дапусціць думку, што ў Брэсце св. Казімір таксама бываў.
Гэты вялікі апякун Літвы паходзіў са шматдзетнай сям’і, быў другім з шасці сыноў караля Казіміра Ягелона і Альжбеты. Бацькі паклапаціліся, каб Казімір быў выхаваны па-каталіцку. З самых ранніх гадоў ён адзначаўся вялікай пабожнасцю і любоўю да малітвы. Уся каралеўская сям’я штодзённа ўдзельнічала ў святой Імшы.
Да дзевяці гадоў будучы святы выхоўваўся пад матчынай апекай. Пасля выхаваўчыя клопаты прыняў на сябе бацька, які зрабіў усё, каб сын атрымаў належную адукацыю. Вучоба св. Казіміра прабягала пад наглядам славутага гісторыка Яна Длугаша, які так ахарактарызаваў свайго вучня: «Ён быў высакародным маладым чалавекам, меў выключныя здольнасці і годны памяці розум». Настаўнікам св. Казіміра быў таксама італьянскі гуманіст Калімах. Кажуць, што, знаходзячыся ў падарожжах, св. Казімір ні разу не прапускаў магчымасці наведваць касцёлы, каб там пакланіцца Пану Езусу ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.
Вельмі горача заахвочваю вас, дарагія вернікі дыяцэзіі, прыняць удзел у юбілейных урачыстасцях, звязаных з 1000-годдзем Брэста. А перадусім запрашаю на святкаванне ўрачыстасці св. Казіміра ў маладую брэсцкую парафію ў бліжэйшы панядзелак.
Парафіяне пакуль не маюць свайго касцёла. Таму мы будзем маліцца, каб ім чым хутчэй далі магчымасць пабудаваць храм на хвалу Пана.
Заахвочваю да ахвярнасці. Не простыя ў эканамічным плане часы мы перажываем. Але ж будуюць святыню не багатыя людзі, а веруючыя. Сустрэнемся разам на ўрачыстай святой Імшы, якая адбудзецца 4 сакавіка ў 19.00 па адрасе: г. Брэст, Варшаўская шаша, д. 41 (гатэль «Хілтан»).
Няхай добры Бог благаславіць Брэст! Няхай там няспынна развіваецца і квітнее хрысціянскае жыццё!
З пастырскім благаслаўленнем
+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Пінск, 1 сакавіка 2019 г.
Святарам Броэсцкай вобласці належыць давесці гэтае паведамленне да ведаму вернікаў падчас кожнай святой Імшы ў нядзелю 3 сакавіка і ў зручны час правесці асобны збор сродкаў на будаўніцтва юбілейнага касцёла ў Брэсце.