Пошук

13.01.2019 09:08   Catholic.by

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Пастырскае пасланне на 2019 год

СЯМ’Я — КРЫНІЦА РАДАСЦІ І НАДЗЕІ МОЛАДЗІ

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры.

1. Святы Ян Павел II на завяршэнне Сусветнай сустрэчы сям’яў 8 кастрычніка 1994 г. заклікаў сем’і, каб яны былі «радасцю і надзеяй».

Сям’я з’яўляецца галоўным элементам і падмуркам грамадства (пар. AL 11). Без адпаведнага падмурку нельга пабудаваць моцнага будынку. Бывае, што сцены новазбудаваных дамоў трэскаюцца. У чым прычына? У слабым фундаменце. Тое самае мы назіраем і ў грамадстве: калі яно не мае моцнага падмурку, то не з’яўляецца трывалым і салідным.

Падобнае правіла існуе і ў адносінах да чалавека, які павінен будаваць сваё жыццё на моцным падмурку, на скале, як кажа Хрыстус (пар. Лк 65, 48). Гэта асабліва адносіцца да моладзі як будучыні грамадства.

2. Касцёл занепакоены станам сучаснай сям’і, якая ўсё больш адыходзіць ад створанай Богам яе мадэлі як адзінага і непарушнага саюзу мужчыны і жанчыны для дабра сужэнцаў, нараджэння патомства і яго выхавання (пар. CIC 1055 § 1).

Пантыфікі св. Павел VI i св. Ян Павел II, а таксама Бэнэдыкт XVI і Францішак шмат увагі прысвяцілі сям’і, яе праблемам і пошуку іх вырашэння.

Перадусім неабходна згадаць прысвечаную маральным прынцыпам перадачы чалавечага жыцця энцыкліку св. Паўла VI Humanæ vitæ — «Чалавечае жыццё» і апостальскую адгартацыю св. Яна Паўла II Familiaris consortio — «Сямейная супольнасць» аб заданнях сям’і ў сучасным свеце.

Асаблівай увагі заслугоўвае яснае і бескампраміснае вучэнне папы Бэнэдыкта ХVI на тэму сям’і і Божага дару жыцця. З яго вучэння можна зрабіць выснову, што ніхто не можа ставіць пад пытанне тры наступныя рэчы:

  • разуменне сям’і як Богам устаноўленага адзінага і непарыўнага саюзу мужчыны і жанчыны;
  • захаванне Божага дару жыцця;
  • права бацькоў на рэлігійнае выхаванне дзяцей.

Папа Францішак прысвяціў сям’і ажно два Сіноды біскупаў у 2014 і 2015 гадах. У паслясінадальнай Апостальскай адгартацыі на тэму сям’і Аmoris lætitia — «Радасць любові» — ён вучыць, што сакрамэнт сужэнства не з’яўляецца сацыяльнай дамовай, пустым рытуалам або толькі знакам заручын. Гэта дар для асвячэння і збаўлення сужэнцаў. Таму сужэнцы адно для аднаго і для дзяцей з’яўляюцца сведкамі збаўлення, удзельнікамі якога сталі праз сакрамэнт сужэнства (пар. AL 72).

Прысвечаны моладзі, веры і распазнанню паклікання Сінод біскупаў, які адбыўся ў Ватыкане 3–28 кастрычніка 2018 г., таксама шмат увагі прысвяціў сям’і. Яго ўдзельнікі, між іншым, дзяліліся вынікамі сацыялагічных даследаванняў на тэму таго, што найбольш цікавіць моладзь. Абсалютная большасць маладых людзей адказала, што галоўнай каштоўнасцю для іх з’яўляецца сям’я.

Гэта азначае, што, нягледзячы на перажыванне крызісаў, моладзь на першае месца ў іерархіі каштоўнасцяў ставіць сям’ю. Пацвярджае гэта і папа Францішак, калі вучыць, што «імкненне да сям’і няспынна жыве, асабліва сярод маладых людзей, і матывуе Касцёл» (AL 1). Таму не ўсё страчана і неабходна інтэнсіфікаваць душпастырства сям’і, асабліва ў галіне выхавання маладога пакалення.

3. Занепакоеная станам беларускай сям’і і моладзі, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі 2019 пастырскі год прысвяціла сям’і як крыніцы радасці і надзеі маладога пакалення.

Між тым становішча маладога пакалення не выглядае найлепшым чынам. Беларусь перажывае дэмаграфічны крызіс, і існуюць вялікія праблемы ў маральным жыцці моладзі.

У апошнія гады натуральны прырост насельніцтва адмоўны. Толькі ў 2017 г. ён зменшыўся на 16800 чалавек. А за апошнія 25 гадоў колькасць насельніцтва Беларусі паменшылася на тры чвэрці міліёна.

Вялікай праблемай з’яўляецца міграцыя насельніцтва з вёскі ў горад, у выніку чаго гарады растуць, а вёскі пусцеюць. Сёння 78,1% насельніцтва жыве ў гарадах, а ў вёсках 21,9%. У 1950 г. усё было наадварот: 79% насельніцтва жыло на вёсцы і 21 % — у горадзе.

Нядаўна адзін старэйшы чалавек сказаў мне: «Некалі вуліцы нашай вёскі былі напоўнены дзецьмі. Паўсюль было чуваць іх голас і смех. У школе было поўна вучняў. Цяпер там не ўбачыш дзяцей і не пачуеш іх галасоў. Школа закрыта. У вёсцы засталіся адны пенсіянеры. Хутка яна зусім апусцее».

Калі да гэтага дадаць рост колькасці разводаў, адыход ад паняцця традыцыйнай сям’і, яе крохкасць, непавагу да Божага дару жыцця, прапаганду гендарнай ідэалогіі, ломку сямейных традыцый у імя існуючай дэструктыўнай моды, нарастанне канфліктаў паміж пакаленнямі, непрыняцце сучаснай культурай прынцыпаў традыцыйнай сямейнай маралі, бездухоўнае выхаванне моладзі і г.д., то сітуацыя выглядае трагічна.

4. Моладзь — гэта будучыня свету і надзея Касцёла, казаў св. Ян Павел IІ (пар. L’Osservatore Romano, 23–24 ottobre 1978, 2). Ад таго, якой будзе моладзь, такой будзе і наша будучыня.

Але маладое пакленне не прыходзіць з космаса. Яно нараджаецца ў сям’і і ў ёй выхоўваецца.

Фундаментальную ролю ў гэтым працэсе маюць адносіны паміж пакаленнямі, гэта азначае паміж дзецьмі, бацькамі, дзядулямі і бабулямі, а таксама ўнукамі. Дзеці вельмі ўспрымальныя да любові і клопату з боку старэйшых членаў сям’і. У іхнія сэрцы глыбока западаюць сямейныя сувязі. У той жа час рост разводаў, новыя саюзы, няпоўныя сем’і, сямейнае насілле і т.п. з’яўляюцца прычынай цярпення дзяцей і крызісу іх тоеснасці. У выніку дзеці нярэдка павінны выконваць неўласцівыя іх узросту абавязкі і рана становяцца дарослымі.

Разам з тым бацькі пакліканы адыгрываць асноватворную ролю ў фармаванні маладога чалавека, у тым ліку ў справе перадачы веры. Таксама дзядулі і бабулі з іх жыццёвай мудрасцю могуць ахвяраваць свой неацэнны ўнёсак у выхаванне ўнукаў. На жаль, у свеце сучаснай культуры, палітыкі і працы гэтая роля старэйшага пакалення далёка не заўсёды адпаведна ўспрымаецца.

У сучасным свеце ўсё часцей праяўляецца тэндэнцыя, калі бацькі не цікавяцца духоўным выхаваннем моладзі. Назіраецца свайго роду пераварот у адносінах паміж пакаленнямі. У глабальнай культуры індывідуалізму здараецца, што дарослыя бяруць прыклад са стылю жыцця маладых, у выніку чаго традыцыйны парадак ставіцца з ног на галаву. Праблема ў тым, што назіраецца працэс адыходу дарослых ад жыцця верай і што яны не цікавяцца перадачай фундаментальных каштоўнасцяў маладому пакаленню.

Праўда, што многія веруючыя бацькі клапоцяцца пра падрыхтоўку сваіх дзяцей да Першай споведзі і Камуніі. Але праўда таксама і тое, што яны недастаткова дбаюць пра далейшы працяг іх духоўнай фармацыі. У выніку колькасць дзяцей, якія пасля Першай Камуніі прымаюць удзел у далейшай катэхізацыі, моцна змяншаецца, хоць рабіць гэта неабходна.

Такім чынам, адносіны паміж маладым і старэйшым пакаленнямі рызыкуюць стаць чыста афектыўнымі, пазбаўленымі выхаваўчага і культурнага вымярэнняў. Разам з тым, як вучыць св. Ян Павел II, хрысціянская сям’я перадае веру, калі бацькі вучаць дзяцей маліцца і моляцца разам з імі (пар. FC 60), а таксама калі разам удзельнічаюць у сакрамэнтах, чытаюць Святое Пісанне і асвятляюць сямейнае жыццё святлом веры і праслаўляюць Бога, як кажа папа Бэнэдыкт XVI.

Гэтую праўду пацвярджае і досвед нашай краіны, бо падчас ганенняў на Касцёл вера захавалася дзякуючы сем’ям, дзе старэйшае пакаленне перадавала яе малодшаму.

Наступнай праблемай у выхаванні моладзі з’яўляецца паступовы адыход ад хрысціянскіх каранёў. У ажыццяўленні сваіх амбіцыйных планаў моладзь часта канцэнтруецца на матэрыяльных каштоўнасцях, спажывальніцтве, імкненні да ўлады і прыемнасцяў, не зважае на памяць аб мінулым, з якога паходзіць, і на культурную і духоўную спадчыну грамадства, у якім жыве. Дапамагчы ў гэтым павінна найперш сям’я і грамадства.

Разам з абавязкамі бацькоў і дзядуляў, важным элементам у перадачы веры і хрысціянскім выхаванні з’яўляюцца таксама адносіны паміж маладымі аднагодкамі, якія адбываюцца ў розных арганізаваных і нефармальных групах (пар. GFDV 13–15), у якіх закладзены як пазітыўны, так і негатыўны патэнцыял, на што павінны звяртаць увагу бацькі і Касцёл. Нельга забывацца аб прымаўцы: «З кім павядзешся, ад таго і набярэшся». Хацелася б, каб падрастаючае пакаленне і моладзь «набіралася» добрых звычаяў.

Сінод таксама вялікую ўвагу звярнуў на значэнне сям’і ў належным і адпаведным Божаму плану сексуальным выхаванні падрастаючага пакалення, што моцна ўплывае на развіццё яго хрысціянскай тоеснасці і распазнанне паклікання. Бацькі не павінны быць абыякавымі да выбару сваіх дзяцей.

Эксперты найчасцей пералічваюць наступныя цяжкасці пры распазнанні паклікання моладзі. Гэта жорсткасць, імпульсіўныя паводзіны, адсутнасць стабільнасці, недахоп любові да бліжняга і эмпатыі, зніжэнне эмацыйнай адчувальнасці, няздольнасць або празмерны страх пры ўсталяванні адносінаў.

Перад абліччам гэтых і іншых цяжкасцяў маладым людзям становіцца неабходнай дапамога бацькоў, Касцёла і грамадства, каб яны маглі распазнаць сваё пакліканне і не баяцца зрабіць адказны выбар жыццёвага шляху (пар. GFDV 16–18).

5. Практычныя высновы.

Зыходзячы з абвешчанага папам Францішкам прынцыпу, што «рэчаіснасць важнейшая за ідэю» (EG 231), мы павінны задумацца над тым, што канкрэтна можам зрабіць у гэтым кірунку.

  • Найперш неабходна з усёй сур’ёзнасцю рыхтавацца да стварэння сям’і. Трэба памятаць, што шлюб — гэта навечна, а не нейкая часовая прыгода: «не спадабаецца, то развядуся». Такі падыход не адпавядае Божаму плану.
  • Неабходна зрабіць усё магчымае, каб захаваць сям’ю ад распаду. «Без Мяне нічога не зможаце зрабіць» (пар. Ян 15, 5), кажа Хрыстус. Таму недастаткова толькі кансультацыі ў псіхолагаў, а патрэбная Божая ласка.
  • Неабходна таксама клапаціцца не толькі пра інтэлектуальнае, фізічнае і культурнае выхаванне, але і пра духоўнае выхаванне маладога пакалення. Тут вельмі важным з’яўляецца прыклад бацькоў, а менавіта сумесная малітва, удзел у набажэнствах, споведзь, св. Камунія, чытанне Святога Пісання і г.д. Рэлігійныя практыкі не могуць лічыцца перажыткам мінулага: яны павінны стаць жыццёвай неабходнасцю. Калі дзеці не бачаць бацькоў, якія моляцца і ўдзельнічаюць у сакрамэнтах, то і яны будуць паступаць падобна. Яблык падае недалёка ад яблыні.

6. Аднойчы журналісты спыталіся ў сужонкаў, якія святкавалі «залаты» юбілей шлюбу, як ім удалося пражыць у еднасці і ўзаемнай любові так доўга. Тыя адказалі, што і ў іх сумесным жыцці таксама былі цяжкасці, аднак яны былі выхаваныя ў той час, калі сапсаваную рэч не выкідвалі, а рамантавалі, і гэта ім дапамагло захаваць сужэнства непарушным. На жаль, сёння сапсаваную рэч звычайна не рамантуюць, а проста выкідваюць на сметніцу.

З Божаю дапамогаю неабходна «рамантаваць», калі так можна выказацца, сем’і, якія перажываюць крызісы. Касцёл можа быць такой рамонтнай майстэрняй. У Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі існуе Экспертная рада па справах абароны жыцця і сям’і, рэгулярна дзейнічае праграма «Сямейныя сустрэчы», а пры парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску — Цэнтр сям’і, дзе можна атрымаць кансультацыю і кваліфікаваную духоўную дапамогу. «Курсы сямейнага жыцця» рыхтуюць касцёльных спецыялістаў па пытаннях сям’і, і іх выпускнікі дапамагаюць у шматлікіх парафіях.

7. Папа Францішак аднойчы распавёў вельмі кранальную гісторыю. Падчас сустрэчы з дзецьмі да яго падышоў хлопчык, абняў і сказаў: «Папа, памаліся за мяне, бо ў нашай сям’і ніхто не моліцца. Раней малілася бабуля, але яна памерла і цяпер няма нікога, хто б маліўся са мной». Гэта быў крык малога дзіцяці, якое адчувала патрэбу ў малітве, але якому ніхто не дапамагаў.

Дарагія бацькі, уважліва паслухайце: можа, і ў вашых сем’ях гучаць падобныя крыкі вашых дзяцей?.. Услухайцеся, пачуйце іх і дапамажыце ім.

Няхай яны атрымліваюць не толькі інтэлектуальную, культурную і фізічную фармацыю, але і духоўную, якая з’яўляецца тым моцным падмуркам, на якім яны стануць будаваць сваю будучыню, каб сям’я для іх была крыніцай радасці і надзеі.

Давяраючы ўсіх вас апецы Святой Сям’і, ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Святога Духа. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі


Мінск, 13 студзеня 2019 г., свята Хросту Пана.

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

  1. II Ватыканскі Сабор. Пастырская канстытуцыя ў сучасным свеце Gaudium et spes (GS).
  2. Codex Iuris CanoniciKodeks Prawa Kanonicznego. Pallottinum 1984 (CIC).
  3. Ян Павел II. Апостальская адгартацыя Familiaris consortio (FC).
  4. Францішак. Апостальская адгартацыя Evagelii gaudium (EG).
  5. Францішак. Апостальская адгартацыя Amoris lаetitia (AL).
  6. L’Osservatore Romano, 23–24 ottobre 1978, 2.
  7. Sinodo dei Vescovі. XV Assemblea Generale Ordinaria. I giovani, la fede e il discernimento vocazionale. Città del Vaticano 2018 (GFDV).

P.S. Святарам належыць прачытаць гэтае пасланне вернікам 20 студзеня 2019 г.

Версія для друку ТУТ>>>

Тэкст Паслання па-польску ТУТ>>>

Абноўлена 06.02.2019 10:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця