Пошук

20.12.2018 09:35   Catholic.by

Пастырскі ліст
біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі
на Нараджэнне Пана 2018 года

«Слова сталася целам і пасялілася між намі» (Ян 1, 14)

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце!

Сёння Касцёл стаіць перад таямніцай Божай любові да чалавека. 2018 гадоў таму яна аб’явілася ў Бэтлееме ў ноч Нараджэння Пана. Першымі яе сведкамі сталі пастухі, якія «вартавалі ўначы свой статак» (пар. Лк 2, 8). Менавіта ім анёл звеставаў вялікую радасць: «нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан» (Лк 2, 11).

«І пайшлі яны, спяшаючыся, і знайшлі Марыю і Юзафа, і Немаўля, якое ляжала ў яслях» (пар. Лк 2, 16). Яны сталі сведкамі падзеі касмічнага маштабу. «Так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (пар. Ян 3, 16). Яны адкрылі на яе свае сэрцы, прынялі гэтую таямніцу ў духу веры і вярнуліся да ранейшых абавязкаў, «праслаўляючы і хвалячы Бога за ўсё, што пачулі і ўбачылі» (пар. Лк 2, 20).

Чаканне скончылася. Божае абяцанне здзейснілася. Прароцтвы споўніліся. Зямля ўбачыла свайго Збаўцу! Езус, Адвечнае Слова Бога, стаў чалавекам, прыняў Цела з Марыі Панны. Мы сёння становімся на калені перад гэтай праўдай з радасцю і ўдзячнасцю. Хрыстус-Бог стаў адным з нас. Бог стаў чалавекам, каб мы сталі Божымі дзецьмі. Дзякуючы Уцелаўленню Божага Сына кожны чалавек з моманту зачацця мае бясконцую годнасць і каштоўнасць.

У Божых вачах аднолькавую вартасць мае і зачатае дзіця ва ўлонні маці, і дарослы чалавек. Аднолькава варты перад Богам як псіхічна хворы чалавек, так і лаўрэат Нобелеўскай прэміі, жабрак і мільянер. Аднолькавую годнасць і вартасць маюць кітаец, беларус, яўрэй, рускі, немец і г.д. Чалавек годны з пункту гледжання сваёй натуры, якую пажадаў прыняць Езус Хрыстус. З моманту зачацця ажно да натуральнай смерці кожны чалавек мае натуральнае права на жыццё, дадзенае Богам.

Дарагія браты і сёстры! Бог прыйшоў на зямлю. Прыйшоў для таго, каб змяніць жыццё. Аднак толькі звычайныя пастухі, навучаныя анёламі, пакланіліся Яму. Моцныя гэтага свету не распазналі Яго, адкінулі свайго Бога. Гэтая трагедыя штораз паўтараецца ў гісторыі, у тым ліку і ў нашыя часы. Шмат людзей Бога не заўважылі, а многім Ён увогуле перашкаджае.

Быць можа, нават і сярод тых, хто перад святамі прыступілі да споведзі і сёння прыступяць да Камуніі, знойдуцца людзі, якія не да канца распазналі свайго Бога ў малым Дзіцяці.

Шмат каму цікавей разглядаць святочныя дэкарацыі, чым імкнуцца ўбачыць Нованароджанага Валадара Сусвету. А гэта Ён найважнейшы. Каля Яго знаходзяцца Маці і св. Юзаф. Да Яго прыйшлі пастухі, а потым Мудрацы з Усходу.

Ён — абяцаны Збаўца свету. «У свеце было Слова, і свет праз Яго стаўся, і свет не пазнаў Яго. Да свайго прыйшло, і свае Яго не прынялі. А тым, хто прыняў Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі, тым, хто верыць у імя Ягонае, хто не ад крыві, і не ад жадання цела, і не ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіўся» (пар. Ян 1, 10–13).

Дарагія браты і сёстры! Прыходзячы сёння на сустрэчу з Божым Дзіцем, будзем дзякаваць Яму за тое, што Ён стаў адным з нас. Стаў чалавекам, каб адарыць нас Божым жыццём. А ад Марыі павучымся даверу і паслухмянасці Богу. Будзем вучыцца слухаць голас Бога!

Умілаваныя! Каля стаенкі варта таксама асвяжыць памяць пра нашу традыцыю, бо Хрыстус вучыць нас любові да сям’і, супольнасці Касцёла і народа.

З таямніцы Божага Нараджэння вырастае ўся прыгажосць святочнай традыцыі: вігілійная вячэра, калядкі і пастаралкі, звычаі і абрады, якія будуюць нашу ідэнтычнасць, якія робяць нас католікамі.

Стоячы перад Нованароджаным, мы прагнем, каб гэтыя традыцыі не зніклі, каб нічога з іх не страціць. Нельга бескрытычна прымаць розныя навінкі, якія не маюць нічога агульнага з каталіцкім духам і рэлігійнымі каштоўнасцямі.

Напрыклад, доўгі час для многіх пакаленняў дзяцей важнае месца ў Адвэнце займаў св. Мікалай, біскуп з Мір. Цяпер яго вобраз усё больш закрывае іншы «Мікалай», супер-зорка і чарадзей, які прыязджае з далёкай Лапландыі на санях, запрэжаных у аленяў, і прывозіць падарункі. Але гэта прадукт масавай культуры, якую падтрымлівае рынак.

Ёсць і іншыя нехрысціянскія звычаі. Перадусім гэта т.зв. карпаратывы, падчас якіх не дзеляцца аплаткай. І ў іх адсутнічае рэлігійны элемент. Гэта сумныя прыклады вынішчэння масавай культурай рэлігійнага досведу.

Умілаваныя! Будзем чуваць каля стаенкі. Няхай гэтае чуванне стане своеасаблівай службай. Трывайце, браты і сёстры, у верным служэнні Касцёлу насуперак кпінам і нават здзекам.

Дарагія мамы, вучыцеся ў Марыі сталаму і поўнаму любові мацярынству. Прымайце з любоўю кожнае новае жыццё, якое пачынаецца пад вашым сэрцам. Ахініце яго сардэчнай любоўю і клопатам.

Бацькі, вучыцеся айцоўству ў св. Юзафа. Гэта ён ахінуў апекай Марыю і Яе нованароджанага Сына. Асоба св. Юзафа была прасякнута любоўю да Бога, а таксама паслухмянасцю Яму. Святы Юзаф з’яўляецца прыкладам сужэнскай і айцоўскай любові. Як жа гэта патрэбна цяпер!

Сужэнцы і нарачоныя, вучыцеся ў Святой Сям’і прыгожай і чыстай любові, бо толькі яна можа быць умацаваная прысутнасцю Хрыста і прынесці плён.

Браты і сёстры! Прынясем Нованароджанага ў сэрцах у свае дамы. Няхай Ён спыніць спрэчкі, умацуе любоў, вызваліць з кайданаў граху і напоўніць нас сапраўднай Божай радасцю.

Давайце не забывацца пра Яго і тады, калі час святаў скончыцца.

Я веру, што Нованароджанае Дзіця благаславіць вас у новым 2019 годзе. Няхай кожны дзень стане для вас магчымасцю адкрыць Бога, а ў Ім — паўнату шчасця.

Абноўлена 22.12.2018 13:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа