Паведамленне
біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі
вернікам Пінскай дыяцэзіі на актаву малітваў за памерлых 1–8 лістапада 2018 г.
Дарагія вернікі Пінскай дыяцэзіі,
дзень успаміну ўсіх памерлых вернікаў — гэта асаблівая нагода ўзгадаць і ўшанаваць тых, хто адышоў у вечнасць. Вядома, што не ўсе памерлыя адразу ідуць на неба. Некаторым неабходна прайсці праз чысцец. Наша вера падказвае, што там памерлыя ачышчаюцца ад таго, за што не паспелі адпакутаваць на зямлі. Малітва і ахвяра святой Імшы дапамагаюць ім у гэтым. Касцёл нічога не кажа наконт часу прабывання душаў у чыстцы, пра яго месцазнаходжанне ці пра тое, як адбываецца працэс збаўлення. Святы Аўгустын і многія іншыя хрысціянскія мысляры параўноўвалі чысцец да агню. Падобна таму, як агонь спальвае ўсё слабое і загартоўвае моцнае, так і чысцец знішчае наступствы грэшнасці чалавека, каб ён мог ачышчаным увайсці ў радасць неба.
Касцёл памятае пра памерлых на працягу ўсяго літургічнага года, але дзень 2 лістапада з’яўляецца асаблівым.
У гэты дзень можна атрымаць поўны адпуст і ахвяраваць яго за памерлых.
Таму важна скарыстаць з сакрамэнту пакаяння і паяднання, каб прыняць Хрыста ў святой Камуніі і быць падрыхтаваным да годнага прыняцця і ахвяравання ласкі адпусту за тых, хто адышоў у вечнасць. Тым больш, што перыяд атрымання адпусту ў гэты час працягваецца цэлую актаву — восем дзён.
Варта не забывацца пра духоўнае значэнне ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў, бо малітоўная памяць мае вялікую моц. Разам з тым нельга занядбоўваць і знешні выраз нашай памяці: знічы, кветкі і ўпарадкаванне могілак. У гэтыя дні мы пойдзем на месцы пахаванняў і прынагодную св. Імшу. Молячыся за памерлых, будзем памятаць, што такім чынам дапамагаем ім хутчэй дасягнуць неба.
Нашая малітва і сведчанне веры дае таксама надзею на тое, што калісьці і нам хтосьці дапаможа на шляху да неба.
2 лістапада мы наведваем магілы не толькі блізкіх нам людзей. Варта разам з дзецьмі прыйсці на магілы невядомых асобаў, якія аддалі жыццё за веру, Айчыну або сталі ахвярамі ваенных канфліктаў. Гэта можа быць добрай нагодай для таго, каб расказаць сваім дзецям пра гісторыю і заахвоціць памятаць пра спачылых: знаёмых і незнаёмых. Няхай выразам нашай памяці стане ўдзел у святой Імшы, а таксама малітва на ўпарадкаваных могілках з кветкамі і запаленымі знічамі.
Святы Аўгустын казаў: «Слёзы па памерлых высыхаюць, кветкі на магіле вянуць, а малітва дасягае сэрца Найвышэйшага». У жыцці кожнага з нас і ў жыцці кожнай сям’і з часам прыходзіць хвіліна, калі трэба стаць перад фактам смерці кагосьці з блізкіх і неабходнасцю пахавання. Гэта цяжкі, балючы і складаны момант. Няма нічога больш пэўнага, чым тое, што калісьці давядзецца памерці. Ад гэтага ніхто не свабодны і ніхто не ўцячэ.
Амерыканская паэтка ХІХ стагоддзя Эмілі Дзікінсан напісала:
«Тыя, каго мы любім, ніколі не паміраюць, таму што любоў — гэта несмяротнасць». Кіруючыся духам любові, мы ўсё жыццё памятаем пра нашых памерлых, а дні 1 і 2 лістапада, калі адзначаецца ўрачыстасць Усіх Святых і ўспамін усіх памерлых вернікаў, становяцца часам атрымання і ахвяравання адпустаў, наведвання могілак.
На месцы вечнага адпачынку важна паводзіць сябе адпаведна. Могілкі — гэта асаблівае і святое месца. Таму вельмі заахвочваю, каб не толькі на пачатку лістапада, але і ў іншыя дні мы дбалі пра тое, каб там панавала атмасфера спакою, роздуму, цішыні і малітвы. Вельмі цешыць факт, калі вернікі часта наведваюць магілы сваіх бацькоў, дзядуляў і бабуль, родных ці дзяцей. Упрыгожаныя помнікі і палаючыя знічы сведчаць, што памяць пра памерлых жывая, а нашая любоў да іх сягае па-за магілу. Няхай жа гэтая добрая практыка ў нас трывае.
Не адпавядае годнасці месца і не дазваляецца, каб на могілках быў чутны крык, шумныя размовы, смех ці зласлоўе. Недапушчальна таксама на могілках паліць цыгарэты, спажываць алкаголь, ездзіць на роварах, матацыклах, аўтамабілях і выгульваць сабак.
Няхай наш удзел у набажэнствах за памерлых рыхтуе нас саміх да важнай хвіліны сустрэчы з Богам тварам у твар.
Няхай нашыя могілкі заўсёды будуць прыгожымі, а іх выгляд сведчыць аб нашай веры і напоўненых удзячнай любоўю сэрцах. Нашыя памерлыя хацелі б нам сказаць і нагадаць: «Я быў такім, які і ты. А цяпер я такі, якім і ты будзеш». Таму, як сказаў святар і паэт Ян Твардоўскі, будзем «спяшацца любіць людзей, бо яны так хутка адыходзяць».
З пастырскім благаслаўленнем
+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Пінск, 22 кастрычніка 2018 г.
Тэкст паведамлення на беларускай і польскай мовах для друку ТУТ>>>