Дарагія браты і сёстры!
З 21 па 26 жніўня ў Дубліне (Ірландыя) прайшла ІХ Сусветная сустрэча сем’яў, на якую прыбыў таксама Святы Айцец Францішак. Гэта падзея аб’яднала дзясяткі тысяч людзей з усяго свету, якія разам маліліся і разважалі аб ролі і заданнях сучаснай сям’і ў справе евангелізацыі.
Мне таксама давялося там быць і я хацеў бы падзяліцца з вамі, умілаваныя дыяцэзіяне, некаторымі рэфлексіямі па выніках гэтай сустрэчы.
Перш за ўсё я звяртаюся да тых, хто стварыў сям’ю і дзякуе Богу за гады сумеснага жыцця або толькі збіраецца зрабіць гэта. Жнівеньскія дні ў Ірландыі, праведзеныя са Святым Айцом і шматлікімі вернікамі, своеасаблівым чынам заклікаюць задумацца над тым, наколькі вялікае значэнне ў жыцці Касцёла адыгрывае сям’я.
Сям’я – гэта супольнасць, на якую абапіраецца ўвесь паўсюдны Касцёл. Сям’я – гэта таксама вялікая сіла, здольная даваць свету сведчанне жыцця ў веры, еднасці і любові. Паводле вучэння ІІ Ватыканскага Сабору, сям’я з’яўляецца «школай найбольшай чалавечнасці» (Gaudium et spes, 52).
У нашыя дні неабходна нанова адкрыць сапраўдныя асновы сям’і і зразумець яе непрамінальнае значэнне. У гэтым нам можа дапамагчы Святое Пісанне. Яно ясна паказвае, што інстытут сям’і ўзнік па Божай волі на фундаменце саюзу мужчыны і жанчыны (пар. Быц 1, 27-28).
Гэты саюз з’яўляецца вынікам Божага благаслаўлення, а значыць сакрамэнтальным і непарыўным. Як жа важна, каб сучасны чалавек аб гэтым памятаў! У Еўропе цяпер назіраецца адыход не толькі ад базавых хрысціянскіх каштоўнасцей, але і ад натуральных законаў прыроды. Кожны з нас цудоўна разумее, што маецца на ўвазе. У такіх абставінах як ніколі патрэбна сведчанне здаровых сем’яў, гатовых дзяліцца сваёй хрысціянскай радасцю і любоўю з іншымі. Патрэбны мужны і рашучы адказ выклікам часу.
Касцёл знаходзіцца сёння перад выклікамі, якія нясе з сабою ідэалогія гендару. У межах гэтай сістэмы поглядаў не толькі традыцыйнае разуменне сям’і і сужэнства ставіцца пад сумніў, але і традыцыйнае разуменне палавой прыналежнасці. Яна вызначаецца ўжо не паводле біялагічных крытэрыяў, а на падставе таго, кім чалавек сам сябе хоча лічыць – мужчынам, жанчынай, чымсьці сярэднім і т.п.
Прывяду адзін прыклад. Кардынал Жан Луі Таран, які не так даўно адышоў у вечнасць, аднойчы браў удзел у канферэнцыі, арганізаванай ААН. На ёй абмяркоўваліся планы развіцця чалавецтва. З форуму кардынал вярнуўся моцна здзіўлены і ўзрушаны да глыбіні душы, бо ўдзельнікі канферэнцыі цэлы дзень думалі, колькі існуе палоў. І вырашылі, што… пяць.
Амаль ніхто не хацеў тады прыслухоўвацца да голасу Касцёла. З часу той канферэнцыі мінула больш за 20 гадоў. Сёння гэта вылілася ў выразную ідэалогію, якая навязваецца падрастаючаму пакаленню ў Еўропе.
Якім павінен быць наш адказ на выклікі сучаснасці? Перадусім, належыць выразна адкінуць пастулаты ідэалогіі гендару. Веруючы католік не можа згаджацца з хлуснёй. Кожны з нас мае абавязак бараніць біблійны, сапраўдны погляд на чалавека. Біблія выразна кажа: «Мужчынам і жанчынай стварыў іх…» (Быц 1, 27).
За гэтым у сваю чаргу ідзе абарона хрысціянскага погляду на сям’ю і практыкаванне духоўнага жыцця. Папа Францішак на сустрэчы ў Дубліне проста і прыгожа сказаў, што «хрысціянская сям’я і сямейнае жыццё могуць быць зразумелымі ва ўсёй іх прыгажосці і прыцягальнасці тады, калі будуць укаранёныя ў любові Бога, Які нас стварыў на сваё падабенства, каб мы маглі аддаваць Яму хвалу».
Нашы беларускія сем’і пакуль што трымаюцца традыцыйнага і здаровага погляду на ролю мужчыны і жанчыны, ролю і функцыі сям’і і г.д. Але расслабляцца нельга. Нам трэба чуваць і маліцца. Пры гэтым нельга паддавацца страху перад выклікамі небяспечных ідэалогій. Трэба даверыцца Богу, дзякаваць Яму і не змяняць таго, што Ім жа самім закладзена ад пачатку свету.
Будзем жа ўсе разам заклікаць: Сям’я, будзь такой, якой цябе хоча бачыць Бог! Чалавек, шукай сваё шчасце ў Богу! Мы можам не разумець многія рэчы. Шмат чаго ў свеце пераўзыходзіць нашыя магчымасці. Але нягледзячы ні на што неабходна моцна казаць: «Пане Божа, нам добра быць такімі, якімі ты нас стварыў. Нам хочацца ісці па дарозе, на якую Ты нас накіроўваеш». І не так важна, ці гэта дарога святарская, ці гэта дарога жыцця ў сям’і, ці гэта дарога жыцця ў манастве або самотнасці, бо добра будзе тады, калі па ёй мы пойдзем з Богам.
Так некалі вучыў першы біскуп Пінскай дыяцэзіі Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі. Падобна вучылі і іншыя пастыры Касцёла, асабліва святы Ян Павел ІІ, якога папа Францішак абвесціў апекуном сям’і. Заклікаю таксама ўсіх Вас да супольнай малітвы за нашы сем’і, за існуючыя і за тыя, якія паўстануць у будучыні. Дзякую вернікам, якія трываюць у тым, чаму навучае Касцёл і падтрымліваюць сем’і малітвай і справай. На далейшае трыванне ў вернасці Богу ад усяго сэрца ўсіх благаслаўляю
+ у імя Айца, Сына і Святога Духа.
+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Пінск, 20 верасня 2018 г.
Паважаныя святары абвесцяць вернікам гэты ліст падчас кожнай св. Імшы у нядзелю 30 верасня 2018 г. або выкарыстаюць яго змест у гаміліі. Ліст неабходна размясціць на дошцы аб’яў перад касцёлам да канца кастрычніка.