Дарагая моладзь! Наблізіўся час іспытаў: абітурыенты здаюць ЦТ, каб паступіць у ВНУ; студэнты здаюць сесію, каб атрымаць дыплом. Гарачы час.
У семінарыі я спадарожнічаю клерыкам, ды і сам здаў 18 сесій. Добра ведаю пра гэты гарачы час: мала сну, шмат кавы, нервы на мяжы, гадзіннік кудысьці ўвесь час бяжыць.
Некаторыя асабліва падчас сесіі прыгадваюць сваіх бабуль і дзядуляў. Чаму? Адна бабуля распавядала цікавую гісторыю:
«Дарагі ойча, — кажа. — Маю ўнучку, ёй ужо 21 год, але апошнія шэсць гадоў ад яе не было ніякай весткі — вучылася, не да бабулі было. А цяпер папрасіла мяне аб малітве — экзамены!»
Май — Марыйны час. Касцёл заклікае нас да малітвы Ларэтанскай Літаніяй праз заступніцтва Маці Божай. У Літаніі Марыю называюць Сталіцай Мудрасці. Але ці павінны мы толькі прасіць, чакаючы спаўнення Хрыстовых слоў: «прасіце, і будзе вам дадзена»?
Дарагі сябра! Трэба паставіць пытанне: чаго я хачу ад сесіі? Здаю яе, толькі каб мець спакой, ці здабываю веды, паказваючы іх на іспыце, бо яны прынясуць карысць супольнасці?
Каб быць добрым хірургам, настаўнікам, эканамістам ці духоўнай асобай, патрэбна матывацыя і гатоўнасць да ўзрастання ў «дабротах». Асноўны вораг на гэтым шляху — «халява». Заўсёды памятайце, для чаго вы паступілі, і не збочвайце.
Памятайце і пра «пакліканне». Ці молімся мы аб распазнанні сваёй жыццёвай дарогі? Бацькі раяць, просяць і дапамагаюць, але жыць і рэалізавацца — нам самім.
Любая моладзь! Заклікаю вас да асабістай малітвы ў распазнанні жыццёвага паклікання падчас маёвага набажэнства разам з Касцёлам, каб мець матывацыю здабываць веды, каб карыстацца імі пасля дзеля збаўлення, міру і дабрабыту народа.
Дарагія! Вашая прысутнасць на маёвых набажэнствах, ваша малітва праз Сталіцу Мудрасці — Панну Марыю — да трону Божага будзе знакам вашай хрысціянскай даросласці.
Будзьце ўпэўненыя, бабуля і дзядуля за вас заўсёды моляцца, незалежна ад таго, ці памятаеце вы пра іх.
Маці Божая, Сталіца Мудрасці, маліся за моладзь Беларусі!
З Богам!