«Свет корміць нас амаральнай ежай, а Бог хоча карміць здаровай. А зрабіць гэта можа толькі святар, які дзейнічае моцаю Езуса Хрыста. Усё залежыць ад цябе, малады чалавек, залежыць ад таго, ці ты адкажаш на голас Хрыста, які цябе кліча да святарства», — адзначае арцыбіскуп.
22 красавіка 2018 г.
Адказаць Богу «так»
Тэкст паслання на польскай мове>>>
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры, дарагая моладзь!
1. У Каталіцкім Касцёле IV Велікодная нядзеля называецца Нядзеляй Добрага Пастыра, калі мы асабліва молімся аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця. Сёлета ўжо ў 55-ы раз праводзіцца падобнае набажэнства.
Праблема пакліканняў з кожным годам становіцца ўсё больш актуальнай, а ў нашай краіне яна ўяўляе сабой існы парадокс. У часы ганенняў на веру ў нас было шмат жадаючых стаць святарамі, законнікамі і законніцамі, але не было семінарый і адсутнічала магчымасць манаскай фармацыі. Сёння, у часы свабоды веравызнання, усё наадварот. Ёсць дзве семінарыі, але вельмі мала кандыдатаў. Праблемнай выглядае справа паклікання да кансэкраванага жыцця, асабліва ў жаночыя манаскія супольнасці. Усё гэта прадказвае складаную сітуацыю Касцёла ў будучыні.
2. Евангелле вучыць, што нашым духоўным пастырам з’яўляецца сам Хрыстус і што Ён апякуецца намі, як сваімі авечкамі (пар. Мк 6, 34). Абвяшчаючы Божае Валадарства, Езус выкарыстоўваў зразумелыя людзям таго часу вобразы.
Гадоўля авечак была адным з самых галоўных заняткаў жыхароў Палесціны. У кожнай вёсцы было некалькі статкаў авечак, якіх на ноч замыкалі ў адным загоне. Ноччу вартаўнік аберагаў авечак ад злодзеяў і дзікіх жывёлаў. Раніцай прыходзілі пастухі, і кожны клікаў сваіх авечак па мянушцы. Пачуўшы голас свайго пастыра, яны абуджаліся і ішлі за ім, у той час як іншыя працягвалі мірна спаць.
Традыцыйна пастыры ішлі перад авечкамі і вялі іх сваім голасам, а не паганялі пугай ці кіем. У Палесціне пашы няшмат, таму прыходзілася пераводзіць авечак з аднаго месца ў іншае.
У авечак вельмі добра развіты слух, яны паслухмяныя свайму пастыру і поўнасцю давяраюць яму. Без пастыра статак сам не можа знайсці адпаведнай пашы і гіне. На жаль, авечкі маюць слабы зрок. З-за гэтага авечка ў любы момант можа заблудзіць, завязнуць у кустах ці ўпасці ў прорву. І толькі пастыр можа яе выратаваць.
Біблія вобразна называе людзей авечкамі, а Хрыста — пастырам. Пастыр і авечкі — гэта адна з найважнейшых метафар, якая дазваляе зразумець, кім з’яўляецца Езус і як Ён адносіцца да нас.
3. Сучасны амерыканскі каталіцкі публіцыст Джордж Вайгель кажа, што пакліканне нагадвае аб тым, кім з’яўляецца чалавек. Цягам свайго жыцця чалавек можа займацца рознай працай. Малады выпускнік універсітэта звычайна займае нязначнае становішча, але потым патроху, калі сам ікнецца да гэтага, уздымаецца па кар’ернай лесвіцы ўверх. Усё гэта, аднак, не тое, кім ён на самой справе з’яўляецца, але толькі тое, што ён робіць і чым займаецца.
Той самы малады чалавек з часам можа стаць мужам і бацькам. Муж і бацька, таксама як жонка і маці, — гэта не праца, але тое, кім яны з’яўляюцца. Гэта пакліканне. Нават калі іх дзеці заснуюць свае сем’і і пакінуць іх, яны застаюцца іх бацькамі.
Тое ж самае трэба сказаць і пра святарства. Гэта не прафесія і не праца, якую можна мяняць, падобна як людзі нярэдка мяняюць сваю працу. Святарства — гэта пакліканне. Пакліканы заўсёды з’яўляецца святаром.
2000 гадоў таму Хрыстус паклікаў апосталаў і сёння кліча святароў. Ён не кліча іх выконваць нейкую канкрэтную працу, але кліча быць Ягонымі вучнямі. Калі нашы чалавечыя абмежаванні і злыя схільнасці бяруць верх у нашым жыцці і мы паддаёмся злу, то гэтым самым пацвярджаем сваю непаслядоўнасць адносна нашага паклікання быць хрысціянамі. Мы губляем нашу хрысціянскую ідэнтычнасць, калі тое, што робім, адрознівае нас ад таго, кім мы з’яўляемся.
Але калі мы адказваем на заклік Хрыста быць хрысціянамі ва ўсіх нашых справах, то тады яны адлюстроўваюць наша ўнутранае жыццё, да якога мы пакліканы. Тады мы становімся тымі, якімі павінны быць.
Публіцыст Джордж Вайгель прыходзіць да высновы, што людзі, якія жывуць згодна са сваім пакліканнем, з’яўляюцца найбольш дынамічнай сілай у гісторыі. Не толькі іх жыццё становіцца гісторыяй, але яны самі становяцца гісторыяй Бога ў свеце. У гэтым крыецца сэнс каталіцкай веры. Мы павінны рабіць тое, што нам трэба рабіць, каб быць тымі, кім мы пакліканы быць (пар. http://frjoeshomilies.net/01-21-18.html).
4. Евангелле распавядае аб тым, што Езус паклікаў простых галілейскіх рыбакоў быць Яго апосталамі з мэтай абвяшчаць Божае слова людзям і весці іх шляхам збаўлення. Яны не былі вучонымі людзьмі, не належалі ні да якой рэлігійнай групы, не былі багатымі і не паходзілі з арыстакратычных сем’яў. Адным словам, яны былі звычайнымі людзьмі, якім не выказваўся асаблівы давер з боку іншых. І тым не менш, не багатых, не вучоных, не са знатных сем’яў, але іх выбраў Езус.
Усё гэта вядзе да высновы, што чалавек павінен засяроджвацца не над самім сабой і сваёй пазіцыяй у грамадстве, а над тым, кім яго можа ўчыніць Езус. Ён паклікаў галілейскіх рыбакоў, каб сталі «рыбакамі людзей». І яны сталі такімі.
5. Справу паклікання да святарства Езус пакінуў свайму Касцёлу. Трыдыцйна ў IV Велікодную нядзелю Добрага Пастыра Святы Айцец звяртаецца з адмысловым пасланнем да вернікаў. Сёлетняе пасланне папы Францішка канцэнтруецца на трох наступных элементах: слухаць, пазнаваць і жыць пакліканнем Пана. У ім Пантыфік падкрэслівае фундаментальную справу, што наш лёс не з’яўляецца вынікам выпадковасці або серыі хаатычных падзей, але, наадварот, наша жыццё і прысутнасць у свеце з’яўляюцца плёнам Божага паклікання.
У разнароднасці спецыфікі кожнага паклікання справа ідзе аб слуханні, распазнанні і жыцці Божым словам, каб мы былі інструментамі збаўлення.
Папа піша, што тры аспекты — слухаць, распазнаваць і жыць — уяўляюць сабой кантэкст пачатку місіі Езуса Хрыста, які пасля посту і малітвы ў пустыні наведвае сінагогу ў Назарэце, дзе ўслухоўваецца ў Божае слова, пазнае змест даверанай Яму Яго Нябесным Айцом місіі і аб’яўляе, што прыйшоў выканаць Божую волю (пар. Лк 4, 16-21). Падобна і мы павінны паступаць.
Напэўна, нялёгка ў гомане і клопатах сучаснага свету, які канцэнтруе сваю ўвагу больш на справах часовых, чым духоўных, пачуць голас клічучага Пана. Бог прыходзіць у цішыні і стрымана, не парушаючы нашай свабоды. Таму неабходна ўслухоўвацца ў Яго слова і вучыцца чытаць знакі часу вачыма веры, застаючыся адкрытымі на дзейнасць Святога Духа. Папа падкрэслівае, што не зможам адкрыць нашага паклікання, калі застанёмся закрытымі ў сабе саміх і ў сваім «я».
Божае Валадарства прыходзіць ціха і непрыкметна (пар. Лк 17, 21). Прыняць яго можна толькі тады, калі адкрыемся на незаўважаны подых Божага закліку.
У сінагозе ў Назарэце Езус, чытаючы словы прарока Ісаі, пазнаў змест сваёй місіі і аб’явіў яе прысутным: «Дух Пана на Мне, бо Ён намасціў Мяне абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім, паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным і сляпым вяртаць зрок, каб выпусціць спакутаваных на свабоду, каб абвясціць год ласкі Пана» (Лк 4, 18-19).
Падобна і мы можам адкрыць наша пакліканне праз духоўнае распазнанне, слухаючы голас Святога Духа. Кожны хрысціянін павінен развіваць уменне пазнання таго, да чаго яго кліча Бог, каб мог працягваць Яго місію.
Папа заклікае жыць дарам паклікання. Нельга адкладваць на заўтра, бо пакліканне з’яўляецца справай сённяшняга дня. Яно ніколі не споўніцца, калі не пойдзем на рызыку выбару. Езус у сінагозе ў Назарэце сказаў: «Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі» (Лк 4, 21).
Гэтае «сёння», аб якім кажа Езус, запэўнівае нас, што Бог пастаянна прыходзіць, каб збавіць і ўчыніць удзельнікамі Ягонай місіі. Калі адчуваем гэта, то павінны пайсці за Ім і аказаць: «Вось я, Пане, пашлі мяне» (пар. Іс 6, 8).
6. Евангелле распавядае, што, убачыўшы мноства людзей, Езус злітаваўся над імі, бо яны былі як авечкі без пастыра (пар. Мк 6, 34).Такой была сітуацыя ў Палесціне 2000 гадоў таму. Ці яна не паўтараецца ізноў у наш час? Ці не нам кажа Хрыстус, што авечкі могуць застацца без пастыра, бо колькасць пакліканняў імкліва памяншаецца?
Сучасная ежа і напоі далёка не заўсёды з’яўляюцца здаровымі. У той жа час вядома, што авечкі аддаюць перавагу праточнай вадзе, а не застаялай.
Падобна павінна быць і ў духоўным жыцці. Свет корміць нас амаральнай ежай, а Бог хоча карміць здаровай. А зрабіць гэта можа толькі святар, які дзейнічае моцаю Езуса Хрыста. Усё залежыць ад цябе, малады чалавек, залежыць ад таго, ці ты адкажаш на голас Хрыста, які цябе кліча да святарства.
Можа, мы думаем, што не з’яўляемся годнымі быць пакліканымі да святарства ці кансэкраванага жыцця. Трэба памятаць, што калі Бог кліча, то Ён і дае сілы да годнага выканання ўскладзеных на нас абавязкаў. У сувязі з гэтым папа Францішак кажа, што Езус не расчароўваецца ў нас, а толькі пытаецца: «Ці хочаш ісці за Мной і быць Маім вучнем?» (пар. https://ekai.pl/papiez-do-mlodych-peruwianczykow-jezus-jest-po-waszej-stronie-nie-traccie-nadziei/).
Заснавальніца найбольш вядомага ў свеце Сусветнага каталіцкага тэлебачання і радыё (EWTN) Маці Анджэліка распавядае пра сваю сустрэчу з маладым чалавекам, які адчуваў пакліканне, але не хацеў яго прыняць і адкінуў. Тады яна яму сказала, што не хацела б быць на яго месцы падчас Апошняга суду.
Гэта вельмі сур’ёзная перасцярога. Сапраўды, не прымаючы ласку паклікання, мы не згаджаемся з Божай воляй. Шлях жа да святасці і збаўлення ў яе выконванні!
З вялікім жалем трэба канстатаваць факт, што часам бацькі не дазваляюць сваім дзецям рэалізаваць пакліканне да святарства і кансэкраванага жыцця. Яны забараняюць ім паступаць у семінарыю ці станавіцца членамі манаскай супольнасці. З пачуццём адказнасці за Касцёл звяртаюся да вас, дарагія бацькі, не перашкаджайце сваім дзецям у ажыццяўленні іх мары і Божага плану адносна іх будучыні. Пакліканне — гэта ласка і дар пакліканаму і ўсяму Касцёлу.
Сацыялагічныя даследаванні ў Злучаных Штатах Амерыкі сведчаць аб тым, што каталіцкія святары належаць да найбольш шчаслівых і рэалізуючых свае жыццёвыя планы людзей (пар. http://www.pastores.pl/wydarzenia/959-ks-stephen-j-rossetti-dlaczego-ksia-s-szczliwi-raport-o-psychicznym-i-duchowym-zdrowiu-ksiy-tum-magda-sobolewska-wydawnictwo-bernardinum-bibliosteka-pastores-pelplin-2015-ss-34085).
Давяраючы ўсіх вас, асабліва пакліканых, Марыі, якая пачула Божае слова, прыняла яго і ім жыла, на шлях малітвы аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця, яго распазнання і прыняцця ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца + і Сына, і Духа Святога. Амэн.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск, 9 красавіка 2018 г.
Урачыстасць Звеставання Пана
Выкарыстаная літаратура:
1. Францішак, Пасланне на Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях 2018.
2. https://ekai.pl/papiez-do-mlodych-peruwianczykow-jezus-jest-po-waszej-stronie-nie-traccie-nadziei/.
3. http://www.pastores.pl/wydarzenia/959-ks-stephen-j-rossetti-dlaczego-ksia-s-szczliwi-raport-o-psychicznym-i-duchowym-zdrowiu-ksiy-tum-magda-sobolewska-wydawnictwo-bernardinum-bibliosteka-pastores-pelplin-2015-ss-34085.
4. http://frjoeshomilies.net/01-21-18.html.
P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае пасланне вернікам у IV Велікодную нядзелю, 22 красавіка 2018 г.