Пошук

29.03.2018 13:56   Catholic.by

«Жадаю вам святла Уваскрослага Пана. Хрыстус сапраўды ўваскрос! Аллелюя! Няхай жыццё ў еднасці з Тым, хто можа перамяніць слабасць у перамогу, прыніжанасць у хвалу і смерць у жыццё, будзе крыніцаю ўзрастання ў веры і святасці», — піша біскуп.

Спрадвечны Уладар найвышэйшы
І Збаўца ўсяго чалавецтва
Сваёй перамогай над смерцю
Нам даў ласку вечнага шчасця.
З Літургіі гадзінаў

Дарагія браты і сёстры, усе, хто верыць у Хрыста Уваскрослага! Сведкі пасхальнай радасці Касцёла! Будзем радавацца, бо Хрыстус сапраўды ўваскрос!

У велікодную раніцу разам з Марыяй Магдаленай і вучнямі Хрыста — Сымонам Пятром і Янам, «якога любіў Езус», — станем перад пустым гробам, у якім ляжала Цела Збаўцы. Пасля зняцця Езуса з крыжа адбылося пахаванне. Цяпер застаўся толькі Яго след — пахавальнае палатно. Прыслухаемся да цішыні пустой магілы — нямой сведкі той благаслаўлёнай ночы, «якая была годнай пазнаць час і гадзіну ўваскрасення Хрыста» (гімн Exultet).

У святле веры ва ўваскрасенне чалавечае існаванне напаўняецца сэнсам і выходзіць на новы ўзровень. Хрыстус уваскрос. Таксама і мы, сыны і дочкі Касцёла, якія праз хрост былі далучаныя да смерці і Уваскрасення нашага Пана, з’яўляемся сведкамі Яго Уваскрасення. У Эўхарыстычнай малітве падчас святой Імшы гучаць словы: «Абвяшчаем смерць Тваю, Пане Езу, вызнаём Тваё Уваскрасенне і чакаем Твайго прыйсця ў хвале». А сёння, у дзень, «які кожны з нас чакаў», нашу веру пацвярджаюць словы старажытнай велікоднай песні: «Хрыстус Уваскрослы супакой прынёс нам, радасць і збаўленне, душам суцяшэнне. Кірые элейсон». А кніга Дзеяў Апосталаў нагадвае нам, што Бог устанавіў Езуса «суддзёю жывых і памерлых» (Дз 10, 42). Такая наша вера! І ў гэтым мы перакананыя! Такая наша надзея! «Верым, што Езус сапраўды памёр і ўваскрос» (1 Тэс, 4, 14). Будзем жа дзяліцца гэтай праўдай з нашымі братамі і сёстрамі ў веры. У радасным воклічы «Аллелюя» мы чуем таксама галасы нашых продкаў, якія прывялі нас да Хрыста. Гэта голас пакаленняў, якія ўжо адыйшлі ў вечнасць з вераю ў тое, што «Той, хто ўваскрасіў Хрыста з памерлых, ажывіць і вашыя смяротныя целы Духам сваім» (Рым 8, 11).

Уваскрасенне азначае новае жыццё. Уваскрослы Хрыстус – гэта падмурак нашай веры і надзеі. Узгадаем, напрыклад, словы святога апостала Паўла: «Калі Хрыстус не ўваскрос, то марнае і прапаведаванне нашае, і вера ваша марная» (1 Кар 15, 14). Але Езус жыве! «Езус Хрыстус той самы ўчора, і сёння, і навекі» (Гбр 13, 8). Мы абвяшчаем хвалу пераможнага Адкупіцеля, які паўстаў з мёртвых. Ён перамог смерць, якая ўжо не мае над Ім улады (пар. Рым 6, 9). Уваскрослы Хрыстус — гэта крыніца надзеі, што і мы ўваскрэснем.

Дзякую вам, браты ў святарстве, рэкалекцыяністы, спаведнікі, за ажыццяўленне душпастырскай паслугі на шляху Вялікага посту. Дзякуючы вам многія вярнуліся ў Касцёл, нярэдка пасля доўгіх гадоў блуканняў. Дзякую за тое, што падтрымліваеце адзінства з біскупам, за вашу вернаць і любоў да Касцёла. У велікодную рэзурэкцыйную раніцу мы ідзём у радаснай працэсіі за Хрыстом Уваскрослым — Пераможцам смерці, пекла і шатана. Суправаджае нас у гэтым старажытны спеў Касцёла і Айчыны: «Праз Тваё святое Змёртвыхпаўстанне, Божы Сыне, дай нам грахоў адпушчэнне. Верым, што змёртвыхпаўстаў, жыццё нам дараваў, ад смерці вечнай захаваў. Аллелюя».

Умілаваныя дыяцэзіяне, браты і сёстры! На час велікодных святаў і дні, што настануць пасля іх, жадаю вам благаслаўлення Хрыста Уваскрослага, Яго святла і дапамогі. Няхай ззянне Праўды, якое выходзіць з пустога Гробу Пана, асветліць вашыя дамы, сем’і і працоўныя калектывы, дадасць дабра, спакою, любові і пашаны адзін да аднаго. Жадаю, каб у гэтыя дні кожны з вас узяў пастанову асабіста сустрэцца з Езусам. Святы Айцец Францішак нагадвае нам, што ніхто не можа лічыць сябе выключаным з радасці, якую прынёс нам Пан.

Мы патрабуем Цябе, Уваскрослы Пане, каб Ты благаславіў пажылых і спрацаваных, каб суцешыў хворых, пакрыўджаных, забытых, адзінокіх, вязняў і людзей «з перыферыі свету» (з прамовы папы Францішка). Няхай яны знойдуць супольнасць братэрства, дапамогі, эмпатыі, працягнутай рукі. Цябе, Уваскрослы Пане, патрабуюць нашыя сем’і – гэты хатні Касцёл, які вучыць маладое пакаленне любові да Бога і выхоўвае ў добрых звычаях. Цябе патрабуюць жыхары Пінскай дыяцэзіі ва ўсіх сферах — на працы, службе, у асабістым жыцці. Мы жывём надзеяй, што ўсё можам у Тым, хто нас узмацняе (пар. Флп 4, 13), і дзелімся гэтай надзеяй з іншымі, дадаючы ім адвагі і падымаючы на духу добрым словам, позіркам і канкрэтнымі ўчынкамі. Цябе, Уваскрослы Пане, патрабуе моладзь, вялікі скарб нашай зямлі, каб знайсці сабе годнае месца, адпаведнае сваім талентам, адукацыі і жыццёвым імкненням. Ты патрэбен святарам, кансэкраваным асобам, якія служаць як праваднікі на шляху збаўлення і малітвай абвяшчаюць хвалу Уваскрослага Пана. Благаславі, Пане, навучэнцаў нашай семінарыі ў Пінску, якія ў Велікодны перыяд разам з фарматарамі паедуць у Рым, каб сустрэцца са Святым Айцом Францішкам з нагоды 80-й гадавіны кананізацыі апекуна нашай дыяцэзіі — св. Андрэя Баболі, а таксама каб маліцца аб хутчэйшай беатыфікацыі Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага ў 100-ю гадавіну яго біскупскага пасвячэння.

Жадаю вам святла Уваскрослага Пана. Хрыстус сапраўды ўваскрос! Аллелюя! Няхай жыццё ў еднасці з Тым, хто можа перамяніць слабасць у перамогу, прыніжанасць у хвалу і смерць у жыццё, будзе крыніцаю ўзрастання ў веры і святасці. Няхай радасць і спакой — гэтыя дары Уваскрослага — дададуць сілы і будуць крыніцаю сведчання аб жыцці ў веры. Няхай Марыя, якая была пад крыжам разам са сваім Сынам, а цяпер прабывае з Ім у нябеснай хвале, будзе нашай правадніцай на шляху веры і даверу да Добрага Пана. Няхай на гэты час велікодных святаў Бог адорыць нас спакоем, радасцю і міласэрнасцю.

+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Шаноўныя святары абвесцяць вернікам гэты ліст у нядзелю 01.04.2018 г. на кожнай святой Імшы і размесцяць яго на прыкасцёльнай дошцы аб’яваў на ўвесь Велікодны перыяд.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа