«У Папяльцовую сераду, 14 лютага, Касцёл увайшоў у літургічны перыяд, які служыць таму, каб мы пастараліся яшчэ больш адкрыцца на Бога і іншага чалавека. Праз навяртанне сэрцаў мы пачынаем новую старонку ў асабістай гісторыі жыцця і гісторыі Касцёла, да супольнасці якога належым», — адзначае біскуп.
Дарагія дыяцэзіяне!
З 1 па 7 лютага каталіцкія біскупы Беларусі знаходзіліся з візітам ad limina Apostolorum (г.зн. да апостальскіх парогаў) у Ватыкане. Гэты візіт звычайна адбываецца кожныя пяць гадоў. У нас была магчымасць расказаць Святому Айцу пра сітуацыю Касцёла ў Беларусі, жыццём якога ён вельмі цікавіцца. Ад папы Францішка я прывёз для вас благаслаўленне.
Візіт Аd limina — гэта, між іншым, і пілігрымка ў Рым — калыску хрысціянства. У гэтым горадзе захаваліся месцы, звязаныя з жыццём першых хрысціянскіх супольнасцяў, магілы мучанікаў і слаўныя святыні, якія сведчаць аб трыумфе і моцы веры. Беларускія біскупы цэлебравалі святыя Імшы ў чатырох папскіх базыліках і маліліся на магілах святых апосталаў Пятра і Паўла. Гэта быў таксама час шматлікіх сустрэч. Перадусім была сустрэча з Папам, які нас уважліва слухаў і задаваў пытанні. Былі сустрэчы з памочнікамі Святога Айца – біскупамі і кардыналамі, якія каардынуюць розныя напрамкі развіцця Паўсюднага Касцёла. У паасобных кангрэгацыях уздымаліся пытанні, звязаныя з душпастырствам, фармацыяй духавенства, манаскімі супольнасцямі, экуменічным супрацоўніцтвам паміж хрысціянскімі канфесіямі і многім іншым. Біскупы наведалі шэраг новых дыкастэрый, заснаваных папам Францішкам.
Амаль адразу пасля чарговага падвядзення вынікаў развіцця Касцёла ў Беларусі ў межах наведвання біскупамі Апостальскай Сталіцы мы распачалі Вялікі пост. У Папяльцовую сераду, 14 лютага, Касцёл увайшоў у літургічны перыяд, які служыць таму, каб мы пастараліся яшчэ больш адкрыцца на Бога і іншага чалавека. Праз навяртанне сэрцаў мы пачынаем новую старонку ў асабістай гісторыі жыцця і гісторыі Касцёла, да супольнасці якога належым. Папа Францішак у гэтым годзе заахвочвае нас узброіцца постам, малітваю і ўчынкамі міласэрнасці для таго, каб змагацца са спакусамі і грахамі, асабліва з распаўсюджанымі ў сучасным свеце хлуснёю і хцівасцю. Спасылаючыся на словы з Евангелля паводле Мацвея, Святы Айцец перасцерагае, што з-за памнажэння беззаконня многія могуць астыць у любові (пар. Мц 24, 12). Каб гэтага не адбылося, трэба маліцца, адкрываючы сэрцы і вушы на голас любячага Айца. Трэба посціць, каб зразумець, як няшмат чалавеку патрэбна для шчасця. І ўрэшце, варта дзяліцца з бліжнім сваімі дабротамі, бо гэта прыносіць сапраўдную радасць.
Дарагія святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі Пінскай дыяцэзіі! Жадаю вам не астыць у любові, а палаць ёю яшчэ больш. Няхай вашым духоўным намаганням і пастановам у Вялікім посце спадарожнічае благаслаўленне Усемагутнага Бога
+ Айца і Сына, і Духа Святога.
+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Пінск, 14.02.2018 г.
Паважаныя святары абвесцяць вернікам гэты зварот падчас кожнай святой Імшы ў I нядзелю Вялікага посту, 18 лютага 2018 г., а таксама размесцяць на дошцы аб’яў перад касцёлам да канца перыяду Вялікага посту.