«Няхай заклік Езуса да пакаяння, навяртання і веры ў Евангелле (пар. Мк 1, 15) стане праграмай нашага штодзённага жыцця, асабліва ў Вялікі пост, каб дзень Пасхі — 1 красавіка — мы святкавалі не толькі як дзень успаміну перамогі Хрыста над смерцю і грахом, але і як свята нашай асабістай перамогі над злом», — піша Мітрапаліт.
Кайцеся і верце ў Евангелле (Мк 1, 15)
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!
1. Езус распачаў сваю публічную дзейнасць абвяшчэння Божага Валадарства пасля саракадзённага посту і малітвы ў пустыні, дзе злы дух Яго спакушаў. Як праграму нашага жыцця Ён пакінуў нам свой заклік да пакаяння і веры ў Евангелле (пар. Мк 1, 12-15).
Кожны з нас ведае, што грашыць, і таму павінен навяртацца. Святы апостал Ян вельмі катэгарычны ў гэтай справе. Ён вучыць, што той, хто кажа, што не грашыць, ашуквае самога сябе і ў ім няма праўды (пар. 1 Ян 1, 8-10). Праблемай сучаснага чалавека з’яўляецца тое, што ён страціў пачуццё граху і таму лічыць, што не мае патрэбы навяртацца.
Аднак гэта не так. Зачынім памяшканне і вернемся ў яго праз некалькі тыдняў. Мы будзем пісаць пальцам па стале, бо на ім асядзе шмат пылу. Падобна і з нашай душой: калі не грахоўная гразь, то пыл асядае там, і яго трэба змываць. А зрабіць гэта можна толькі праз сакрамэнт пакаяння, да якога нас заклікае ўся атмасфера Вялікага посту. Гэта спецыяльна падабраныя чытанні, якія дапамагаюць нам праз прызму Святога Духа і вучэння Касцёла зазірнуць у сваю душу і ацаніць яе духоўны стан. Гэта велікапосныя набажэнствы Крыжовага шляху і Песняў жальбы. Гэта пакутныя набажэнствы і рэкалекцыі.
Яны дапамагаюць нам стаць перад люстэркам Божага закону і паглядзець, ці наша жыццё адпавядае яму. Мы часта глядзім у люстэрка, каб ведаць, як выглядаем. Яно ніколі не падмане і заўсёды скажа праўду. Таксама калі мы ва ўсёй праўдзе станем перад Божым законам, то заўважым свае памылкі і недахопы, каб ведаць, што неабходна змяніць.
2. Кожны кіроўца ведае, што такое сервісная кніжка тэхнічнага агляду. Каб можна было эксплуатаваць аўтамабіль, ён павінен быць у добрым стане. Менавіта для гэтага аўтамабіль павінен рэгулярна праходзіць тэхнічны агляд, каб ведаць яго тэхнічны стан. Калі падчас агляду выявяцца непаладкі, то іх трэба выправіць, бо інакш аўтамабіль не будзе дапушчаны да эксплуатацыі.
Калі нават мы не хварэем і нам здаецца, што мы здаровыя, тым не менш час ад часу мы мы ідзём да ўрача, каб спраўдзіў стан нашага здароўя, праверыў ціск, халестэрын і іншыя паказальнікі, бо яны могуць паказаць, што не ўсё добра з нашым здароўем, хаця мы гэтага, можа, і не адчуваем.
Як патрэбны тэхагляд аўтамабіля ці кантроль стану нашага здароўя, таксама патрэбны і кантроль стану нашай душы. Вялікі пост якраз і з’яўляецца найбольш адпаведным часам для гэтага. Таму неабходна затрымацца і засяродзіцца над сваім духоўным жыццём.
3. Сучасны чалавек, нягледзячы на хуткія аўтамабілі, цягнікі і самалёты, шматфункцыйныя тэлефоны і інтэрнэт, нікуды не паспявае і ніколі не мае часу. У штодзённай мітусні розных заняткаў і абавязкаў ён не мае часу на малітву, на нядзельную і святочную Імшу, на споведзь і г.д., не кажучы ўжо аб тым, што не засяроджваецца над сваім духоўным жыццём.
Аднак, як кажа Езус, не адзіным хлебам жыве чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых (пар. Мц 4, 4). Гэтыя словы Хрыста заклікаюць нас думаць не толькі пра штодзённы хлеб, але і пра духоўны. На жаль, сучасны чалавек часта забываецца аб гэтым. Яго найбольш цікавіць багацце, задавальненні і імкненне да ўлады ці лепшай пасады і да т.п.
Не імкнучыся да духоўнага ўдасканалення, ён лёгка трапляе ў рознага кшталту залежнасці і застаецца ў іх, часам нават не стараецца з іх выйсці. Ён не цікавіцца нічым, не ведае мэты і сэнсу свайго жыцця, проста жыве так, як усе жывуць, плыве па цячэнні.
Кожны спартсмен ведае, што, каб удасканаліцца і стаць алімпійскім чэмпіёнам, неабходна ўвесь час падымаць планку патрабаванняў да сябе. Плыць па цячэнні значна лягчэй, чым супраць. Але куды нас занясе рака? У мора. А ці выплывем з яго? Напэўна, не.
Гэтак жа і са стратай пачуцця граху. Шлях ад лёгкага граху да смяротнага вельмі кароткі, і можам не заўважыць, як апынёмся ў яго пастцы.
Адна гісторыя распавядае пра тое, як па вёсцы на кані хутка імчыць вершнік. Сябар пытацца ў яго, куды ён так спяшаецца. Той адказвае, што не ведае, бо трэба спытацца ў каня. Ці гэта не вобраз сучаснага свету? Мы спяшаемся і не ведаем, куды.
4. Таму нам неабходна знайсці час, каб зысці з гэтага каня нашага жыцця, затрымацца і задумацца аб сваім жыцці. Трэба зрабіць перапынак у шалёнай гонцы нашага часу і выйсці ў пустыню, дзе няма месца, каб схавацца. Трэба стаць ва ўсёй праўдзе пра сябе перад Богам, каб зразумець свой грэх і са скрухай сказаць, што зграшыў я супраць Бога, Касцёла і бліжняга.
Урач перад тым, як выпісвае лекі, даследуе стан здароўя чалавека. Таксама і нам неабходна зрабіць рэнтген нашай душы, каб выявіць яе хваробы і ўжыць адпаведныя духоўныя лекі. Гэтаму даследванню нашай душы вельмі добра спрыяе Вялікі пост.
5. У першай малітве сённяшняй святой Імшы чытаем, што Вялікі пост з’яўляецца сакрамэнтальным знакам нашага навяртання. Ён абвяшчае і ажыццяўляе магчымасць вяртання да Бога ў час, калі фальшывыя прарокі ўводзяць многіх людзей у зман і скажаюць сутнасць Евангелля, як падкрэслівае папа Францішак у сёлетнім велікапосным пасланні.
Гэтымі фальшывымі прарокамі з’яўляюцца тэндэнцыі сучаснага секулярнага свету. Колькі людзей падмануты прынадай часовага задавальнення, пасля чаго часта наступае роспач. Колькі жыве ілюзорнай ідэяй, што багацце з’яўляецца сапраўдным шчасцем, хаця на самой справе яно робіць іх рабамі прыбытку. Колькі думае, што з’яўляюцца самадастатковымі, і ў той жа час застаюцца самотнымі.
Чалавеку, які знаходзіцца ў складанай сітуацыі, асабліва маладому, яны прапануюць сродкі хуткай дапамогі, калі так можна выказацца. Імі з’яўляюцца алкаголь, наркотыкі, несумленны заробак, секс і да т.п. Усё больш людзей, асабліва маладых, жыве віртуальным жыццём, якое на самой справе не мае ніякага сэнсу. Усё гэта адбірае годнасць у чалавека, як створанай па Божым вобразе і падабенстве свабоднай асобы, і робіць з яго нявольніка.
Праблемай сучаснага свету таксама з’яўляецца ўсё большае праяўленне эгаізму і недахоп любові да бліжняга, што не спрыяе будаванню шчаслівага жыцця.
Усё гэта не што іншае, як дзейнасць злога духа, які зло прадстаўляе як дабро, a фальш — як праўду з мэтай падмануць чалавека. Таму Касцёл заклікае нас правяраць саміх сябе, ці не пагражае нам такая пагроза. У сувязі з гэтым папа Францішак у сёлетнім Пасланні на Вялікі пост заклікае распазнаваць тое, што пакідае ў нас добры і трывалы след, бо паходзіць ад Бога і служыць нашаму дабру.
6. Як лекі ад такіх і падобных анамалій нашага жыцця Касцёл прапануе тры велікапосныя практыкі: малітву, міласціну і пост.
Будучы размовай з Богам, малітва дапамагае нам адкрыць схаваныя падманы, якімі ашукваем саміх сябе, каб шукаць суцяшэння ў Богу, як вучыць папа Бэнэдыкт XVI (пар. SS 33).
Міласціна аберагае ад хцівасці і дапамагае адкрыць праўду, што іншы чалавек з’яўляецца нашым братам ці сястрой. Гэта знак міласэрнасці да тых, хто знаходзіцца ў складанай сітуацыі, а міласэрныя будуць шчаслівымі, бо спазнаюць міласэрнасць (пар. Мц 5, 7). Заахвочваю вернікаў сваімі ахвярамі падтрымліваць, як на дыяцэзіяльным, так і на парафіяльным узроўні, дабрачынную арганізацыю «Карытас», якая, дапамагаючы патрабуючым, на практыцы ажыццяўляе наказ Езуса любіць бліжняга, як самога сябе (пар. Ян 13, 34).
Пост, з аднаго боку, дапамагае нам лепей зразумець, што адчуваюць тыя, каму не хапае самага неабходнага. З іншага боку, ён выяўляе стан нашага духу, які патрабуе дабра і боскага жыцця. Пост нас абуджае і натхняе да большай чуласці да Бога і бліжняга.
Вартай увагі з’яўляецца думка св. Яна Хрызастома, што пост цела — гэта ежа для душы, і як немагчыма, каб агонь гарэў у вадзе, таксама немагчыма пакаянне без посту (пар. https://vk.com/topic-7602563_16454134?offset=0).
Вялікай праблемай сучаснага свету з’яўляецца захоўванне міру, аб чым вельмі добра сведчыць сітуацыя ва Украіне, дзе з 2014 года трываюць ваенныя дзеянні. Занепакоены такой сітуацыяй, папа Францішак заклікае ўсіх вернікаў прыняць удзел у спецыяльным Дні малітваў і посту ў інтэнцыі міру — 23 лютага гг. (пар. http://archwwa.pl/wiadomosci/papiez-oglosil-dzien-modlitwy-i-postu-w-intencji-pokoju/). Заахвочваю вас, дарагія браты і сёстры, услухацца ў голас наступніка св. Пятра і ахвяраваць пост і малітвы гэтага дня ў інтэнцыі міру.
7. Такім чынам, час, які распачынаем, павінен стаць часам малітвы, міласціны і посту з мэтай вызвалення з палону граху і высілкаў у галіне ўсталявання трывалага міру. Гэта час паслухмянасці Божай волі і самадысцыпліны з мэтай утаймавання нашых жаданняў, духоўнага ўдасканалення, а таксама клопату аб збаўленні іншых.
Гэта ўсё азначае, што велікапосныя практыкі дапамагаюць нам у развіцці імунітэту ад небяспечных сучасных духоўных вірусаў. Дапамагаюць яны таксама адказаць на пытанне: «Што я раблю для навяртання майго і маіх блізкіх?» Так, мы адказныя не толькі за сваё духоўнае жыццё, але і за іншых, асабліва тых, хто не ведае Бога і не верыць у Яго.
Падчас Пасхальнай вігіліі святар уносіць пасхальную свечку — пасхал — у касцёл і тройчы спявае: «Святло Хрыста». Гэтым самым ён выказвае праўду аб тым, што святло Хрыста нас асвятляе. Мы радуемся гэтаму. Але ці не баліць наша сэрца з-за таго, што многія вакол нас яшчэ не ведаюць Збаўцы і Яго Евангелля?
8. Вялікі пост праз малітву, міласціну і пост, а таксама праз традыцыйныя велікапосныя практыкі Крыжовага шляху, Песняў жальбы, пакутных набажэнстваў, рэкалекцый і да т.п. вядзе нас да Пасхальнай таямніцы крыжовай смерці і ўваскрасення Езуса, якой было збаўлена чалавецтва.
Традыцыйна ў Вялікі пост у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбываецца папулярнае велікапоснае чуванне моладзі.
Святы Айцец Францішак выступіў з акцыяй «24 гадзіны для Пана», у якой заахвочвае, каб сакрамэнт паяднання цэлебраваўся ў кантэксце адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. З волі Папы гэтая падзея адбудзецца ў Паўсюдным Касцёле 9-10 сакавіка гг. Яе дэвіз — «Ты ўдзяляеш прабачэнне» (Пс 130, 4).
З гэтай нагоды адмысловыя набажэнствы моладзі, спалучаныя з велікапосным чуваннем, адбудуцца 9-10 сакавіка ў мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і ў магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава. Гэта будзе добрая нагода як для адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, так і споведзі, а таксама для правядзення адмысловай моладзевай праграмы. Сардэчна запрашаю ўсіх прыняць удзел у гэтых набажэнствах.
9. Сёлетні пастырскі год у Беларусі прысвечаны моладзі як надзеі Касцёла і грамадства. Заахвочваю вернікаў падчас Вялікага посту памятаць і маліцца за моладзь, якая мае шмат спакусаў і выпрабаванняў, каб мела сілы належным чынам адказаць на іх і не трапіла ў пасткі ілюзорнага шчасця.
Няхай заклік Езуса да пакаяння, навяртання і веры ў Евангелле (пар. Мк 1, 15) стане праграмай нашага штодзённага жыцця, асабліва ў Вялікі пост, каб дзень Пасхі — 1 красавіка — мы святкавалі не толькі як дзень успаміну перамогі Хрыста над смерцю і грахом, але і як свята нашай асабістай перамогі над злом.
Даручаючы ўсіх вас апецы Марыі, Маці міласэрнасці і прытулку грэшнікаў, ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск–Рым,
2 лютага 2018 г.
Свята Ахвяравання Езуса
ў Ерузалемскай святыні
Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:
1. Бэнэдыкт XVI. Энцыкліка «Spe salvi» (SS).
2. Францішак, Пасланне на Вялікі пост 2018.
3. https://vk.com/topic-7602563_16454134?offset=0.
4. http://archwwa.pl/wiadomosci/papiez-oglosil-dzien-modlitwy-i-postu-w-intencji-pokoju/.
P.S. Паважаныя святары няхай прачытаюць гэтае Пасланне вернікам у Першую нядзелю Вялікага посту, 18 лютага 2018 г.