«Сусветныя тэндэнцыі пашырэння працэсаў міграцыі, аб чым узгадвае Папа ў сваім Пасланні, заклікаюць нас быць гатовымі не толькі матэрыяльна, але найперш духоўна і псіхалагічна, да такіх працэсаў», – адзначае арцыбіскуп.
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Святы Айцец Францішак тэмай сёлетняга Дня малітваў аб міры, які Каталіцкі Касцёл адзначае 1 студзеня, прысвячае тэме «Мігранты і бежанцы: мужчыны і жанчыны ў пошуку міру».
Традыцыйнае Пасланне Папы на гэты раз складаецца з 6 раздзелаў: «Пажаданне міру», «Чаму так шмат бежанцаў і мігрантаў?», «Сузіральны погляд», «Чатыры вехі дзеяння», «Прапанова двух міжнародных пагадненняў» і «У імя дабра нашага супольнага дома».
2. У першым раздзеле «Пажаданне міру» Папа прыгадвае, як падчас Нараджэння Езуса анёльскія хоры спявалі: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі». Мір з’яўляецца марай усіх людзей, асабліва тых, якія церпяць з-за яго адсутнасці. Сітуацыя ў сучасным свеце, ахопленым лакальнымі войнамі, тэрарыстычнымі актамі, дыскрымінацыяй, пераследамі, этнічнымі чысткамі, дэградацыяй наваколля і беднасцю, выглядае трагічна. Сведчаннем чаго з’яўляецца больш за 250 мільёнаў мігрантаў, з якіх больш за 22 мільёны складаюць бежанцы, якія рызыкуюць жыццём, каб толькі змяніць свой лёс.
У сувязі з гэтым Папа падкрэслівае, што недастатковай з’яўляецца толькі адкрытасць нашых сэрцаў на цярпенні іншых. Патрэбны іншыя канкрэтныя дзеянні і адказнае кіраванне новымі складанымі сітуацыямі і абмежаванымі сродкамі.
Пантыфік заклікае кіраўнікоў дзяржаў, каб, дзейнічаючы разважліва, уключалі праблему міграцыі ў новую сучасную рэчаіснасць.
3. У другім раздзеле «Чаму так шмат бежанцаў і мігрантаў?» Папа прыгадвае словы св. Яна Паўла II, які на пачатку трэцяга тысячагоддзя звярнуў увагу на тое, што рост колькасці бежанцаў – гэта вынік войнаў і збройных канфліктаў, якія працягваюцца, забойстваў і этнічных чыстак. На жаль, у новым стагоддзі сітуацыя не змяняцца і з-за збройных канфліктаў і арганізаванай злачыннасці людзі павінны змяняць месца свайго жыхарства.
Прычынай міграцыі таксама з’яўляецца пошук лепшага жыцця, працы і адукацыі, бо хто не мае такой магчымасці, той не жыве ў міры. Да гэтых праблем трэба дадаць і экалагічны крызіс.
На мігрантаў неабходна глядзець праз прызму іх чалавечай годнасці і дапамагчы яе захаваць, бо ўсе людзі з’яўляюцца Божымі дзецьмі. Прагнозы міжнародных арганізацый паказваюць, што будучыня будзе пазначана глабальнай міграцыяй, і таму гэтую праблему неабходна браць пад увагу і адпаведным чынам падрыхтавацца да яе вырашэння.
4. У трэцяй частцы «Сузіральны погляд» Папа вучыць аб тым, што мудрасць веры ўмацоўвае нас ва ўсведамленні таго, што ўсе людзі маюць аднолькавае права карыстацца натуральнымі багаццямі, бо прынцып сацыяльнай справядлівасці з’яўляецца фундаментам міру.
Папа таксама нагадвае, што мігранты не прыходзяць з пустымі рукамі, але прыносяць з сабой адвагу, веды, энергію, імкненне і культуру сваіх народаў, чым узбагачаюць прымаючыя іх краіны. З’яўляюцца яны таксама і новай працоўнай сілай, якой патрабуюць многія краіны.
Напэўна, прыняцце мігрантаў з’яўляецца вялікім выклікам для краін і людзей, якія іх прымаюць, што патрабуе духу ахвяры.
Такі позірк на праблему міграцыі патрабуе адпаведнага распазнання адказных за грамадскія справы асобаў з мэтай развіцця палітыкі прыняцця мігрантаў згодна з адпаведна зразуметым грамадскім дабром. Толькі такі позірк з’яўляецца гарантыяй пабудовы міру ў падзеленых з-за прысутнасці мігрантаў і бежанцаў рознымі канфліктамі грамадствах.
5. У чацвёртым раздзеле «Чатыры вехі дзеяння» Папа ўказвае на прыняцце, абарону, падтрымку і інтэграцыю з мэтай забяспечыць мір мігрантаў.
«Прыняцце» азначае небходнасць легалізацыі міграцыйных працэсаў з улікам нацыянальнай бяспекі і абароны фундаментальных правоў чалавека.
«Абарона» нагадвае пра абавязак прызнання і абароны годнасці мігрантаў і бежанцаў.
«Дапамога» адносіцца да падтрымкі іх інтэгральнага чалавечага развіцця, чаму спрыяе стварэнне адпаведных умоў для адукацыі дзяцей і моладзі, дзякуючы чаму яны змогуць развіваць і выкарыстоўваць свае здольнасці з мэтай развіваць дух дыялогу.
«Інтэграцыя» азначае стварэнне магчымасцяў мігрантам да ўдзелу ў грамадскім жыцці з мэтай узаемнага ўзбагачэння і плённага супрацоўніцтва ў справе інтэгральнага развіцця мясцовага грамадства.
6. У пятым разделе Паслання «Прапанова двух міжнародных паразуменняў» Папа выказвае надзею, што ў 2018 г. Арганізацыя Аб’яднаных Нацый зацвердзіць два фундаментальныя пагадненні, з якіх адно будзе адносіцца да бяспечнай, упарадкаванай і ўрэгуляванай міграцыі, а другое – да бежанцаў.
Гэтыя міжнародныя нормы павінны стаць правіламі для апрацавання палітычных праграм і практычнага дзеяння з мэтай будавання міру. Толькі тады рэалізм міжнароднай палітыкі не капітулюе перад абліччам цынізму і глабалізацыі абыякавасці. Каардынацыя і дыялог павінны ўспрымацца як абавязак міжнароднай супольнасці, бо багацейшыя краіны могуць дапамагаць бяднейшым, каб тыя мелі больш магчымасцяў для вырашэння праблемы міграцыі і бежанцаў.
Секцыя па справах мігрантаў і бежанцаў ватыканскай Дыкастэрыі па справах інтэгральнага развіцця чалавека апрацавала 20 пунктаў дзеяння канкрэтных шляхоў рэалізацыі вышэй пералічаных чатырох прынцыпаў як у палітыцы, так і ў стаўленні і дзеянні хрысціянскіх супольнасцяў. У гэтым праяўляецца душпастырскі клопат Касцёла ў справе мігрантаў і бежанцаў.
7. У апошнім раздзеле «У імя дабра нашага супольнага дома» папа Францішак нагадвае словы св. Яна Паўла II, што, калі людзі будуць імкнуцца будаваць такі свет, у якім валодае мір, і калі пры гэтым будуць цаніць уклад мігрантаў і бежанцаў, то чалавецтва будзе станавіцца супольнай сям’ёй, а наша зямля – сапраўдным супольным домам. Гісторыя гэта пацвердзіла не аднойчы і пацвердзіць у будучыні.
8. Дарагія браты і сёстры!
Гэта галоўныя думкі Паслання папы Францішка на Сусветны дзень міру, які мы адзначаем у першы дзень новага, ужо 2018, года.
Міграцыйныя працэсы таксама закранаюць і Беларусь. Большасць з іх – гэта бежанцы з Украіны.
Многія краіны свету, асабліва багатая і сытая Заходняя Еўропа, апошнія гады змагаюцца з гэтымі выклікамі нашага часу і не могуць іх вырашыць. Сусветныя тэндэнцыі пашырэння працэсаў міграцыі, аб чым узгадвае Папа ў сваім Пасланні, заклікаюць нас быць гатовымі не толькі матэрыяльна, але найперш духоўна і псіхалагічна, да такіх працэсаў.
Сёння мы таксама адзначаем урачыстасць Марыі Багародзіцы, Той, якая нарадзіла свету Караля міру – Езуса Хрыста.
Няхай Яна, як Каралева міру, выпрасіць у свайго Сына Езуса Хрыста ласку ўсім, хто адказны за вырашэнне праблемы мігрантаў і бежанцаў, з усёй адказнацю падыйсці да гэтага, найперш праз выключэнне прычыны яе ўзнікнення, а таксама аказваючы адмысловую дапамогу тым, хто апынуўся ў бязвыхаднай сітуацыі. Мы ж павінны маліцца, каб прадстаўлены папам Францішкам план ажыццявіўся і дапамог ва ўсталяванні міру ў сучасным свеце.
З благаслаўленнем і найлепшымі пажаданнямі на Новы год
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск, 25 снежня 2017 г.
Урачыстасць Нараджэння Пана
P.S. Паважаныя святары могуць выкарыстаць гэты каментарый на Сусветны дзень малітваў аб міры, 1 студзеня 2018 г.