Пошук

16.11.2017 11:39   Catholic.by

«Адыходзячы год быў багатым на шматлікія важныя падзеі, звязаныя як з Паўсюдным Касцёлам, так і з нашым лакальным», — адзначае біскуп Антоні Дзям’янка ў сваім пастырскім лісце.

Дарагія браты і сёстры!

Літургічны, або касцёльны, год – гэта ўспамін збаўчай справы Езуса Хрыста на працягу перыяду, які распачынаецца ў першую нядзелю Адвэнту, а заканчваецца апошнім тыднем звычайнага перыяду, у пачатку якога святкуецца ўрачыстасць Хрыста, Валадара сусвету. На працягу аднаго года паказваецца ўся таямніца Збаўлення. Літургічны год не супадае з каляндарным, хоць і налічвае амаль столькі ж тыдняў. Цэнтральнае месца ў ім займае пасхальная таямніца Уваскрасення Хрыста. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла характарызуе яе як «крыніцу святла», што апраменьвае сваёю яснасцю ўвесь гадавы цыкл (пар. ККК 1168).

Адыходзячы год быў багатым на шматлікія важныя падзеі, звязаныя як з Паўсюдным Касцёлам, так і з нашым лакальным. Год Панскі 2017 – гэта перш за ўсё ўрачыстасці, звязаныя са 100-годдзем аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме (Партугалія). У момант аб’яўленняў Найсвяцейшай Панны Марыі Люцыя дэ Хесус, Францішак і Гіяцынта Марто мелі адпаведна па дзесяць, дзевяць і сем гадоў. Усе трое жылі ў вёсцы Алжуштрэль у фацімскай парафіі. Аб’яўленні адбываліся ў 2,5 км ад Фацімы на маленькім кавалку зямлі пад назваю Кова да Іра, якая належала бацькам Люцыі. Маці Божая з’явілася перад імі на кусце вышынёй крыху больш за метр. Каталіцкі Касцёл, даследаваўшы гэтую падзею і змест аб’яўленняў, не знайшоў таго, што супярэчыла б дактрыне, і падцвердзіў яе аўтэнтычнасць у 1930 г. Божая Маці заахвочвала дзяцей з Фацімы да пакаяння за душы ў чыстцы, да штодзённай ружанцовай малітвы ў інтэнцыі навяртання грэшнікаў і да малітвы аб супакоі ў свеце. Яна папрасіла таксама пабудаваць каплічку ў Яе гонар у Фаціме. Ужо з 1927 г. туды пачалі прыбываць пілігрымкі з іншых краін. У 1928–1953 гг. на месцы аб’яўленняў была пабудавана базыліка Маці Божай Ружанцовай. Там жа пахаваны тры пастушкі. У 1967 г. больш за мільён пілігрымаў з усяго свету ўдзельнічалі ў святой Імшы, якую цэлебраваў папа Павел VI. Кожны год фацімскі санктуарый наведвае больш за пяць мільёнаў чалавек. 12–13 мая 1982 г. папа Ян Павел ІІ накіраваўся ў Фаціму як пілігрым, каб падзякаваць Маці Божай за сваё выратаванне падчас замаху на плошчы св. Пятра. Другі раз Ян Павел ІІ прыехаў у Фаціму 12–13 мая 1991 г., у дзясятую гадавіну замаху. 13 мая 2000 г., падчас трэцяй пілігрымкі, папа Ян Павел ІІ беатыфікаваў Францішка і Гіяцынту і агучыў змест трэцяй фацімскай таямніцы. З 12 па 14 мая 2010 г. папа Бэнэдыкт XVI наведаў санктуарый у межах сваёй пятнаццатай апостальскай пілігрымкі. 12–13 мая 2017 г. у санктуарый пілігрымаваў папа Францішак, які ўшанаваў сотую гадавіну першага аб’яўлення і кананізаваў Францішка і Гіяцынту Марто.

У гэтым годзе, які падыходзіць да завяршэння, таксама і ў нашай дыяцэзіі мелі месца шматлікія падзеі рэлігійнага характару. Значнай падзеяй стала святкаванне 400-годдзя касцёла ў Ружанах. З гэтай мясцовасцю звязана асоба святой памяці айца Міхала Варанецкага СМ, вязня савецкага канцлагеру ў Джэзказгане ў 1949–1956 гг. На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў ён служыў у асірацелых парафіях, а пасля быў першым духоўным айцом і выхаваўцам у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Наступнай важнай падзеяй у нашай дыяцэзіі стала пабудова і асвячэнне касцёла ў Гарадцы каля Кобрына. Пасля дзесяцігоддзяў перапынку ўзнавілася Божая служба і набажэнствы ў Давыд-Гарадку, дзе быў праведзены рамонт і нанова асвячаны касцёл. Адбылося вяртанне гістарычнага касцёла св. Юзафа ў Ляхавічах. Радаснай падзеяй стала будаўніцтва касцёла Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце ў мікрараёне Рэчыца. Больш за тое, мы атрымалі дазвол на будаўніцтва касцёла Божай Міласэрнасці ў Баранавічах. Таксама ў Баранавічах у сотую гадавіну аб’яўленняў, 13 мая 2017 г., з’явіўся новы санктуарый Маці Божай Фацімскай.

Важнымі і радаснымі падзеямі, за якія мы складаем Богу падзяку, стала прэзбітэрскае пасвячэнне двух дыяканаў – Антона Анціпенкі і Андрэя Багдановіча. Першы быў атрымаў пасвячэнне ў чэрвені, другі – у лістападзе. Яны ўжо выконваюць святарскае служэнне ў розных частках дыяцэзіі.

Сэрцам нашай дыяцэзіі з’яўляецца духоўная семінарыя ў Пінску. Асаблівым чынам мы дзякуем Марыі, Каралеве Апосталаў, за новыя пакліканні да святарства. У семінарыі на першым курсе вучыцца пяць чалавек з нашай дыяцэзіі. Мы молімся як аб вытрымцы для пакліканых, так і аб новых і шматлікіх пакліканнях да духоўнага стану. Гледзячы на колькасць семінарыстаў, можна сказаць, што ў гэтым годзе яна павялічылася на 100%. Цяпер у семінарыі вучыцца 21 чалавек.

Нагодай для вялікай радасці з’яўляецца развіццё пілігрымкавага руху ў дыяцэзіі. Санктуарыі Панны Марыі ў Лагішыне і Брэсце прымаюць пілігрымаў, якія ў вялікай колькасці прыходзяць да Маці Божай, каб выпрасіць патрэбныя ласкі для сваіх сем’яў і для сябе. Хачу падзякаваць арганізатарам і аніматарам пілігрымак, святарам за служэнне ў парафіях, выхаваўцам у семінарыі.

Скіроўваю падзяку да супрацоўнікаў «Карытас» у Брэсцкай і Гомельскай абласцях за іх актыўную дапамогу бедным і патрабуючым. Дзякую катэхетам за клопат, каб Божае слова перадавалася людзям, а таксама ўсім, хто займаецца выхаваннем падрастаючага пакалення ў хрысціянскім духу. Гэта перадусім фармацыя маладых сем’яў, каб былі адкрытыя на кожнае новае жыццё як Божы дар. Ад іх будзе залежаць будучыня грамадства і Касцёла. Дзякую ўсім, хто працуе на карысць абароны чалавечага жыцця ад зачацця да натуральнай смерці.

Важнае месца ў клопаце Касцёла аб чалавеку займаюць хворыя і бедныя. У гэты момант хачу адзначыць айцоў арыяністаў на чале з а. Тадэвушам Шэшкам за вялікі ўклад у з’яўленне і развіццё Дома Міласэрнасці ў Лагішыне. Там прабывае, мае належныя ўмовы жыцця і атрымлівае медыцынскую дапамогу 40 чалавек незалежна ад веравызнання. Вялікі ўклад у клопат пра патрабуючых – дом для шасцідзесяці дзяцей з адхіленнямі ў развіцці ў Гомелі. Пакуты сірот і іх боль суцяшаюць сваёй прысутнасцю, служэннем і малітвай тры сястры з супольнасці бэнэдыктынак самарытанак. Людзі, якія апынуліся на сацыяльным дне, былыя вязні і бяздомныя атрымліваюць дапамогу ад сясцёр Маці Тэрэзы з Калькуты. Шчыра дзякую за ахвярнасць манаскім супольнасцям: сёстрам ад Анёлаў, дамініканкам, шарыткам, кармэліткам, місіянеркам Святой Сям’і, палатынкам, сёстрам супольнай працы, якія служаць у розных кутках Пінскай дыяцэзіі.

Як пастыр дыяцэзіі, дзякую за адданую службу святарам – дыяцэзіяльным і законным, а таксама свецкім вернікам, якія працуюць у парафіях, дамах састарэлых, цэнтрах «Карытас», семінарыі і іншых інстытуцыях Пінскай дыяцэзіі.

Выражаю падзяку дзяржаўным уладам на розных узроўнях, якія клапоцяцца аб з’яўленні новых працоўных месцаў і аб паляпшэнні бытавых умоваў насельніцтва. Дзякую дыпламатычным службам, ахвярадаўцам за зычлівасць і дапамогу ў рэалізацыі хрысціянскіх заданняў. Наш партыкулярны Касцёл у лучнасці з Паўсюдным пад кіраўніцтвам Святога Айца Францішка вядзе Божы народ да порту збаўлення.

У гэтым падыходзячым да завяршэння літургічным годзе мы хочам падзякаваць Богу і выразіць надзею на Яго шчодрае благаслаўленне і апеку Найсвяцейшай Панны Марыі на далейшых этапах жыцця нашай дыяцэзіяльнай сям’і.

З пастырскім благаслаўленнем,

+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Пінск, 15.11.2017 г.

Паважаныя святары абвесцяць вернікам гэты ліст падчас кожнай святой Імшы ў апошнюю нядзелю літургічнага года, альбо ў першую нядзелю Адвэнту 2017 года, альбо выкарыстаюць яго змест у гаміліі ці падчас душпастырскіх аб’яў. Пастырскі ліст неабходна размясціць на дошцы аб’яў перад касцёлам да 8 снежня 2017.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.