Пошук

19.10.2017 09:14   Catholic.by

Дарагія дыяцэзіяне! Першыя дні лістапада – гэта час атрымання адпустаў і ахвяравання іх за памерлых. Гэта час малітвы за іх, пачынаючы з 1 лістапада, урачыстасці Усіх Святых, калі Касцёл ушаноўвае тых, хто ўзнесены да хвалы алтара, а таксама і тых збаўленых, пра якіх мы не ведаем. 2 лістапада, ва ўспамін усіх памерлых вернікаў, мы молімся да Бога за ўсіх, хто апярэдзіў нас на шляху да хвалы неба і знаходзіцца ўжо па другім баку жыцця.

Скіроўваючы да вас гэта слова, я маю дзве просьбы. Па-першае, прашу не губляць магчымасці дапамагчы нашым памерлым, ахвяруючы за іх адпусты. Па-другое, нагадваю пра неабходнасць паклапаціцца аб тым, каб могілкі выглядалі належным чынам. Дбайце пра могілкі і, як кажа Святое Пісанне, “памятайце пра настаўнікаў вашых, якія абвяшчалі вам Божае слова, і разважаючы пра канец іхняга жыцця, наследуйце іх веру” (Гбр 13, 7).

Першыя дні лістапада заўсёды былі звязаны з наведваннем могілак. Традыцыйна родныя і блізкія загадзя ўпарадкоўваюць месцы пахавання сваіх памерлых. Прашу, каб і вы былі вернымі гэтай традыцыі. Паклапаціцеся пра магілы сваіх дзядуляў і бабуль, бацькоў, сяброў, святароў і настаўнікаў. Стан могілак – гэта паказчык культуры жывых людзей і іх пашаны да свайго асяроддзя і каранёў. Заўсёды могілкі найлепей вучылі чалавека гісторыі. Hic mortui docent vivos, – кажа лацінская прымаўка (Тут мёртвыя вучаць жывых). Гэтыя словы часам можна ўбачыць над брамаю могілак. Варта ўзгадаць, што св. Ян Павел ІІ падчас сваіх пілігрымак на Радзіму заўсёды наведваў Ракавіцкія могілкі ў Кракаве. Там пахаваны яго бацькі. Цяперашні папа Францішак казаў пра гэта падчас наведвання рымскіх могілак Prima Porta 2 лістапада ў мінулым годзе.

Перад лістападаўскімі днямі я прашу, каб вы маліліся і памяталі пра нашых памерлых. Дбайце пра могілкі. Мы вызнаем веру ў супольнасць святых, а гэта значыць, мы верым, што святыя ў небе дапамагаюць нам. У гэтым запэўніў нас Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі ў сваім “Слове з-за гробу”, кажучы: “Я быў вам памочнікам пры жыцці. Ячшэ больш ім буду пасля смерці”.

На надыходзячыя дні малітвы і памяці пра памерлых ад усяго сэрца ўдзяляю вам пастырскае благаслаўленне.

+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Пінск, 13.10.2017

Паважаныя святары абвесцяць вернікам гэтае паведамленне падчас кожнай святой Імшы у нядзелю 22 або 29 кастрычніка 2017 г. Паведамленне неабходна размясціць на дошцы аб’яў перад касцёлам да 10 лістапада 2017.

Абноўлена 19.10.2017 09:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця