Пошук

20.07.2017 16:28   Catholic.by

Да святароў, канcэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў Пінскай дыяцэзіі

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце! Надыходзіць месяц жнівень. Кожны з 31-га дня гэтага месяца нагадвае аб праблеме вельмі важнай і адначасова вельмі балючай. Гэта праблема недахопу цвярозасці. Пры гэтым варта ўзгадаць таксама праблему недаацэнкі, а можа нават высмейвання цвярозага ладу жыцця ў некаторых асяроддзях.

З аднаго боку мы маем справу з пэўнай смутнай рэальнасцю. Яна хавае ў сабе драмы зламанага чалавечага жыцця, рэкі слёз, выплываючых з сем’яў і дамоў, якія змагаюцца з п’янствам.  З другога боку ў нас ёсць прыгожы звычай жнівеньскай малітвы аб цвярозасці, якая адкрывае нашыя вочы на памеры алкагольных праблемаў. Гэты час заахвочвае нас шукаць іх вырашэння на каленях у малітве і добрых пастановах.

Жнівень — не адзіны месяц для таго, каб заняцца неабходнасцю цвярозага ладу жыцця. Гэта час засеву добрых думак, намераў, малітваў, каб пасля цэлы год збіраць іх плён. Але, каб яны былі, трэба назваць праблему і пачаць яе вырашаць. Слуга Божы Папа Пій XII казаў, што найбольшым грахом нашых часоў з’яўляецца менавіта страта пачуцця граху. Дарагія браты і сёстры, ці ж не адносіцца гэта да праблемы п’янства, якую многія не жадаюць заўважаць? Нам усім неабходна стаць у праўдзе, але спачатку пазнаць праўду. І пачаць з саміх сябе. Гэта вельмі няпроста.

Па-хрысціянску мы павінны памятаць, што ніхто не пакінуты сам сабе са сваімі клопатамі.  Бог у Касцёле прыходзіць нам на дапамогу. Гэта Ён асаблівым чынам дзейнічае праз святыя сакрамэнты. Наш Пан паказвае нам канкрэтныя прыклады таго, як жыць, ставячы за прыклад і падаючы нам як заступнікаў святых і благаслаўлёных. Мы маем шмат нябесных апекуноў. У гэтым годзе асабліва молімся, каб сярод іх ушаноўваць першага біскупа нашай дыяцэзіі Слугу Божага Зыгмунта Лазінскага. Яго беатыфікацыйны працэс ужо скончаны і ўвенчаны дэкрэтам, які сцвярджае гераічнасць цнотаў.

Цяпер патрэбны толькі знак з неба ў выглядзе цуду, які адбыўся б праз заступніцтва Слугі Божага. Таму заклікаю вас узносіць свае малітвы да Бога праз пасрэдніцтва Зыгмунта Лазінскага. Адначасова глядзім на яго як на ўзор вытрымкі і мужнасці ў працы над сабою. Ведаем, наколькі біскуп Зыгмунт адзначаўся прынцыповасцю і вытрымкай. Ён быў вельмі сумленным чалавекам, для якога зло было злом, а дабро — дабром. Ён ніколі не ішоў на кампраміс са злом. Толькі такая асоба здольная не паддавацца залежнасцям і супрацьстаяць ім. Таму просім нашага Слугу Божага, каб падтрымаў нас у жнівеньскіх намерах і штодзённых змаганнях.

Заклікаю ўсіх душпастыраў і вернікаў дыяцэзіі асабліва ў жніўні звярнуць увагу на алкагольныя праблемы ў нашым грамадстве, прыкласці намаганні ў клопаце аб цвярозасці нашага народа, зрабіць адпаведныя пастановы і ўчынкі міласэрнасці адносна бліжніх.

На ўвесь жнівеньскі час малітваў, добрых спраў і добрых пастановаў ад усяго сэрца благаслаўляю.

Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Пінск, 12.07.2017 г.

Шаноўныя святары абвесцяць гэтае паведамленне вернікам у нядзелю 30 ліпеня 2017 г. падчас кожнай св. Імшы і размесцяць яго тэкст на прыкасцёльнай дошцы аб’яў да канца жніўня.

Абноўлена 11.09.2017 18:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.