Глыбокапаважаныя святары і кансэкраваныя асобы,
дарагія браты і сёстры!
У суботу 26 верасня а 10-й гадзіне ў Магілёве адбыўся суботнік у будынку па вуліцы Ленінская, 27, дзе павінен размяшчацца душпастырскі цэнтр Магілёўскай часткі нашай архідыяцэзіі.
Хачу ад усяго сэрца падзякаваць святарам, кансэкраваным асобам, вернікам усіх узростаў горада Магілёва і Магілёўскай вобласці за водгук на маю просьбу прыйсці з дапамогай, каб прыбраць тэрыторыю ва ўнутраным дворыку будынка. Наша сумесная праца стала плённай не толькі па сваіх непасрэдных выніках — а было вывезена 13 вялікіх прыцэпаў смецця, — гэта была таксама рэальная праява нашай салідарнасці і адказнасці за Касцёл на Магілёўшчыне і яго будучыню.
Словы падзякі выказваю таксама старшыні Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта спадару Цумараву Уладзіміру Міхайлавічу за дапамогу ў тэхніцы, без якой наш суботнік быў бы немагчымым, а таксама дырэктару прадпрыемства «Магілёўзелянбуд» спадару Аляксейчыкаву Пятру Міхайлавічу і яго намесніку спадару Грышэчку Дзмітрыю Віктаравічу за аказанае садзеянне.
Няхай сам Пан Бог аддзячыць кожнаму сваім благаслаўленнем, а Маці Божая Бялыніцкая, Валадарка Магілёўшчыны, выпрошвае з неба шчодрыя ласкі.
Выказваючы словы падзякі святарам, кансэкраваным асобам, вернікам Магілёва і Магілёўскай вобласці, свецкай уладзе, спадзяюся і надалей на нашае сумеснае супрацоўніцтва для дабра людзей, грамадства і Касцёла.
З удзячнасцю,
✠ Аляксандр Яшэўскі, SDB
біскуп вікарый для г. Магілёва
і Магілёўскай вобласці
Магілёў, 26.09.2015