Пошук

13.02.2015 00:00  

Тэкст паслання на польскай мове>>>

Вялікі пост – час духоўнай фармацыі сэрца

“Кайцеся і верце ў Евангелле” (Мк 1, 15)

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Гэтыя словы прамаўляе святар у Папяльцовую сераду, калі пасыпае нашы галовы попелам на распачацце Вялікага посту. Гэтыя словы – не што іншае, як заўсёды актуальны заклік Езуса да навяртання, які паўтарыла Марыя ў Фаціме ў 1917 г., бо кожны чалавек грэшны і кожны паддадзены спакусам злога духа.

Евангелле першай нядзелі Вялікага посту распавядае нам аб выпрабаванні Хрыста ў пустыні. Калі ж злы дух адважыўся спакушаць самога Сына Божага, то няма нічога дзіўнага ў тым, што ён спакушае і чалавека, і таму яму патрэбна навяртанне.

2. Слухаючы словы Евангелля, мы можам задаць два наступныя пытанні.

Першае: чаму Езус быў выпрабоўваны? Ці ж Ён не быў Богам? Навошта Ён павінен быў змагацца са спакусамі д’ябла?

Адказ на гэтае пытанне можа быць адзіны. А менавіта - таму, што Ён, будучы Богам, быў таксама сапраўдным чалавекам. Езус прыняў хрост ад св. Яна Хрысціцеля; прыняў як чалавек, бо як Богу ён Яму не быў патрэбны. Такім чынам Ён стаў у адзін шэраг з іншымі людзьмі, якія ішлі да св. Яна Хрысціцеля, каб прыняць хрост. Гэтым самым Хрыстус хацеў падкрэсліць, што Ён таксама чалавек, а кожны чалавек нараджаецца да новага жыцця праз хрост.

Падобнае тлумачэнне мы маем адносна выпрабавання Езуса ў пустыні. Кожны чалавек адчувае спакусу. Злы дух цягне чалавека ад Бога, каб ішоў шляхам самадастатковасці і пагарджэння Божым законам, які Адам і Ева адкрылі для сваіх нашчадкаў. Чалавек не стаў бы грахоўным, каб не выявіў прывабнасці граху. Мы ведаем, што такое дабро, але ў той жа час чынім зло.

Адным з цудаў свету з’яўляецца Вялікая кітайская сцяна. Гэта адзіная будова, якую, як кажуць, можна было б убачыць нават з месяца, каб была такая магчымасць. Кітайцы збудавалі яе, каб адгарадзіцца ад качэўнікаў, якія часта нападалі на іх, і быць упэўненымі, што ніхто іх не захопіць і ім няма чаго баяцца. Аднак і яны не прадугледзелі аднаго. А менавіта таго, што вораг можа падкупіць стражніка і такім чынам прайсці праз вароты ў сцяне.

Нешта падобнае ёсць і са спакусамі злога духа. Праблема ў тым, што ў нас саміх знаходзіцца здраднік, супрацоўнік злога духа, які спакушае нас перад вокнамі нашай душы. Калі б спакусы д’ябла не былі прывабнымі для нас, то мы іх не прынялі б. Больш за тое, многія з нас не лічаць спакусы д’ябла такімі і таму дазваляюць яму дзейнічаць.

Наша чалавечая прырода дэфармавана першародным грахом, яна схільная да граху, і злы дух выкарыстоўвае гэтую нашу слабасць. Менавіта таму Езус пайшоў у пустыню, каб зведаць дзейнасць злога духа і паказаць, што з Божай дапамогай яго можна перамагчы.

Злы дух спакушае Езуса, прапануючы Яму ператварыць камяні ў хлеб і гэтым самым заспакоіць голад. Злы дух спакушае Яго прапановай лёгкага поспеху, заахвочваючы кінуцца ўніз з верху святыні, каб усе дзівіліся гэтаму. І нарэшце, злы дух спакушае Езуса прапановай сусветнага валадарства, калі Ён яму паклоніцца. Езус не прымае ні адной прапановы злога духа, нягледзячы на тое, што час спакусы быў вельмі небяспечным для Яго сярод дзікіх пустынных звяроў (пар. Мц 4, 1-11; Мк 1, 12-15).

Таму на першае пытанне, чаму Езус быў выпрабоўваны, мы павінны адказаць: таму, што Ён быў чалавекам, як кожны з нас, хаця і быў без граху.

3. Другое пытанне датычыць нас саміх. Чаму Касцёл кожны год на пачатку Вялікага посту прадстаўляе нам аповед аб выпрабаванні Хрыста? Адказ вельмі просты. Мы павінны выйсці з нашага звычайнага стылю жыцця і звычак і стаць тварам у твар са злым духам, каб адказаць яму так, як адказаў Сын Божы.

Для гэтага неабходна адправіцца ў пустыню. Няма неабходнасці ехаць у афрыканскую Сахару ці амерыканскую Неваду. Нашай пустыняй можа быць месца, дзе мы жывём. Для гэтага неабходна стварыць патрэбныя ўмовы. Найперш сцішыцца, адарвацца аб штодзённай мітусні і застацца сам-насам з самім сабой і сваімі слабасцямі, каб перад Божым абліччам зведаць свой стан душы, зрабіць адпаведныя пастановы і з Божай дапамогай змяніць жыццёвы шлях так, каб ён адпавядаў Яго плану.

4. Нашы спакусы такія ж, як і Езуса, хаця з часам змянілася іх форма. Дзякуй Богу, мы маем што есці. Але ў нас усё больш і больш дамінуе жаданне мець як мага больш, быць самадастатковымі і незалежнымі ад Бога. Маем аўтамабіль - хочам другі. Маем кватэру - хочам другую. Маем дом - хочам іншы. І гэтак далей, без канца. Намі кіруе культура мець і культура шопінгу.

Сучасная эканоміка і культура спажывецтва выдаляе з цэнтру сваёй дзейнасці чалавека, а на месца Бога ставіць рэч і дабрабыт. Такім чынам мы забываемся аб фундаментальнай справе, што чалавек ацэньваецца не тым, што ён мае, але тым, кім ён ёсць. А ён створаны па вобразу і падабенству Божаму і такім павінен быць. У той жа час сучасны чалавек, які спадзяецца толькі на сябе, дасягненні навукі і тэхналогіі, становіцца ўсё больш ганарлівым і забываецца аб тым, што Бог любіць пакорных, а не ганарлівых (пар. Як 4, 6). Нездарма грэчаская прыказка кажа, што калі богі хочуць пакараць чалавека, то найперш чыняць яго ганарлівым (пар. http://www.missionariesofcompassion.org/en/page/70/).

Злы дух нас спакушае жаданнем поспеху, прытым імгненнага і любым коштам, нават па трупах іншых людзей. Лічуся толькі “я” і больш ніхто. Таму ўсё больш праяўляецца карупцыя, несумленнасць, неадказнасць і г.д.

Злы дух спакушае нас імкненнем да ўлады. Усе хочуць кіраваць, займаць высокія пасады, нават не зважаючы на тое, здольныя да гэтага ці не, з адпаведнай прафесійнай падрыхтоўкай ці без яе.

Да гэтых спакусаў неабходна далучыць і спакусу абыякавасці да Бога і бліжняга, аб чым нагадвае Папа Францішак у сёлетнім пасланні на Вялікі пост. Таму Божы народ, кажа Папа, мае патрэбу ў аднаўленні, каб не стаць абыякавым і не замкнуцца ў сабе (пар. ПВП-15, уступ).

Гэта вельмі актуальныя выклікі сучаснага свету, на якія мы павінны адказаць. Адсутнасць адказу на іх вядзе да вельмі небяспечных наступстваў як для самога чалавека, так і для грамадства, што мы бачым падчас небывалага крызісу веры, маральнасці, сям’і, сусветнай эканомікі, адносін паміж людзьмі і цэлымі народамі, што вядзе да розных, нават збройных, канфліктаў і тэрарыстычных актаў і г.д.

5. Прадстаўляючы нам на пачатку Вялікага посту евангельскі аповед аб выпрабаванні Хрыста, Касцёл заклікае нас уступіць у барацьбу са спакусамі, якім мы паддадзены. У адрозненне ад Езуса мы з’яўляемся грэшнікамі і ў большай ці меншай меры аддаёмся самаразбуральным прывабнасцям, якія злы дух прапануе нам. Мы павінны прызнаць, што нам неабходна нешта з гэтым рабіць.

Мы разумеем, што барацьба з нашай грахоўнасцю не з’яўляецца вельмі прыемнай, не бярэмся за яе ахвотна і часта адкладаем на заўтра, забываючыся аб тым, што заўтра пачынаецца сёння. Часта мы аддаём перавагу грахоўнаму стылю жыцця, замест таго, каб імкнуцца да навяртання. Для сучаснага чалавека амаль што непрымальна прызнаць, што ў яго жыцці пануе злы дух. Яшчэ больш складана выкараніць яго. І пакуль мы не ўсвядомім рэальнай духоўнай небяспекі, якая пагражае нашаму жыццю, мы застанемся адарванымі ад жыцця, якое Хрыстус прапануе нам.

Мы знаходзімся як быццам сярод дзікіх грахоўных звяроў, як Езус у пустыні. Але як Езус прабываў сорак дзён і начэй у пустыні, каб перажываць нашу чалавечнасць, Ён таксама будзе з намі, калі мы ўступім у барацьбу са спакусамі нашага жыцця. Як Яму дапамагалі анёлы (пар. Мк 1, 13), таксама яны будуць дапамагаць і нам.

Быць веруючым хрысціянінам азначае жыць паводле вучэння і прыкладу Хрыста. Таму падчас Вялікага посту Касцёл заклікае нас жыць з Хрыстом паводле Ягонага вопыту пустыні, каб разам з Ім выйсці з пустыні ўмацаванымі і потым разам з Ім раздзяліць шчасце ў Божым Валадарстве.

6. З самага пачатку хрысціянства вернікі трапляюць у канфлікт са светам, у якім жывуць. Так адбываецца таму, што хрысціяне з аднаго боку належаць да Хрыста, а з іншага жывуць у рэальным свеце і паддадзены яго ўплывам, часам аж да такой ступені, што становяцца падобнымі да вылаўленай з вады рыбы, якая, як вядома, задыхаецца і гіне. Хрысціянскія каштоўнасці і спосаб жыцця вельмі моцна адрозніваюцца ад тых каштоўнасцяў і спосабу жыцця, якія прапануе свет. Як вырашыць гэты канфлікт?

Ёсць тыя, якія прыпадабняюцца да свету. Іх дэвіз - “Калі ты не можаш перамагчы выклікаў свету, то далучайся да іх”. Такім чынам, яны не адрозніваюцца ад няверуючых. У той жа час святы апостал Павел заклікае не прыстасоўвацца да гэтага свету, але перамяняцца згодна з Божай воляй (пар. Рым 12, 2). Таму мы павінны жыць у ім паводле прынцыпаў Евангелля, як да гэтага заклікае святы апостал Павел, бо вобраз гэтага свету праходзіць (пар. 1 Кар 7, 31). Гэта нялёгка, але з Божай дапамогай магчыма. Трэба толькі жадаць і дазволіць Богу дзейнічаць у нашых сэрцах.

7. Як вядома, у савецкія часы было шмат аповедаў аб спаборніцтве паміж Савецкім Саюзам і Амерыкай. Гэтыя анекдоты існуюць і сёння і ў сучаснай форме. Дык вось, аднойчы савецкая газета напісала, што савецкія вучоныя на глыбіні 100 метраў знайшлі медны провад, які быў выраблены 1000 гадоў таму. З гэтага была зроблена выснова, што іх продкі 1000 гадоў таму карысталіся тэлефонамі.

Некалькі тыдняў пазней у амерыканскай прэсе з’яўляецца артыкул, што амерыканцы на глыбіні 200 метраў знайшлі парэшткі вырабленага 2000 гадоў таму валаконна-аптычнага кабеля і зрабілі выснову, што іх продкі 2000 гадоў раней за Саветы карысталіся высокаякаснымі валаконна-аптычнымі камунікацыйнымі тэхналогіямі.

Тыдзень пазней нігерыйская газета піша, што на глыбіні 500 метраў нічога не было знойдзена. З чаго была зроблена выснова, што 5000 гадоў таму іх продкі карысталіся бесправаднымі камунікацыйнымі тэхналогіямі (пар. http://www.missionariesofcompassion.org/en/page/69/).

Выснова гэтага аповеду ў тым, што для дасягнення пазітыўнага выніку неабходны адпаведныя намаганні. Мы ж шукаем выйсця са складанай сітуацыі канфлікту паміж чалавекам, як Божым стварэннем, і светам з яго выклікамі, у якіх праяўляецца спакуса злога духа. Знойдзем ці не – залежыць толькі ад нас саміх.

8. Святы апостал Павел не кажа ўцякаць з гэтага свету, але ісці ў яго з духам самаахвярнасці, не адмаўляючыся ад неабходнай у ім актыўнасці, так, каб збіраць скарбы не на зямлі, але ў небе (пар. Мц 6, 19-21).

Адна гісторыя распавядае аб тым, як шмат стагоддзяў таму працаўнікі аднаго марскога порту кралі ўсё, што толькі маглі. Аднак потым там з’явіліся місіянеры, якія заклікалі людзей да навяртання, што абавязвае да вяртання скрадзеных рэчаў. Людзі паслухалі святароў і пачалі зносіць усё скрадзенае на бераг порту.

І тут распачалася праблема, бо тых рэчаў былі цэлыя горы і не было месца, дзе іх складваць. Тады начальнік порту звярнуўся да людзей з наступнымі словамі: “Калі Бог схіліў вас да вяртання ўкрадзенага, то ведайце, што і я вам прабачаю і вы можаце пакінуць сабе ўсё тое, што ўкралі”.

Таксама і Бог глядзіць у нашы сэрцы і прабачае тым, хто жыве духам навяртання. Ён хоча нам вярнуць годнасць дзяцей Божых, якую мы самі ў сябе ўкралі. А гэта адбываецца праз навяртанне. Вялікі пост якраз і з’яўляецца тым часам, калі Хрыстус дае нам новы шанс абнавіць наша жыццё, каб там, дзе панаваў грэх, шчодра разлілася Божая ласка (пар. Рым 5, 20).

Вядома, што вадалазы працуюць пад вадой, але дыхаюць паветрам, якое знаходзіцца над вадой. Падобна і веруючыя павінны жыць у свеце, але паддацца кіраванню Святога Духа. Мы павінны ўключацца ў жыццё свету, але нашай рухаючай сілай павінна быць сіла Святога Духа, якая будзе падтрымліваць нас духоўна жывымі.

Таму, распачынаючы Вялікі пост, зробім адпаведную пастанову, каб, жывучы ў свеце і будучы паддадзенымі яго ўплыву і спакусам злога духа, змагацца з імі і імкнуцца да блізкасці з Богам.

9. Дарагія браты і сёстры!

Чарговы раз падчас Вялікага посту Бог дае нам, якія жывуць у часы эрозіі духоўных каштоўнасцяў, новы шанс вярнуцца да Яго. Выкарыстаем яго належным чынам, каб праз пакутныя набажэнствы, рэкалекцыі, малітву Крыжовага шляху, добрыя ўчынкі, удзел у іншых велікапосных практыках мы маглі вярнуцца да Бога; каб гэты спрыяльны час (пар. 2 Кар 6, 2) стаўся часам духоўнай фармацыі нашых сэрцаў (пар. DCE 31).

Выкарыстаем таксама магчымасці Года кансэкраванага жыцця, які цяпер перажываем, калі ў вызначаных касцёлах штодзённа можна атрымаць поўны адпуст і ахвяраваць яго як за памерлых, так і за жывых.

На гэты шлях у пастырскі Год навяртання, давяраючы вас Марыі – прытулку грэшнікаў – ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Святога Духа. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 13 лютага 2015 г.


Выкарыстаная літаратура:

    
1. Папа Бэнэдыкт XVI. Энцыкліка “Deus caritas est” (DCE).
2. Папа Францішак. Пасланне на Вялікі пост 2015 г. (ПВП-15).
3. http://www.missionariesofcompassion.org/en/page/69/.
4. http://www.missionariesofcompassion.org/en/page/70/.    

P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае Пасланне вернікам у першую нядзелю Вялікага посту, 22 лютага 2015 г.

Абноўлена 05.06.2017 13:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.