Пошук

26.11.2014 10:12  

Тэкст паслання на польскай мове>>>

Адвэнт — час Божай інтэрвенцыі

1. З Новым годам!

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, гэта не памылка, бо сёння Каталіцкі Касцёл распачынае новы літургічны год, распачынае яго Адвэнтам, як часам чакання.

Жыццё чалавека пазначана чаканнем. Бацькі чакаюць, калі народзіцца дзіця. Дзіця чакае, калі вырасце і пойдзе ў школу. Малады чалавек чакае, калі скончыць універсітэт, знойдзе добрую працу, распазнае свае пакліканне заснаваць сям’ю ці прысвяціць сябе служэнню Богу і людзям у якасці святара ці кансэкраванай асобы. Мы чакаем аўтобуса ці цягніка; хоць і не бачым іх, аднак верым у тое, што яны прыедуць.

Звычайна ў нашай свядомасці Адвэнт злучаны з часам падрыхтоўкі да Божага Нараджэння. Не адмаўляючы праўду гэтага сцвярджэння, трэба сказаць, што Адвэнт — гэта час чакання другога прыйсця Хрыста.

Першы гістарычны Адвэнт завяршыўся больш за 2000 гадоў таму, калі ў Бэтлееме нарадзіўся Збаўца свету. Пасля выканання даручанай Езусу Яго Нябесным Айцом місіі Ён узнёсся на неба, дзе сядзіць праваруч Бога Айца. Аднак Ён паабяцаў, што прыйдзе другі раз напрыканцы часу, каб судзіць жывых і памерлых. Калі гэта адбудзецца, мы не ведаем. Гэта Божая таямніца. Але мы павінны быць гатовы да другога прыйсця Хрыста.

Езус прыйдзе нечакана, як нечакана прыходзіць злодзей. Той, хто чувае, не будзе абкрадзены і не страціць нічога з таго, што мае. Падобна адбываецца і з нашым жыццём. Мы заўсёды павінны чуваць і быць падрыхтаванымі да другога прыйсця Хрыста. Таму час нашага жыцця на гэтай зямлі — гэта час Адвэнту, час чакання і падрыхтоўкі да спаткання з Езусам.

2. Падчас літургічнага года мы разважаем над таямніцамі нашага збаўлення. І гэтыя разважанні распачынаем перыядам Адвэнту, калі апостал Павел заклікае нас абудзіцца са сну (пар. Рым 13, 11-12), каб не праспаць спаткання з Езусам. Таму кожны Адвэнт становіцца як быццам новай магчымасцю і новым стартам у нашым духоўным жыцці. Ён павінен стаць часам духоўнай перамены і новага пацверджання нашай прыналежнасці Богу.

3. Чалавек, абудзіся і будзь падрыхтаваным! Гэта лейтматыў Адвэнту. Калі мы будзем спаць і будзем не падрыхтаванымі да спаткання з Езусам, то можам апынуцца ў сітуацыі, падобнай да тых людзей, якія падчас патопу не трапілі ў човен Ноя. Яны смяяліся з Ноя, які будаваў човен там, дзе не было мора. Ной не спаў, ён чуваў і слухаў Бога. Дзякуючы гэтаму ён і яго сям’я былі ўратаваны, у той час як іншыя загінулі (Быц 6, 9 – 8, 19).

Падобна можа быць і ў наш час: калі чалавек адыходзіць ад Бога, то хвалі шторму грахоўнага мора могуць яго затапіць. Магчыма, не адзін кажа: нашто мне марнаваць час на малітву, рэкалекцыі, духоўныя разважанні і г.д.? Можа, некаторыя смяюцца з таго, што Касцёл заклікае не паддавацца шаленству пануючай у сучасным свеце культуры шопінгу і спажывецтва, якая асабліва праяўляецца перад святам Нараджэння Хрыста, а займацца духоўнымі справамі.

Насамрэч гэта вельмі вялікая праблема, бо ў свядомасці многіх сучасных людзей Адвэнт з’яўляецца нейкім перапынкам у руціне звычайнага жыцця чалавека. Уплыў секулярнай культуры такі моцны, што задоўга да Адвэнту нашы магазіны перапоўнены рэкламамі Божага Нараджэння, і ўсё з адной мэтай — каб прадаць як мага больш і на гэтым зарабіць. Адвэнт, замест таго, каб быць часам духоўнай падрыхтоўкі да Божага Нараджэння, становіцца часам марафонскага бегу па магазінах і бессэнсоўнага шопінгу, які, як выдаецца, да канца завалодаў думкамі людзей і ў якім многія бачаць сэнс свайго жыцця. Такая сітуацыя вядзе да таго, што Адвэнт, замест таго, каб быць часам духоўнага адраджэння, становіцца часам для нас саміх, для заспакаення нашых чыста чалавечых спажывецкіх і прыемных амбіцый.

Нягледзячы на ўсё гэта, мы павінны быць падобнымі да Ноя. Як ён даверыўся Богу, таксама і мы павінны мець моцную веру. Нам неабходна знаходзіцца ў чаўне Пятра, якім ёсць Касцёл, і з вераю чакаць другога прыйсця Хрыста. Нам неабходна рыхтавацца, каб спаткаць прыходзячае боскае святло і дазволіць яму асвятліць самыя цёмныя закуткі нашага жыцця.

4. Сёння мы запальваем першую адвэнтавую свечку і распачынаем чатырохтыднёвае адвэнтавае падарожжа, якое нас чакае перад святам Божага Нараджэння, калі мы ізноў будзем адзначаць нараджэнне Святла, якое ўжо два тысячагоддзі асвятляе свет. Запаленая свечка — гэта сімвал святла Хрыста. У нашым жыцці мы часта прабываем у цемры нашых праблем, асабістых ці сямейных. Нярэдка нас прыгнятае хвароба ці канфлікты ў працы і штодзённым жыцці. У апошнія часы Касцёл моцна заклапочаны секулярызацыяй нашага жыцця і адыходам людзей ад Бога, крызісам сям’і, дэмаграфічнай сітуацыяй, якая пагаршаецца, эканамічнымі і фінансавым праблемамі, пераследам хрысціян у многіх краінах свету, тэрарыстычнымі актамі і войнамі, асабліва ў нашых паўднёвых суседзяў ва Украіне, эпідэміяй Эболы, якая нечакана звалілася на чалавецтва і ад якой няма лекаў, і г.д.

Здаецца, што куды б ні паглядзеў, паўсюды пануе цемра. Аднак цемру свету 2000 гадоў таму рассвятліў Езус. Неабходна толькі адкрыцца на Яго святло і дазволіць асвятліць наш жыццёвы шлях. Таму мы распачынаем наша адвэнтавае падарожжа з надзеяй, што святло Хрыста рассветліць нашы душы.

5. Калі мы знаходзімся ў цемры, то вельмі важна накіроўвацца ў напрамку святла, якое прабівае цемру і вядзе ў новае жыццё. Трэба чуваць і глядзець на гэтае святло, каб не заблудзіцца.

Першае сённяшняе чытанне з кнігі прарока Ісаі распавядае аб завяршэнні нашага адвэнтавага падарожжа. Гэта магічны вобраз народаў, якія імкнуцца на Божую гару. Гэтай гарой з’яўляецца Касцёл — дом Божы. Добрай традыцыяй ёсць тое, што ў Адвэнт людзі са знічамі спяшаюцца з самага ранку на Раратнюю Імшу. Візія прарока Ісаі павінна стаць рэальнасцю нашага жыцця. Мы павінны спяшацца на гару Пана — у Касцёл — на раратнія і іншыя набажэнствы, на адвэнтавыя рэкалекцыі, на традыцыйнае чуванне моладзі ў архікатэдры, на пакутныя набажэнствы і г.д.

Як прыгожа, калі людзі спяшаюцца ў касцёл, як месца спаткання чалавека з Богам, каб у іх душах запанаваў супакой, каб яны перакавалі мячы на плугі, а дзіды на сярпы (пар. Іс 2, 4). Адвэнтавыя традыцыі дапамагаюць нам на гэтым шляху, і іх неабходна падтрымліваць і развіваць.

6. Што новага ў наша жыццё прыносіць Адвэнт? У складанай сітуацыі сучаснага свету, з якой, як часам здаецца, няма выйсця, неабходна Божая інтэрвенцыя, якая дасць новую надзею. Менавіта гэтая надзея дапаможа нам жыць адвэнтавым чуваннем. Як надзея здаць экзамен матывуе студэнта вучыцца, таксама і надзея змяніць жыццё і зрабіць яго больш чалавечым заклікае нас да чування, гэта азначае да жыцця паводле Божага закону, каб спыніць грахоўныя штормы нашага жыцця.

Гісторыя ізраэльскага народу, гісторыя Марыі, святога Юзафа, Альжбеты, Яна Хрысціцеля і многіх іншых персанажаў як Старога, так і Новага Запавету, а таксама хрысціянства — гэта гісторыя Божай інтэрвенцыі і яе прыняцця. Бог урываецца ў наша жыццё і кажа: «Вось Я. Што ты хочаш са Мной зрабіць?» Святыя прынялі Бога ў сваё жыццё, каб Ён змяніў яго. Мы павінны паступаць падобным чынам.

7. У Адвэнт мы павінны дазволіць Богу ажыццявіць Яго інтэрвенцыю ў нашы душы. Гэта не вайсковая інтэрвенцыя, якой усе баяцца, але інтэрвенцыя духу. Ці маем мы намер даць час Богу, каб пераарыентаваў наш жыццёвы шлях у напрамку прыходзячага Езуса? Ці дазваляем Яму пранікнуць у нашы сэрцы, каб мы змаглі быць Хрыстом адзін для аднаго? Прыходзіць час перамены нашага жыцця, і нам неабходна яго выкарыстаць.

Сённяшнія чытанні — гэта праграма Адвэнту, гэта Божая прапанова кожнаму з нас, найперш для таго, каб Езус сваёй ласкай увайшоў у нашы душы. Таму, дарагі брат і сястра, учыні Адвэнт, які распачынаецца, часам твайго духоўнага адраджэння, адчыні дзверы свайго сэрца і дазволь Езусу ўвайсці ў яго самыя цёмныя закуткі, каб Ён вычысціў твой духоўны дом ад усялякай грахоўнай нячыстасці і ўчыніў цябе ўдзельнікам Яго абяцанняў.

У кожны літургічны перыяд Бог адорвае нас сваёй спецыяльнай ласкай. Так адбываецца і ў Адвэнт. І гэтую магчымасць неабходна выкарыстаць. Калі Адвэнт ператвараецца толькі ў час шопінгу, купляння падарункаў, то гэта не што іншае, як падмена яго духу і знішчэнне хрысціянскіх традыцый. Гэта чарговы ўдар у святое аблічча Езуса і чарговая здрада Яму. На Божае Нараджэнне існуе толькі адзін сапраўдны падарунак, якога нельга купіць у самым найлепшым буціку, — гэта ласка Езуса. Мы яе можам атрымаць дарма. Неабходна толькі звярнуцца да Езуса. Таму час Адвэнту павінен быць часам з Богам, каб атрымаць гэты найбольш каштоўны падарунак.

8. Сёння ў Паўсюдным Касцёле распачынаецца Год кансэкраванага жыцця, якое займае асаблівае месца ў яго жыцці і служэнні. Праз розныя харызматы законннікі і законніцы прымаюць актыўны ўдзел у новай евангелізацыі, якая з’яўляецца галоўным заданнем Касцёла на сучасным этапе яго развіцця. Касцёл у Беларусі ўдзячны кансэкраваным асобам у яго адраджэннні пасля трох пакаленняў ганенняў. Без дапамогі манаскіх супольнасцяў, якія актыўна ўдзельнічаюць у пастырскай і дабрачыннай дзейнасці Касцёла, шмат увагі прысвячаюць хрысціянскаму выхаванню моладзі і дзяцей, немагчыма было б уявіць сабе яго развіццё.

Вернасць законнікаў і законніц харызматам сваіх заснавальнікаў і жыццё паводле евангельскіх радаў чысціні, убоства і паслухмянасці з’яўляецца адказам на многія выклікі нашага часу, асабліва спажывецтва і шукання амаральных прыемнасцяў, і дапамагае на шляху вяртання да Бога.

Будучы год у пастырскай праграме Каталіцкага Касцёла ў Беларусі ў межах падрыхтоўкі да юбілею стагоддзя фацімскіх аб’яўленняў прысвячаецца навяртанню. Кансэкраванае жыццё вельмі добра ўпісваецца ў тэму навяртання, бо на першым месцы ставіць Бога і евангельскія рады.

9. Калі Езус уваходзіў у Ерузалем у апошні раз, то плакаў, таму што жыхары гэтага горада, які павінен быў быць Божым, не пазналі часу іх наведвання (пар. Лк 19, 41-42). Яны размінуліся з прыходзячай да іх Божай ласкай.

Ці гатовы мы пазнаць час прыйсця Езуса, які наведвае нас у сваім слове, сакрамэнтах і дзейнасці Касцёла? На гэтае пытанне кожны павінен адказаць асабіста. Нам не дазволена не пазнаць часу Яго наведвання, размінуцца з Ім і не выкарыстаць новы шанец для нашага навяртання. Выкарыстоўваючы словы святога Яна Хрысціцеля, мы павінны спытаць саміх сябе, ці рыхтуем дарогу прыходзячаму Пану (пар. Лк 3, 4). Адвэнт — гэта час, у які Езус прыйдзе да нас, калі мы Яму дазволім гэта ўчыніць. Калі мы гэтага яшчэ не ўчынілі, то распачнём цяпер, не будзем адкладваць гэтай справы на заўтра, бо заўтра распачынаецца сёння.

10. Каб атрымаць ласку, якую Бог прапануе нам у Адвэнт, нам неабходна найперш паставіць Бога на першае месца ў нашым жыцці. Калі Бог не знаходзіцца на першым месцы, то мы свядома адмаўляемся ад Божай ласкі, якую Ён нам прапануе. Гэта адбываецца ў сітуацыі, калі людзі стараюцца запоўніць духоўную пустэчу матэрыяльнымі рэчамі і прыемнасцямі, а не Божым духам, у выніку чаго яны ніколі не застаюцца задаволенымі. Нам трэба памятаць, што нішто і ніхто акрамя Езуса і Ягонай ласкі не зможа запоўніць пустэчы чалавечага сэрца.

Для гэтага неабходна дазволіць Богу ўвайсці ў найбольш цёмныя месцы нашага жыцця, у тыя расколіны нашай душы, якія вядомы толькі нам і Яму. Не дастаткова задаволіцца толькі касметычным рамонтам. Гэта азначае, што не дастакова толькі заклеіць ці затынкаваць шчыліны, бо грэх, як вада, трапіць туды і мароз амаральнага жыцця разарве іх ізноў. Трэба дазволіць Езусу грунтоўна нас аднавіць, занава ўчыніць дзецьмі Божымі, і такім чынам залячыць раны нашай душы, каб там не было трэшчынаў. Для ажыццяўлення гэтага неабходна дазволіць Яму рэалізаваць Яго любоў да нас.

Давяраючы ўсіх вас апецы Марыі — Маці адвэнтавага чування — ад усяго сэрца на гэты шлях чування, адкрыцця на дзеянне Божай ласкі і духоўнага адраджэння благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 23 лістапада 2014 г.
Урачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету

P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае Пасланне вернікам 30 лістапада 2014 г., у першую нядзелю Адвэнту.


Абноўлена 05.06.2017 13:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця