Пошук

26.11.2014 00:00  

Тэкст ліста на польскай мове>>>

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія дыяцэзіяне!

Сёння ў Каталіцкім Касцёле распачынаецца перыяд Адвэнту, які з’яўляецца таксама пачаткам новага літургічнага года. Прымаючы ўдзел у эўхарыстычнай Ахвяры, слухаючы і разважаючы Божае слова, а таксама выконваючы рэлігійныя абрады, звязаныя з гэтым літургічным перыядам, мы зноў будзем схіляцца над вялікай таямніцай любові Бога да чалавека. Яна аб’явілася ў гісторыі збаўлення і дасягнула сваёй паўнаты ў Асобе Езуса Хрыста, Адзінароднага Божага Сына, які «дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўлення зышоў з неба [...] і стаў Чалавекам» (Вызнанне веры нікейска-канстанцінопальскае).

Перыяд Адвэнту дазваляе нам адчуць атмасферу чакання, што папярэднічае прыйсцю Збаўцы ў гэты свет. Прарокі Ізраэля на працягу стагоддзяў прадказвалі прыйсце Месіі, які прынясе свайму народу благаслаўленне супакою і справядлівасці, пакладзе канец войнам, насіллю і нянавісці, а ў першую чаргу зменіць людскія сэрцы. Таму перш чым Пан Езус распачаў сваю грамадскую дзейнасць, Яго папярэднік Ян Хрысціцель заклікаў у пустыні: «Кайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае» (Мц 3, 2).

Гэты заклік да навяртання заўсёды застаецца актуальным. Можна сказаць, што ўсё нашае жыццё з’яўляецца своеасаблівым Адвэнтам. Мы верым, што ў канцы свету Хрыстус Уваскрослы вернецца ў паўнаце сваёй хвалы і стане перад намі як Суддзя жывых і памерлых. Усведамляючы, што нас непазбежна чакае канчатковая сустрэча са Збаўцам, мы павінны нястомна задаваць сабе пытанне, ці падрыхтаваны мы да яе, ці зрабілі мы ўсё, што ў нашых сілах, каб — як казаў святы Павел — быць «бязвіннымі ў дзень Пана нашага Езуса Хрыста» (1 Кар 1, 8).

Мы павінны заўсёды быць гатовымі, павінны чуваць, таму што «пра дзень той або гадзіну (...) ніхто не ведае» (Мк 13, 32). Да чування нас заклікае сам Езус Хрыстус у сённяшнім Евангеллі. Ён прыгадвае нам, што Бог, даючы жыццё чалавеку, адорвае яго таксама і пакліканнем, даручае выкананне нейкага адзінага, непаўторнага задання. Чуваць — значыць справіцца з гэтым заданнем, аказацца верным і адказным слугой, гатовым у кожную хвіліну зрабіць справаздачу аб выкананым належным чынам абавязку.

Распачаты перыяд Адвэнту для кожнага з нас з’яўляецца нагодай, каб зрабіць добры рахунак сумлення і паразважаць над тым, ці можна сказаць, што нашае жыццё з’яўляецца чуваннем. Давайце запытаем сябе, ці стараемся мы рэалізаваць нашае жыццёвае пакліканне ў духу веры і паслушэнства Пану Богу, памятаючы пра адказнасць за даручаныя нам заданні.

У Адвэнт, які папярэднічае радасці святаў Божага Нараджэння, мы прыгадваем сабе праўду аб тым, што Божы Сын нарадзіўся і рос у сям’і. Пан Бог сваім Провідам дае нам Святую Сям’ю з Назарэта як прыклад для пераймання для кожнай хрысціянскай сям’і. Мы можам і павінны вучыцца ад яе глыбока верыць і давяраць Пану Богу, жыць з паставай пакорнасці і служэння, па-сапраўднаму любіць і клапаціцца адзін аб адным, умець разам пераадольваць цяжкасці і вытрымліваць пакуты.

У той жа час трэба з жалем сцвердзіць, што многім сучасным хрысціянскім сем’ям не ўдаецца абаперці сваё сямейнае жыццё на евангельскія каштоўнасці. Мы бачым, як павялічваецца колькасць несакрамэнтальных саюзаў і гэтак званых «сужэнстваў на спробу». Усё больш сем’яў няпоўных, разбітых, закранутых праблемай алкагалізму, наркаманіі, сужэнскай нявернасці. Нярэдкія таксама сітуацыі, калі сужэнцы, не звяртаючы ўвагі на сакрамэнтальную сувязь, што яднае іх, і не ўлічваючы карысць для патомства, рашаюцца на развод. Усё часцей можна сустрэць сем’і, якія не могуць падаць сваім дзецям добры прыклад сямейнага жыцця, не здольны забяспечыць ім належнае выхаванне, перастаюць выконваць ролю хатняга Касцёла і школы веры. Цяжка пазбегнуць уражання, што ў сённяшнім свеце сям’ю закрануў сур’ёзны і глыбокі крызіс.

Касцёл як наша Маці не застаецца абыякавым да гэтых праблем. Праяўленнем яго клопату сталі таксама пасяджэнні надзвычайнага Сінода Біскупаў, якія праходзілі ў кастрычніку ў Рыме і на якіх разглядаліся ў якасці тэмы душпастырскія выклікі для сям’і. Біскупы з усяго свету, сабраныя вакол Папы Францішка, абмяркоўвалі стан сучасных сем’яў, дыскутавалі аб пагрозах і выкліках, перад якімі знаходзяцца сёння хрысціянскія сем’і, а таксама разважалі над тым, якім чынам Касцёл можа ім дапамагчы. Чакаючы звычайнага Сінода Біскупаў, што пройдзе ў наступным годзе, давайце памолімся за ўсіх Айцоў Сінода, каб, асвечаныя Святым Духам, яны дапамаглі Касцёлу яшчэ лепш ахінуць пастырскай апекай і сапраўднай любоўю сем’і ўсяго свету.

Давайце маліцца таксама за нашыя сем’і, каб яны былі «моцныя Богам». Папросім для іх вернасці Хрысту і адвагі ісці за Ім па дарозе Евангелля. Няхай па прыкладзе Святой Сям’і з Назарэта ўсе выпрабаванні і выклікі яны перажываюць у духу веры, даючы сведчанне прыгожай любові, што з’яўляецца Божым дарам, які ў чалавечых сэрцах засеяў Святы Дух.

Давайце падтрымаем сваёй малітвай таксама тыя сем’і, якія перажываюць крызіс, якім пагражае распад, якія змагаюцца з разнастайнымі цяжкасцямі і цярпеннямі. Няхай досвед Божай любові і дару Яго прабачэння дапаможа ім нанова знайсці радасць жыцця ў сям’і і рэалізацыі менавіта ў ёй свайго жыццёвага паклікання.

Дарагія браты і сёстры!

Сёння, у першую нядзелю Адвэнту, у паўсюдным Касцёле распачынаецца Год кансэкраванага жыцця. Ён з’яўляецца нагодай, каб падзякаваць Пану Богу за тых, хто прысвяціў сябе асабліваму служэнню Богу ў манаскім жыцці, за іх сведчанне абсалютнага ахвяравання сябе Пану і за паслугу, якую яны выконваюць у Касцёле. Молімся аб ласцы стойкасці і асабістай святасці для ўсіх кансэкраваных асобаў, а таксама аб шматлікіх і добрых пакліканнях да манаскага жыцця.

У межах духоўнай падрыхтоўкі да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў, згодна з праграмай, устаноўленай Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, мы сёння распачынаем Год навяртання. Ён прыгадвае нам, што заклік да навяртання датычыць не толькі людзей, якія жывуць далёка ад Бога, не толькі тых, хто страціў дар веры ці ўблытаўся ў сур’ёзнае маральнае зло. Навяртанне з’яўляецца дарогай і заданнем кожнага хрысціяніна, які ўсведамляе асабістыя слабасці і абмежаванні, і прагне з дапамогай ласкі ўвесь час нанова вызваляцца з няволі граху і ўсё больш адкрывацца на дар Божай любові: справядлівай, велікадушнай і вернай, якая праяўляецца перш за ўсё ў прабачэнні і адкупленні. Навяртанне, у самым глыбокім значэнні гэтага слова, — гэта змена мыслення, а таму і адмова ад логікі эгаізму, лёгкасці, кампрамісу са злом і прыняцце праўды Евангелля як адзінай дарогі, што беспамылкова вядзе нас да паўнаты жыцця ў Хрысце.

На парозе Адвэнту я заахвочваю кожнага з вас, дарагія браты і сёстры, глыбока і плённа перажыць гэты час падрыхтоўкі да сустрэчы з Хрыстом у таямніцы Яго нараджэння. Трывайма ў нашым адвэнтавым чаканні ў духу чування і навяртання. Сустракаймася з Хрыстом на асабістай малітве і ў сакрамэнтах. Падтрымайма прыгожую традыцыю прыняцця адвэнтавых пастаноў, якія дапамагаюць вызваліцца ад зла і граху, дазваляюць паглыбіць веру і любоў да Бога і бліжняга.

Жадаю вам, дарагія дыяцэзіяне, радаснага і багатага на ласку перажывання перыяду Адвэнту. На добрую падрыхтоўку да сустрэчы з нованароджаным Збаўцам ад усяго сэрца благаслаўляю

Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі

Гродна, 25 лістапада 2014 г.

Прашу паважаных пробашчаў і адміністратараў Гродзенскай дыяцэзіі аб прачытанні нашага Пастырскага ліста падчас кожнай святой Імшы ў I Нядзелю Адвэнту.


Абноўлена 05.06.2017 13:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа