Хрыстус – цэнтр гісторыі чалавецтва
і кожнага чалавека.
Калі Езус знаходзіцца ў цэнтры,
то раз’ясняюцца нават найцямнейшыя
моманты нашага жыцця і Ён дае нам надзею.
(Папа Францішак)
Нараджэнне дзіцяці – гэта найпрыгажэйшыя хвіліны ў жыцці сям’і і ў групе сяброў. Радасная навіна з хуткасцю маланкі перадаецца ўсім зацікаўленым. Таксама і Бог Айцец радуецца з Нараджэння свайго Сына. Радасць з Нараджэння Божага Сына не абмяжоўваецца да групы ўтаямнічаных асоб. Гэта радасць касмічная – ўсяго стварэння: ”Пан валадарыць, цешся, зямля, радуйцеся, шматлікія астравы” (Пс 97, 1). А ў літургіі спяваем: Зямля ўбачыла свайго Збаўцу. На Божае Нараджэнне разважаем і перажываем аб’яўленую нам праўду аб Богу, які стаўся чалавекам - Эмануэлем. Бог не толькі Абсалют, але і добры Айцец. Бог ёсць Любоў – скажа св. Ян, - і з любові для чалавека стаў чалавекам, прыходзіць у гэты свет. Святкуючы Божае Нараджэнне, адзначаем падзею, якая паўплывала на лёсы ўсяго чалавецтва, усіх народаў на зямным шары, пражываючых у розных пакаленнях ад пачатку свету і да яго канца.
Мы таксама славім у малітвах і калядных песнях Божую Маці. Яна найпрыгажэйшая прадстаўніца чалавецтва. Аб Ёй гаворым, што Яна Маці Бога, хоць і з’яўляецца стварэннем, як і ўсе мы. Ушаноўваем Марыю і разам з Ёю раздзяляем дзівоснасць і веліч Бога, які сёння стаў для нас такім блізкім.
Божае Нараджэнне - гэта драматычная і трагічная сувязь паміж светам Бога і цемрай свету, паміж воляй Бога, выражанай у поўнай адданасці народу, каб яго збавіць, і тытанічным і эгаістычным імкненнем чалавека, які сам сябе хацеў бы збавіць, сам сабе хацеў бы гарантаваць збаўленне. У кожным з нас дрэмле такая атэістычная спакуса: зрабі сам без Божай дапамогі. Сярод сучасных пагроз свецкасці і рэлятывізму яшчэ з большай надзеяй узіраемся ў Божае Дзіця ў ясельках, якое нясе супакой і любоў, сваім святлом разганяе сабраныя над чалавецтвам хмары і злучае неба з зямлёй. Мы патрабуем святла, якое прыносіць нам збаўленне і справядлівасць, суцяшэнне і надзею, якая змяняе якасць нашага жыцця. Бог не ўцякае з гэтага свету перад чалавекам, прыходзіць да нас, уваходзіць у нашу рэальнасць дакладна тут, дзе знаходзімся. Мы ўсе патрабуем знайсці святло для нашага жыцця. Без святла нельга крочыць бяспечна па зямлі. Дзе знаходзіцца гэтае святло? Пастушкі нам гавораць: ідзіце ў Бэтлеем. Яны пайшлі і знайшлі Божае святло. Пойдзем і мы ў Бэтлеем - гэта значыць неабходна вучыцца знаходзіць святло там, дзе яно знаходзіцца, спатыкаць Езуса не ў нерэальных снах і прыгожых тэорыях, не выключна ў накапленні матэрыяльных каштоўнасцяў і амбітных дасягненнях, але ў пакоры і штодзённасці нашага жыцця. Згаджаючыся з Божай воляй, трэба крочыць да святасці і пазнаваць Хрыста ў радасці сэрца, у малітве блізка Марыі, у Эўхарыстыі, у кожным чалавеку, які патрабуе братняй любові. Калі навучымся прыходзіць у Бэтлеем, наша жыццё будзе поўнае святла і Божай любові. Будзем так, як пастухі з Бэтлеема, праслаўляць Бога, які найпаўней аб’явіўся ў Хрысце і стаў вельмі блізкім.
Дарагія, святкуйце ў радасці і з глыбокай верай гэтыя цудоўныя святы. Пры святочным стале няхай вас збірае любоў і цяпло сямейнага дома. Жадаю вам Божага спакою, які прыносіць Князь Супакою, народжаны ў Бэтлееме. Няхай Касцёл будзе вашым домам, дзе чакаюць скіраваныя да вас рукі Божага Дзіцяці. Няхай кожны ў гэтым доме адчувае як у сябе - гэта значыць бяспечна. Дзельмася радасцю Божага Нараджэння, як заахвочвае да гэтага нас св. Леон словамі: ”Сёння нарадзіўся нам Збаўца, радуймася. Няма месца на сум, калі нараджаецца жыццё, знік перапалох перад небяспекай смерці, надыходзіць радасць з жыцця, якое не канчаецца”. Падчас гэтых святаў адарвёмся ад зямных і часовых справаў і паглядзім у неба, дзе знаходзіцца наша айчына.
Няхай любоў і дабрыня будуць гасцямі ў нашых сэрцах, няхай іх пераменьвае Божая ласка, якая нясе збаўленне ўсім людзям.
Дарагія! Жадаю вам святла, якое выходзіць з яселькаў у Бэтлееме, жадаю здароўя і надзеі. Жадаю многіх дароў Божага Дзіцяці, каб вы жылі ў лучнасці з Богам.