Пошук

18.12.2013 00:00  

Праз Езуса да бліжніх

“Раптам з’явіўся ім Анёл Пана, і хвала Пана асвяціла іх, і вялікі страх ахапіў іх…” (Лк 2, 9)

Браты і сёстры!

Зноў на нашым зямным шляху, у гэтай доўгай і нялёгкай пілігрымцы, Бог дае нам вялікую ласку – перажыць урачыстасць Нараджэння Божага Сына. А значыць, наш нябесны Айцец штосьці новае хоча нам сказаць, адарыць новай ласкай, заахвоціць да новага жыцця, да новай радасці.

Яшчэ раз, жывучы на гэтай зямлі, мы пачуем: “Не бойцеся, абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народа…” (Лк 2, 10) Гэтыя словы мы павінны выслухаць у сённяшняй сітуацыі нашага жыцця. Гэтая вестка яшчэ раз для нас павінна стаць новай, і мы павінны прыняць яе шчырым сэрцам і з дзіцячай верай, нават калі мы сёня адчуваем якісьці сум альбо нястачу. Бог абвяшчае нам вялікую радасць, і гэта нялёгкае выпрабаванне для нашай веры - паверыць у Ягонае абяцанне, паверыць у тое, што нашае жыццё можа перапоўніць Ягоная радасць і святло.

У Божым слове, якое мы чуем у ноч Божага Нараджэння, вельмі шмат увагі аўтар Евангелля надзяляе апісанню падзеі адміністратыўнага перапісу, які, паводле ягоных слоў, адбываўся ў той час па ўсёй зямлі. Гэты перапіс задумаў цэзар Аўгуст, і гэтая вялікая кампанія ахапіла ўсіх тагачасных людзей. Кожны, як апавядае нам Евангелле, пайшоў запісацца ў свой горад. І менавіта ў гэты час перапісу, у час уважлівага кантролю, пільных падлікаў і дакладнай статыстыкі, адбываеца самае вялікае здарэнне чалавечай гісторыі, і парадаксальна яно застаеца непрыкметным, не заўважаным. Бог не карыстаецца магчымасцю перапісу, каб адразу і афіцыйна аб’явіць пра сваю прысутнасць паміж людзей у чалавечым целе, але прыходзіць на Зямлю, нібы хаваючы сябе ад гэтага вялікага мерапрыемства, далёка ад яго.  У той час, калі кожны жыхар зямлі быў дакладна занесены ў спісы, Бог пачынае прабываць паміж людзей не заўважаны імі, па-за перапісам, па-за статыстыкай, па-за ўвагай, па-за падлікамі.

Так, Бог часта аб’яўляецца там, куды не глядзяць чалавечыя вочы. Планы Ягоныя зусім не падобныя да нашых, і задумы Божыя часта зусім не зразумелыя для нашай, людской логікі. Нараджэнне Месіі адбываецца не ў мітусні перапісу, але на аддаленым месцы, на полі пастухоў, і ў час, калі ўсё наваколле спіць. Хвала Божая ахінае менавіта пастухоў – людзей, якія не надта змогуць потым расказаць пра тое, што бачылі. Пастухі - не красамоўныя людзі, не пісьменнікі і не паэты, напэўна, яны не валодаюць харызматычным дарам апавядання і не змогуць захапіць, заваражыць расказанай гісторыяй іншых. І сам знак гэтай падзеі да таго ж нязвыклы: “…знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях” (Лк 2, 12) Больш пакорнага і больш простага знака на зямлі знайсці нельга.   

Вось так, нязвыкла і проста Бог пачынае пісаць самую вялікаю гісторыю на зямлі – нараджэнне Хрыста – Божага Сына.

Ці не хоча гэтым Бог нам сказаць, што Яго прысутнасць мы можам знайсці хутчэй ў простых рэчых, а не ў вялікіх спланаваных мітуслівых акцыях? Ці не азначае гэта, што Ён можа быць побач з людзьмі малавядомымі і з чалавечага пункту гледжання мала атракцыйнымі, з такімі, як пастухі на Бэтлеемскім полі? Можа, сапраўды Яго мы павінны пайсці шукаць да ложка хворага чалавека альбо ў дом адзінокай асобы, забытай і пакінутай іншымі? Можа, замест таго, каб старацца заўсёды быць побач з людзьмі культурнымі, адукаванымі і прыемнымі, нам варта наблізіцца хоць да адной асобы, якой пагарджаюць іншыя? Ці не тое самае зрабіў Сын Божы ў гэтую ноч, прыняўшы нашае людское цела?

Папа Францішак, калі яшчэ быў кардыналам, у сваёй гаміліі сказаў аднойчы цудоўныя словы: “Езус сёння прыходзіць да нас, каб сказаць нам: “Глянь на свайго брата, глянь на сваю сястру! “” (Buenos Aires, 23.09.2011)

Дарагія браты і сёстры, мы чынім вялікі грэх, калі, размаўляючы з Богам альбо шукаючы Яго прысутнасці, памятаем толькі сябе і толькі ўласныя праблемы. Часта, нібы ў час таго перапісу, мы намагаемся занесці Бога ў спіс сваіх сяброў, каб жыць са спакойным самазадавальненнем, з думкай, што ўсе нашыя праблемы Ён канчаткова вырашыць. Але Езус прымушае нас перакрочыць сябе саміх, пакінуць свой вузкі свет уласных патрэбаў і заўважыць кагосьці, хто побач з намі. Таму сапраўды святыя словы Папы Францішка: “Езус сёння прыходзіць да нас, каб сказаць нам: “Глянь на свайго брата, глянь на сваю сястру!””

Давайце перажывем гэтыя святы з думкай пра іншых. Што ад нас чакаюць тыя, каго мы называем словамі: тата, маці, сын, дачка, брат, сястра, сябра, сусед… Што магу зрабіць я для іх? Што ўбачу ў іхніх вачах, калі зазірну ў іх? Што іншы чалавек ад мяне чакае?

Даверым жа сёння Хрысту перш за ўсё не свае просьбы, але іншых. Паспрабуем паверыць і пераканаць сваё сэрца ў тым, што Бог нястомна шукае на зямлі простых месцаў, далёкіх ад мітусні, і простых людзей, нават калі ў вачах іншых яны не выглядаюць занадта цікава. І гэта ўсё няхай нас напоўніць сапраўднай Божай радасцю і не дазволіць нам размінуцца з Ім, надыходзячым Панам.

У час гэтага вялікага свята, дарагія браты і сёстры, мы не можам не дзякаваць Божаму Провіду за прызначэнне новага біскупа для нашай Віцебскай дыяцэзіі. Ксяндза Алега Буткевіча Пан паклікаў да гэтай паслугі, адрываючы яго ад вельмі актыўнай душпастырскай працы ў віцебскай парафіі. Напэўна, у сэрцы Найвышэйшага Пастыра ёсць шмат планаў для нашай дыяцэзіі і для нашага новага біскупа, але наколькі важна ва ўсім гэтым, браты і сёстры, ваша зычлівасць, малітоўная падтрымка і вернасць Касцёлу. Заахвочваю вас падтрымаць шаноўнага біскупа наміната Алега Буткевіча ў гэты важны для яго і для ўсіх нас перыяд.

Браты і сёстры!

Віншую вас са святам Божага Нараджэння. Асаблівым чынам кірую свае прывітанні асобам пакінутым і хворым, тым, хто цяпер перажывае жыццёвы крызіс альбо якіясьці нягоды. Памятайце, у гэтыя святыя дні вы найбліжэйшыя Божаму Сэрцу! Прытуліцеся да яго з вялікім даверам. І ўсе мы, браты і сёстры, давайце быць побач з людзьмі, якім, магчыма, больш цяжка жыць на свеце, чым нам, і Езус ахіне нас сваёй ласкай.

Добрых і благаслаўлёных святаў Божага Нараджэння, шчаслівага Новага года!

Апостальскі адміністратар Віцебскай дыяцэзіі
Ксёндз прэлат Францішак Кісель


Абноўлена 05.06.2017 13:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа