Пошук

07.10.2012 00:00  

Тэкст Распараджэння на польскай мове>>>

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

Абвешчаны Святым Айцом Бэнэдыктам XVI Год веры павінен знайсці сваё практычнае месца ў пастырскай дзейнасці. Зыходзячы з Ноты Кангрэгацыі Веравучэння ад 6 студзеня 2012 г., падрыхтаванай Апостальскай Сталіцай праграмы, Пастырскага паслання Біскупаў Беларусі і падрыхтоўкі да святкавання юбілею 400-годдзя прыбыцця цудоўнага абраза Божай Маці ў Будслаў, а таксама заклікаючы ўсіх вас актыўна ўключыцца ў праграму адраджэння веры, гэтым распараджэннем зацвярджаю наступныя асноўныя яе пункты ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі на Год веры.

  1. Год веры распачынаецца 14 кастрычніка 2012 г. урачыстай святой Імшой, перад якой неабходна ўнесці і на адпаведным месцы ўсталяваць Дакументы Другога Ватыканскага Сабору і Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла.
  2. Гаміліі, катэхезы, фармацыйныя сустрэчы ўсіх узроўняў павінны ўключаць разважанні на тэму веры.
  3. Вернікі павінны вывучыць на памяць Сімвал веры.
  4. Святары, кансэкраваныя асобы і вернікі павінны грунтоўна вывучаць Святое Пісанне, Дакументы Другога Ватыканскага Сабору і Катэхізіс Каталіцкага Касцёла.
  5. Удзел у Эўхарыстыі ў нядзелю і прадпісаныя святы павінен стаць асаблівым вызнаннем нашай веры.
  6. З нагоды малітвы за памерлых на могілках (2 лістапада), што з’яўляецца праяўленнем нашай веры ў жыццё вечнае, неабходна паклапаціцца каб месцы спачывання памерлых былі адпаведна прыбраныя, асабліва святароў, кансэкраваных асобаў, а таксама тыя, пра якія няма каму клапаціцца.
  7. Неабходна аднавіць існуючыя крыжы, а ў месцах, дзе іх няма або яны знішчаны, па меры магчымасці ўстанавіць новыя.
  8. Больш выкарыстоўваць мас-медыя для распаўсюджвання праўдаў веры.
  9. Па магчымасці пашыраць сувязь са светам навукі і культуры, а таксама прысвяціць асаблівую ўвагу няверуючым.
  10. Парафіяльныя рэкалекцыі ў Адвэнт і Вялікі пост трэба правесці ў духу ўмацавання нашай веры і яе сувязі са штодзённым жыццём.
  11. Напярэдадні свята Нараджэння Пана неабходна арганізаваць у парафіях адвэнтовыя сустрэчы для розных груп людзей з мэтай дзялення аплаткай, каб такім чынам глыбей зразумець праўду веры аб уцелаўленні Збаўцы.
  12. У касцёлах і капліцах вывесіць лагатып Года веры.
  13. Правесці ў архідыяцэзіі перэгрынацыю копіі абраза Маці Божай Будслаўскай. Ва ўсіх парафіях перад перэгрынацыяй арганізаваць спецыяльны трыдуум.
  14. У першыя суботы месяца ад кастрычніка 2012 г. да чэрвеня 2013 г. правесці ў парафіях Навэнну да Маці Божай Будслаўскай.
  15. Арганізаваць тэматычныя сімпозіумы, прысвечаныя Другому Ватыканскаму Сабору, катэхізацыі і апосталам славян святым Кірылу і Мяфодзію.
  16. Быць сведкамі веры ў штодзённым жыцці, ажыццяўляць справы міласэрнасці і весці дыялог з іншымі веравызнаннямі.
  17. Трэба выкарыстаць традыцыю правядзення ў парафіях Працэсіі Божага Цела для паглыблення веры ў прысутнасць Хрыста ў Эўхарыстыі.
  18. Неабходна падтрымліваць звычай святкавання парафіяльных урачыстацяў з нагоды тытулу касцёла або апекуна, цэлебруючы ўрачыстую святую Імшу, праводзяцы эўхарыстычную працэсію і традыцыйныя набажэнствы з удзелам святароў з іншых парафій, каб такім чынам прычыняцца да будавання супольнасці і даць магчымасць вернікам падчас свята перажыць сустрэчу з Панам у сакрамэнце пакаяння і Эўхарыстыі.
  19. Пасля кожнай нядзельнай святой Імшы перад благаслаўленнем чытаць малітву аб умацаванні веры.
  20. Запланаваць пілігрымкі ў Святую Зямлю, Рым і іншыя святыя месцы.
  21. Зыходзячы з канкрэтнай сітуацыі святары могуць дадаць новыя ініцыятывы.


Давяраючы ўсіх вас апецы Маці Божай Будслаўскай, на плённае перажыванне Года веры ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск-Рым, 7 кастрычніка 2012 г.

_________________

P.S. Няхай святары прачытаюць гэтае Распараджэнне вернікам 14 кастрычніка 2012 г.

Малітва аб умацаванні веры

С.: Пане Езу, Сыне Бога жывога, умацуй нашую веру ў Тваё слова, у якім укрыта праўда і ў якім Ты прысутны. Асвяці наш розум і сэрца, каб мы ўважліва слухалі словы Евангелля і рашуча пазнавалі Тваю навуку, якую абвяшчае Касцёл. Спашлі на нас Духа, каб Ён прывёў нас да праўды.

Н.: Пане, умацуй нашую веру.

С.: Збаўца свету, умацуй нашую веру ў Тваё збаўчае дзеянне ў святых сакрамэнтах і Тваю прысутнасць сярод нас у знаку хлеба. Няхай нашая вера выяўляецца ў ахвотным пакланенні Табе і ў поўным удзеле ў сакрамэнтах, асабліва Эўхарыстыі.

Н.: Пане, умацуй нашую веру.

С.: Езу, Сыне Марыі, умацуй нашую веру ў Тваю прысутнасць у нас і іншых людзях. Не дазволь нам забыцца пра Твае словы: «Што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40). Дай нам сілы, каб мы служылі Табе ў людзях, да якіх Ты нас пасылаеш.

Н.: Пане, умацуй нашую веру.

С.: Прымі, Міласэрны Езу, нашую пакорную малітву аб умацаванні веры. Няхай яна фарміруе ўсё нашае жыццё і прывядзе нас да Цябе. Які жывеш і валадарыш на вякі вечныя.

Н.: Амэн.

Благаслаўленне

С.: Пан з вамі.

Н.: І з духам тваім.

С.: Схіліце галовы на благаслаўленне.

С.: Усемагутны Бог, які зрабіў вас сваімі дзецьмі, няхай умацуе вашую веру, каб верна выконвалі Яго волю.
 
Н.: Амэн.

С.: Божы Сын, які прысутнічае сярод нас, няхай вядзе вас шляхамі праўды і любові.

Н.: Амэн.

С.: Святы Дух, які напаўняе вас, няхай адкрывае вашыя вочы, каб вы маглі распазнаць Хрыста ў бліжніх.

Н.: Амэн.

С.: Няхай благаславіць вас Бог усемагутны, Айцец і Сын, + і Дух Святы.

Н.: Амэн.

С.: Ідзіце ў супакоі Хрыста.

Н.: Дзякуем Пану Богу.

Абноўлена 05.06.2017 13:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа