Пошук

24.09.2012 14:42  

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі!

11 кастрычніка 2012 г. распачынаецца Год веры, у які арганічна ўключаецца святкаванне 400-годдзя прыбыцця цудоўнага абраза Маці Божай у Будслаў.

З гэтай нагоды з мэтай больш інтэнсіўнага перажывання Года веры і ўшанавання Марыі, якая паверыла Богу (пар. Лк 1, 45), загадваю ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі правесці Навэнну да Маці Божай Будслаўскай і перэгрынацыю копіі яе цудоўнага абраза. Навэнна і перэгрынацыя будуць праходзіць пад дэвізам: «Марыя — Маці нашай веры». Для гэтага ў кожную першую суботу на працягу дзевяці месяцаў, пачынаючы ад кастрычніка, ва ўсіх парафіях архідыяцэзіі неабходна правесці адмысловыя набажэнствы, якія складаюцца са святой Імшы да Маці Божай Будслаўскай (хіба выпадае абавязковае свята), адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, Літаніі да Маці Божай, акту прысвячэння парафіі Маці Божай Будслаўскай і благаcлаўлення Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Перэгрынацыя копіі цудоўнага абраза Маці Божай Будслаўскай распачнецца 5 кастрычніка 2012 г. святой Імшой у 18.30 у мінскай архікатэдры і будзе праходзіць паводле распрацавагага плану па ўсіх парафіях архідыяцэзіі. Яна таксама плануецца і ў іншых дыяцэзіях Беларусі.

Перэгрынацыя завершыцца перанясеннем копіі цудоўнага абраза пілігрымамі з даўгінаўскага касцёла святога Станіслава ў Будслаў 5 ліпеня 2013 г. ва ўспамін таго, што менавіта 400 гадоў таму Даўгінава стала апошняй стацыяй перад прыбыццём цудоўнага абраза ў Будслаў.

У кожнай парафіі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі перад прыбыццём копіі цудоўнага абраза неабходна правесці адмысловы трыдуум духоўнай падрыхтоўкі паводле распрацаванага плану. План перэгрынацыі і правядзення трыдуума знаходзіцца ў спецыяльна падрыхтаванай для гэтай падзеі брашуры.

Навэнна і перэгрынацыя копіі цудоўнага абраза Маці Божай Будслаўскай павінны стаць часам падзякі за атрыманыя ласкі, асабліва за ласку свабоды веравызнання, часам перапрашэння за нашыя грахі і просьбы аб благаслаўленні на новыя часы, калі трэба бараніць веру ад уплываў секулярызму і лібералізму. Яны таксама павінны стаць дыяцэзіяльнымі рэкалекцыямі з мэтай вяртання да веры, яе ажыўлення і хрысціянскага сведчання, каб мы ўсе па прыкладу Марыі былі моцнымі сваёй верай.

Заахвочваю святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў прыняць у гэтых пастырскіх акцыях актыўны ўдзел і такім чынам духоўна падрыхтавацца да будслаўскага юбілею.

Да цябе, Марыя, поўная ласкі, звяртаюся са словамі: «Вітай на шляхах Навэнны і пілігрымкі копіі тваёй цудоўнай Будслаўскай выявы. Вітай у нашых парафіях і капліцах. Вітай, тая, якая ўжо чатыры стагоддзі валадарыш у будслаўскім санктуарыі. Вітай і выпрасі ў свайго Сына і нашага Збаўцы Езуса Хрыста ласку, каб мы мужна захоўвалі веру, умацоўваліся ў надзеі і заўсёды жылі ў любові».

Усіх, хто рыхтуе Навэнну і перэгрынацыю, а таксама прыме ў іх удзел, давяраю апецы Маці Божай Будслаўскай і ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына і Духа Святога.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі


Мінск, 14 верасня 2012 г.
Свята Узвышэння Святога Крыжа


Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае Слова вернікам 30 верасня 2012 г.

Абноўлена 05.06.2017 13:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.