Пошук

14.06.2012 12:41  

16 чэрвеня 2012 г., Пінск

Тэкст паслання на польскай мове >>>


Паважаныя святары, асобы кансэкраванага жыцця, умілаваныя вернікі Пінскай дыяцэзіі!

Дата 3 мая 2012 года назаўсёды ўпішацца ў гісторыю Каталіцкага Касцёла ў Беларусі як дзень, калі Яго Святасць папа Бэнэдыкт XVI абвясціў мяне дыяцэзіяльным біскупам Пінскай дыяцэзіі. 16 чэрвеня — гэта дзень, на які прызначана прыняцце гэтай пасады, згодна з кананічнай формай.

З вялікім узрушэннем я пераступіў парог катэдральнай святыні, пабудаванай у перыяд 1712–1730 гг., што мае тытул Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Кажам, што гэта гістарычны момант для Пінскай дыяцэзіі. Ён сапраўды гістарычны, бо пасля дзесяцігоддзяў адсутнасці ў ёй дыяцэзіяльнага біскупа Святы Айцец нанова прызначыў пастыра, ардынарыя для гэтай зямлі, якая раней шмат перажыла. Гэта гістарычны момант, бо пасля шматлікіх гадоў камунізму Касцёл на пінскай зямлі, як, дарэчы, і на іншых землях Беларусі, зноў можа свабодна, без перашкодаў выконваць сваё заданне, дадзенае Хрыстом, каб абвяшчаць Евангелле любові.

Задаём пытанне, з чым або з якім пасланнем прыходзіць у нашую супольнасць новы пастыр, біскуп Пінскай дыяцэзіі. Прыходзіць з тым пасланнем, якое абраў сабе шмат гадоў таму, прымаючы біскупскае пасвячэнне: «Ut unum sint» — «Каб былі адно». Як ведаем, гэта тыя ж самыя словы, якія прамовіў наш Збаўца ў вячэрніку. Словы, якія пакінуў нам у якасці задання, каб мы заўсёды імкнуліся да таго, што супольнае, да таго, што будуе, а не да падзелаў. Гэтыя словы змешчаны ў ніжняй частцы майго біскупскага герба, над якімі знаходзіцца якар, завершаны крыжам. Ведаеце гэты крыж, мае дарагія, бо ён вельмі характэрны для нашых прыдарожных каплічак, для нашых касцёлаў. Ведаеце гэты крыж, бо ён спадарожнічае вам ад пачатку вашага жыцця ажно да смерці. Будзем супольна выпрошваць гэтае адзінства для нашай дыяцэзіяльнай супольнасці праз заступніцтва Маці Хрыста, якую прадстаўляе ў правай частцы майго герба выява Маці Божай Навагрудскай і св. Андрэя Баболі, апостала нашай зямлі, бачнага ў ніжняй частцы майго герба. Прашу таксама заступніцтва магутнага Арханёла Міхала, які ўжо шмат гадоў з’яўляецца апекуном Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Мае дарагія! У такі ўзнёслы момант немагчыма прайсці абыякава вакол дзеяў і выдарэнняў, якія дасведчыла Пінская дыяцэзія і яе жыхары, пачынаючы ад 28 кастрычніка 1925 г. Тады папа Пій ХІ булай «Vixdum Poloniaeunitas» паклікаў да існавання гэтую слаўную дыяцэзію. Першым пінскім ардынарыем быў прызначаны біскуп Зыгмунт Лазінскі. Дыяцэзія ўвайшла ў склад Віленскай мітраполіі. Гэта да ягоных заслугаў адносіцца росквіт гэтай дыяцэзіі, ён паклікаў да жыцця Вышэйшую духоўную семінарыю. Чарговым маім дастойным папярэднікам на катэдры біскупа Пінскай дыяцэзіі быў біскуп Казімір Букраба. Пастырскую апеку ён здзяйсняў на працягу 14 гадоў, верна выконваючы служэнне сярод сваіх дыяцэзіянаў. Належыць таксама ўзгадаць былых апостальскіх адміністратараў велічнай дыяцэзіі: кс. інф. Вітальда Кшывіцкага і біскупа Уладзіслава Ендрушука.

Назаўсёды ў гісторыю дыяцэзіі ўпісаўся нядаўна спачылы кардынал Казімір Свёнтэк, які, паводле волі Святога Айца, быў Апостальскім адміністратарам дыяцэзіі. Раней, будучы маладым хлопцам, у 1939 годзе скончыў пінскую семінарыю. Будучы арцыбіскупам Мінска-Магілёўскім, адміністратар Пінскай дыяцэзіі распачаў аднаўленне духоўнай семінарыі ў Пінску для падрыхтоўкі новых святароў дзеля працы ў Беларусі. І так, пасля 62 гадоў перапынку, 12 верасня 2001 года была адноўлена дзейнасць Вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску. Але ж Пінская дыяцэзія — гэта таксама Катэхетычны каледж у Баранавічах, які займаецца адукацыяй будучых свецкіх катэхетаў.

На працягу апошніх месяцаў пасля смерці кардынала Казіміра Свёнтка Святы Айцец прызначыў Апостальскім адміністратарам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

Я не мог бы забыцца пра заслугі дапаможнага біскупа дыяцэзіі Казіміра Велікасельца і ягонага папярэдніка — біскупа Караля Неміра, які верна выконваў сваё служэнне ў дыяцэзіі.

Біскупаў заўсёды падтрымліваюць святары, якія з’яўляюцца распарадчыкамі сакрамэнтаў у Касцёле. Яны даказалі сваю вернасць асабліва ў цяжкія часы для пінскага Касцёла. Маю тут на ўвазе ваенны перыяд і пасляваенныя дзесяцігоддзі атэізму, які зведалі вернікі нашай дыяцэзіі. Прагну ўзгадаць святароў-папярэднікаў, якія падтрымлівалі веру ў народзе: кс. Росяка з Паланэчкі, кс. Пянткоўскага з Мядзведзічаў, кс. Рыжка з Лагішына, кс. Лазара з Брэста, кс. Гжыбоўскага з Чарнаўчыц, кс. Варанецкага з Ружанаў, кс. Рагоўскага з Баранавіч, кс. Шаплевіча з Дарава, кс. Згрызу са Сталовіч, кс. Барысюка з Косава і кардынала Свёнтка з Пінска.

Мае дарагія, Пінская дыяцэзія — гэта дыяцэзія з гісторыяй і традыцыямі. Яе магутным заступнікам і апекуном з’яўляецца св. Андрэй Баболя, мучанік за веру, які прыняў смерць, моцна трываючы ля Хрыста, у недалёкім Янаве Палескім. Заклікаем яго, каб благаславіў нас у дзень, калі распачынаецца новы этап Пінскай дыяцэзіі. Сёння просім аб ягонай дапамозе, бо ўсцяж хачу ад яго вучыцца вернасці Хрысту да канца.

Браты і сёстры, гісторыя існуе для таго, каб вучыць нас, а мы яе пазнаём, памятаем аб ёй не толькі дзеля таго, каб мець веды, але перадусім дзеля таго, каб рабіць высновы і чэрпаць з яе ў будучыні.

Мой біскупскі дэвіз, як я ўжо ўзгадаў напачатку, гучыць: «Ut unum sint» — «Каб былі адно». Гэта словы Пана Езуса, які падчас Апошняй Вячэры маліўся за Апосталаў і прасіў не толькі за іх. Сваю малітву Ён узносіў таксама за тых, хто, дзякуючы іх слову, будзе верыць у Яго. Хрыстус маліўся таксама і за нас. Езус просіць: «Каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, а Я ў Табе, каб і яны былі адно ў Нас, каб свет паверыў, што Ты паслаў Мяне».

Маім вялікім прагненнем заўсёды было, каб усе былі адно. Ці гэтыя словы могуць быць маёй праграмай на будучыню? Так. Дарэчы, яны заўсёды былі маёй праграмай. Былі маёй праграмай тады, калі я быў пробашчам у Навагрудку, рэктарам у Гродне, калі нёс біскупскае служэнне ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, калі быў дапаможным біскупам. Гэта мая праграма на сёння і на будучыню. Распачынаючы сваё служэнне ў Пінскай дыяцэзіі, горача прашу Хрыста, каб усе былі адно. І тут не ідзе гаворка пра нейкія таварыствы ці арганізацыйныя супольнасці. Маю на ўвазе такое з’яднанне, якое вынікае з жыцця Найсвяцейшай Тройцы.

Калі адкрыем кнігу Святога Пісання, а менавіта Дзеі Апосталаў, то прачытаем там, што пасля Спаслання Духа Святога «адзін дух і адно сэрца ажыўлялі ўсіх веруючых» (Дз 4, 32). Гэтае адзінства ў першых супольнасцях было заснавана на блізкасці старэйшых людзей і маладых, бедных і багатых, хворых і здаровых. Аднак жа такога адзінства немагчыма дасягнуць толькі чыста чалавечымі намаганнямі. Яе дасягненне магчыма толькі дзякуючы Уваскросламу Хрысту, які дзейнічае ў Касцёле. Менавіта аб такім адзінстве, мае дарагія, хочам прасіць, да такой еднасці прагнем імкнуцца, бо толькі такое адзінства пабуджае да веры.
 
Пінская дыяцэзія багатая на розныя падзеі, аднак заўсёды была і ёсць вернай Хрысту. Сведчаннем гэтага з’яўляюцца цудоўныя святыні, каплічкі, прыдарожныя крыжы і іншыя знакі хрысціянскай культуры. Марыйныя санктуарыі, якія ззяюць у нашай дыяцэзіі, сведчаць пра вялікі культ і давер да Маці Хрыста. Штогод шматлікія пілігрымы прыбываюць да Марыі, якая валадарыць у сваёй выяве ў Лагішыне. Марыя, якая выбрала сабе месца ў касцёле ў Брэсце, на працягу стагоддзяў спаглядала і ўсцяж спаглядае сваім матчыным позіркам на наш край, выпрошваючы ласкі ў свайго Сына. На ўсходзе вялікай пашанай адорваецца Божая Маці ў Юравіцкім абразе. Распачынаючы новы перыяд дыяцэзіі, хочам толькі пацвердзіць нашу гатоўнасць да трывання ў веры нашых продкаў, праайцоў.

Ставячы сёння пытанне пра будучыню нашай дыяцэзіі, я хацеў бы спачатку звярнуцца да духавенства. На вас абапіраліся мае дастойныя папярэднікі — кардынал Казімір Свёнтэк, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, давяраючы вам шмат складаных справаў у не менш цяжкі час. Гэта быў ваш труд і намаганне — учыніць дыяцэзію такой, якой яна ёсць сёння. Маю на ўвазе адноўленыя касцёлы, але перадусім Касцёл Хрыстовы, які падымаецца і яднаецца ў веры, жывы Касцёл, пабудаваны з людзей. Не забывайце, аднак, пра тое, што найважнейшае, як казала св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус: «Пане Езу, які даў святарам моц перамяняць хлеб і віно ў Тваё Цела і Тваю Кроў, дай ім моц перамяняць людскія сэрцы!» Прыняцце паслугі дыяцэзіяльнага біскупа аблягчае мне ўсведамленне, што я не адзін, што вы са мной. Прашу вас сёння, каб і надалей былі адно са сваім біскупам. А нашым супольным ідэалам і правадніком няхай будзе св. Андрэй Баболя.

Я вельмі рады, што ў дыяцэзіі ёсць шмат манаскіх супольнасцяў, як мужчынскіх, так і жаночых. Маю свядомасць таго, што менавіта вы першыя, нягледзячы на цяжкасці, прыбылі на пінскую зямлю, каб нанова абвяшчаць Хрыста. Кансэкраванае жыццё знаходзіцца ў сэрцы Касцёла — як кажуць дакументы Другога Ватыканскага Сабору. Таму тым большая мая радасць, але адначасова і ваша адказнасць. Падтрымлівайце мяне, прашу, таксама малітвай. Няхай яна спадарожнічае мне на кожным кроку майго служэння.

Дарагія алюмны! Адкрывайце прыгажосць святарства, углядаючыся ў прыклад шматлікіх цудоўных святароў, як тых, што жывуць, так і тых, хто адышоў ужо да Пана.

Яшчэ раз нагадаю дэвіз майго біскупства, які гучыць: «Ut unum sint», што значыць: «Каб былі адно». Вялікім багаццем на тэрыторыі дыяцэзіі з’яўляюцца супольнасці іншых веравызнанняў. Прадстаўнікоў гэтых супольнасцяў запэўніваю ў маёй адкрытасці на супольны дыялог. Спадзяюся, што супольныя намаганні дапамогуць нам яшчэ паўней у рознасці вызнанняў набліжацца да Хрыста, у якім вера мае свой пачатак і канец.

Звяртаюся да вас, кіраўнікоў нашых абласцей, раёнаў, гарадоў і вёсак. Гэта добра, што дбаеце пра нашы гарады, будынкі, якія вытрывалі на працягу шматлікіх пакаленняў. Стараецеся ствараць сучасныя гарады, месцы працы, шпіталі. Гэта ўсё дзеля таго, каб сучасная сям’я магла функцыянаваць у дабрабыце і шчасці. Прашу, каб вашым клопатам было таксама духоўнае дабро жыхароў. Веру і спадзяюся, што разам, супольнымі намаганнямі будзем працаваць, каб гэтая спадчына, якой з’яўляецца вера, аберагалася і перадавалася наступным пакаленням.

Звяртаюся да вас, дарагія вернікі Пінскай дыяцэзіі. Звяртаюся да вас словамі св. Аўгустына: «Для вас я — біскуп, з вамі я — хрысціянін». Сардэчна вас вітаю і прашу, каб вы разам са мной, з дыяцэзіяльным і законным духавенствам узнялі працу будавання адзінства ў Касцёле. Прашу, каб вашыя сем’і былі школай любові і еднасці, каб усе былі адно ў Хрысце. Няхай нас не раздзеляць ніякія перашкоды, але няхай узмацняюць нас, каб мы трывалі ў веры нашых продкаў.

Дарагія браты і сёстры! Дазвольце на заканчэнне ўзгадаць словы Пана Езуса: «Каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, а Я ў Табе, каб і яны былі адно ў Нас, каб свет паверыў, што Ты паслаў Мяне».

Няхай нашым супольным намаганнем будзе клопат, каб свет паверыў у Хрыста. Давяраю маё служэнне ў Пінскай дыяцэзіі Марыі, Маці Езуса і нашай Маці. Паэтэса, якая жыла на гэтых землях у ХІХ ст., Марыя Канапніцкая, так пісала пра яе заступніцтва: «Ніколі цябе я, народзе мой, не пакінула. Ніколі ад цябе не адвярнула твару. Я, здаўна, моц твая і сіла, Багародзіца!» Няхай яна павядзе мяне і ўсіх нас бяспечным шляхам, часам, можа нялёгкім, але заўсёды бяспечным, да свайго Сына Езуса Хрыста. Малюся, і вы таксама маліцеся, будзем маліцца адно за аднаго ўзаемна, каб усе былі адно. Амэн.

Біскуп Антоні Дзям’янка
Дыяцэзіяльны біскуп Пінскай дыяцэзіі

Гэтае пасланне трэба прачытаць ва ўсіх святынях Пінскай дыяцэзіі ў бліжэйшую нядзелю пасля 16 чэрвеня 2012 г.

Абноўлена 05.06.2017 13:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця