Біскуп Пінскі заахвочвае вернікаў пражыць жнівень як месяц асаблівага сведчання і малітвы аб цвярозасці нашага народа.
Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі
Дарагія дыяцэзіяне!
Цяпер, калі многія знаходзяцца на летнім адпачынку, я звяртаюся да вас з той самай просьбай, што і кожны год. Я заахвочваю ўсіх пражыць жнівень як месяц асаблівага сведчання і малітвы аб цвярозасці нашага народа.
Сёлета тэма ўстрымання ад алкаголю ўпісана ў разважанні аб сітуацыі ў нашых сем’ях. Менавіта сям’і прысвечаны гэты год у Касцёле на Беларусі.
Камусьці, магчыма, здаецца, што разважанні аб праблеме цвярозасці ў жніўні малаэфектыўныя. Але мы ідзем следам за заклікам св. Паўла, які казаў: «Прапаведуй слова, будзь настойлівы ў спрыяльны і неспрыяльны час, аспрэчвай, папраўляй, заахвочвай з усёй цярплівасцю ў навучанні» (2 Цім 4, 2). Заахвочаны словамі апостала, я яшчэ раз звяртаюся да кожнага з вас: ратуйце свае сем’і, блізкіх, родных і знаёмых! Не выкідвайце свае грошы на алкаголь! Будзьце свабоднымі, а не нявольнікамі! Трэба радавацца сапраўднай свабодзе. Тады ўбачыце радасныя вочы сваіх мам, жонак, мужоў, бацькоў і дзяцей. Рабіце ўсё, каб не ўцякаць ад іх плачу і не мець дакораў сумлення.
Алкаголь стварае ілюзію радасці. Але гэта не радасць вольнага чалавека. Радасць у сям’і паходзіць ад хвілін, праведзеных разам з блізкімі. Цвярозы погляд на жыццё дапамагае з радасцю працаваць дзеля дабра бліжніх нават тады, калі іх дакранаюць выпрабаванні і пакуты. Калі любім, то будзем дапамагаць бліжнім.
Там, дзе ёсць сапраўдная любоў, не застаецца месца для бегства ў алкагольную залежнасць. Любоў патрабуе шчырасці і цвярозасці.
Пан Бог трымае лёсы свету і людзей у сваіх руках. Гэта добрыя і надзейныя рукі. Моцныя рукі, а пры гэтым далікатныя і міласэрныя. Ім Сын Божы аддаў свой дух (пар. Лк 23, 46; Пс 31, 6). Тыя ж самыя рукі перанеслі Хрыста са смерці да жыцця, як першароднага сярод тых, якія памерлі (пар. 1 Кар 15, 20). У гэтых руках і нашыя лёсы, жыццё, гісторыя… Мы маем надзею, бо давяраем рукам Божай Прадбачлівасці.
Калі ў 1655 годзе шведы занялі Кракаў і Вавэль, шведскі кароль Карл Густаў пайшоў у катэдру. Яго суправаджаў стары канонік Станіслаў Старавольскі, які распавядаў манарху пра гісторыю Польшчы. У пэўны момант кароль перарваў прамову каноніка і сказаў: «Але ж гэта ўсё ўжо нашае!» Старавольскі са спакоем адказаў: «Шчасце не вечнае. Вечны толькі Бог, і Ён чыніць цуды». У хуткім часе шведы адступілі і ўсё зноў стала на свае месцы.
Умілаваныя! У гэтым лісце заахвочвання я хачу таксама звярнуцца да прыкладу нашага вялікага Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага. Яго евангельскі радыкалізм датычыў у тым ліку справы цвярозасці. Гэты вялікі пастыр нашай зямлі пытаўся: «Ці можа зняволены чалавек расказваць пра свабоду іншым людзям? Ці можа неразумны чалавек браць адказнасць за лёс сям’і і Айчыны?» Гэтыя пытанні Слуга Божы кіруе і да нас, а таксама чакае адказу і хрысціянскага сведчання.
Дарагія браты і сёстры, калі мы гаворым аб цвярозасці, то падымаем надзвычай важнае пытанне. Мы свабодныя, калі цвярозыя. Толькі ў чалавека сярод іншых стварэнняў на зямлі ёсць розум і вольная воля.
П’янства, аднак, гэтыя дары знішчае. Таму, заахвочваючы да сведчання аб цвярозасці, я хачу дадаць заклік: будзьма сапраўднымі людзьмі!
Пакідаю вам гэтыя думкі, заклікаю да сумеснага сведчання і малітвы за нашыя сем’і і аб цвярозасці ў іх.
З пастырскім благаслаўленнем,
+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Пінск, 29.07.2019 г.
Паважаныя святары абвесцяць гэты ліст вернікам у нядзелю 4 жніўня падчас кожнай св. Імшы і размесцяць яго на прыкасцёльнай дошцы аб’яваў на ўвесь месяц жнівень.