У дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай у Тракелях ушаноўваецца цудатворны абраз Маці Божай Тракельскай. У 1994 г. біскуп Аляксандр Кашкевіч пастанавіў адзначаць свята цудатворнага абраза Маці Божай Тракельскай у першую нядзелю ліпеня як дыяцэзіяльную ўрачыстасць. У Тракелі ладзяцца штогадовыя пілігрымкі.
Даведка
- Тытул дыяцэзіяльнага санктуарыя: Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі
- Адпусты: 31 мая; 1-я субота ліпеня
- Святая Імша:
- у нядзелю і святы ў 10.00, 13.00
- у звычайныя дні ў 18.00 (зімой), 19.00 (летам)
- Адрас: 231372, в. Тракелі, Воранаўскі р-н, Гродзенская вобл.
- Тэл.: +375 159-478-37
З гісторыі санктуарыя
Паводле архіўных звестак, першы парафіяльны касцёл у Тракелях быў закладзены ў 1500 г. віленскім ваяводам Марцінам Гаштольдам. Аднак, паводле некаторых дадзеных, Марцін Гаштольд быў ваяводам троцкім і памёр у 1483 г., а віленскім ваяводам у 1522-1539 гг. быў яго сын Альбрэхт Гаштольд. Па прычыне гэтых разыходжанняў, а таксама з-за адсутнасці іншай дакладнай даты, заснаванне касцёла трэба аднесці да першай паловы XVI ст.
Першы касцёл знаходзіўся ў паўночнай частцы вёскі. Пазней быў пабудаваны драўляны касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Падчас нашэсця маскоўскіх войскаў у 1655–1659 гг. тракельская святыня, як і многія іншыя, была знішчана. Дзякуючы намаганням айцоў езуітаў касцёл быў адбудаваны і ў 1687 г. кансэкраваны Віленскім суфраганам Уладзіславам Сільніскім.
Аднак святыня не праіснавала і стагоддзя, як зноў была знішчана падчас нашэсця шведаў каля 1705 г. Агульнымі намаганнямі айцоў езуітаў і парафіянаў у 1758 г. касцёл быў нанава адбудаваны і кансэкраваны пад тытулам Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Драўляны будынак святыні, які мы бачым сёння, пабудаваны Стэфанам Незабыткоўскім ў 1809 г.
Грунтоўная рэстаўрацыя будынка была здзейснена ў 1866 г. адміністратарам тракельскай парафіі кс. Юзафам Сідорскім. Пазней касцёл яшчэ некалькі разоў рэстаўраваўся. Паводле парафіяльных хронік, святыня набыла сучасны выгляд у 1928 г.
З гісторыі абраза Маці Божай Тракельскай
У тракельскім касцёле Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, заснаваным у 1500 г. віленскім ваяводам Марцінам Гаштольдам, у галоўным алтары знаходзіцца абраз рымскай іканаграфіі, які згодна з легендай быў намаляваны ў канцы ХVІ ст. Паводле адной з легендаў, абраз, прывезены з Вільні ў 1595 г., здаўна славіўся шматлікімі цудамі. Ён з’яўляецца адным з самых высокамастацкіх спісаў Маці Божай «Снежнай» у Беларусі. Невядомы віленскі мастак стварыў надзвычай прыгожы і высакародны вобраз Багародзіцы з Дзіцяткам. Па характары вобразаў яго можна параўнаць з абразом 1640 г. віленскага мастака фламандскага паходжання Пенса ў Святой Ліпцы на Варміі. Дасканаламу познерэнесансаваму жывапісу адпавядае металёвая шата з каронамі. У другой палове XVII ст. (магчыма, каля 1664 г.) абраз Маці Божай з Дзіцяткам быў дапоўнены выявай укленчанага св. Казіміра з ружанцам у руках. У 1994 г. біскуп Аляксандр Кашкевіч пастанавіў адзначаць свята цудадзейнага абраза Маці Божай Тракельскай у першую нядзелю ліпеня як дыяцэзіяльную ўрачыстасць. У Тракелі ладзяцца штогадовыя пілігрымкі.