Пошук

14.12.2018 16:46   Catholic.by

Нацыянальны санктуарый у Будславе займае цэнтральнае месца ў жыцці Касцёла на Беларусі. Абраз Маці Божай Будслаўскай — апякункі Беларусі — як цудадзейны ўпершыню ўзгадваецца ў 1617 г. Галоўная ўрачыстасць — 2 ліпеня, а святкаванне — у першую суботу ліпеня.


Даведка

  • Тытул санктуарыя: Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
  • Адпусты: 2 ліпеня, 15 жніўня
  • Святая Імша:
    • у нядзелі і святы 10.30, 12.00
    • у звычайныя дні 18.00
    • у суботу 12.00
    • маёвыя і чэрвеньскія набажэнствы пасля Імшы на 18.00 (у суботу пасля Імшы на 12.00)
    • ружанцовыя набажэнствы 17.30 (у суботу 11.30)
  • Адрас: Чырвоная плошча, 8, 220374 в. Будслаў, Мядзельскі раён, Мінская вобласць
  • Тэл.: +375 29 365 83 01;  +375 17 973-13-73, тэл./факс: +375 17 973-13-99

Разліковы рахунак для ахвяраванняў: BY12BAPB30153404200100000000 у ААТ «Белаграпрамбанк»

УНП 60019566

Атрымальнік: Рэлігійная абшчына «Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі» а.г. Будслаў Мядзельскага раёна


З гісторыі парафіі

  • 1530 г. — браты бернардынцы з Віленскага кляштара прыязджаюць у паселішча Буду (у гістарычных дакументах яно вядома таксама як Буцлаў) і будуюць тут невялікую драўляную капліцу;
  • 1591 г. — асвечаны драўляны касцёл пад тытулам Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі;
  • 1613 г. — у Будславе з’яўляецца цудоўны абраз Маці Божай;
  • 28 жніўня 1633 г. — у будслаўскай рэзідэнцыі закладзены краевугольны камень першага каменнага касцёла;
  • 1643 г. — заканчэнне будаўніцтва святыні;
  • 9 ліпеня т.г. — асвячэнне новай святыні;
  • 29 ліпеня 1767 г. — закладзены краевугольны камень пад велічную базыліку;
  • 7 верасня 1783 г. — урачыстае асвячэнне базылікі пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі;
  • 9 снежня 1787 г. — Будслаў становіцца самастойнай парафіяй;
  • 1858 г. — зачыняецца кляштар. Касцёл дзейнічае ўжо толькі як парафіяльны. Кляштарныя карпусы пасля падаўлення паўстання 1863 г. перадаюцца царскім войскам, а ў канцы ХIХ ст. цалкам разбіраюцца;
  • 1919–1939 гг. — будынак касцёла, ягонае ўбранне рэстаўруюцца і абнаўляюцца;
  • З 1990-х гг. — пачалося адраджэнне будслаўскіх святыняў;
  • 2 ліпеня 1992 г. — адбылася першая пілігрымка;
  • 1996 г. — вяртанне ў Будслаў бернардынцаў;

Сёння будслаўскі касцёл аб’яўлены помнікам архітэктуры рэспубліканскага значэння. Плебанія, пабудаваная побач з ім у ХІХ ст., таксама прызнана помнікам дойлідства з рысамі эклектыкі. Выдатна захавалася капліца на старажытных парафіяльных могілках — гэта невялікая прамавугольная ў плане пабудова з буту пад двухсхільным дахам, узведзеная ў духу класіцызму.

З гісторыі абраза

Паводле хронікі будслаўскага бернардынскага кляштара, абраз Маці Божай Будслаўскай знаходзіцца ў Будзе (сучасным Будславе) з 1613 г. У 1598 г. абраз быў падараваны мінскаму ваяводу Яну Пацу, які вельмі шанаваў яго і заўсёды вазіў з сабою. Пасля смерці Паца ў 1610 г. абраз застаўся яго капелану Ісаку Салакаю, пазней — даўгінаўскаму вікарыю. У 1613 г. Салакай, які быў у Будславе ў Вялікі чацвер і пятніцу, узрушаны набажэнствам, а таксама па просьбе айцоў, ахвяраваў абраз касцёлу.

Змешчаны ў драўляным касцёле, абраз з самага пачатку быў шанаваны простым людам, праславіўся цудамі і ласкамі і ў 1635 г. быў перанесены ў галоўны алтар. Гісторыя і цуды абраза, пачынаючы з 1617 г., былі апісаны прыёрам Элеўтэрыем Зеляевічам у кніжцы «Задыяк на зямлі». Першы цуд зафіксаваны ў 1617 г. — вяртанне зроку пяцігадоваму хлопчыку Язафату Тышкевічу, які пазней стаў вядомым айцом кармэлітам.

У наш час абраз Маці Божай Будслаўскай стаў агульнабеларускай святыняй, што выразна пацвердзілася каранацыяй абраза, якая адбылася 2 ліпеня 1998 г. і была здзейснена кардыналам Казімірам Свёнткам. З 1992 г. адроджана традыцыя пілігрымак у Будслаў.

Абноўлена 03.05.2019 14:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.