Пошук


Стан на 1 лістапада 2024 г.


Каталіцкі Касцёл на Беларусі, верны Богу і Апостальскай Сталіцы, клапоціцца пра тое, каб Хрыстовыя вернікі былі насычаныя Божым словам і ўмацаваныя святымі сакрамэнтамі. Першыя крокі адраджэння Касцёла на Беларусі былі ўчыненыя пасля прызначэння ў 1989 г. біскупа Тадэвуша Кандрусевіча Апостальскім Адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для католікаў у Беларусі. Акрамя вяртання святыняў і наладжвання пастырства, клопатам першага біскупа была падрыхтоўка на беларускай мове «Катэхізіса» і «Парадку Імшы».

Неабходнасць выкарыстання роднай мовы ў літургіі Касцёла на Беларусі, які распачаў сваё адраджэнне, а таксама падрыхтоўка катэхетычнай і рэлігійнай літаратуры на беларускай мове паслужыла стварэнню ў 1992 г. «Камісіі па перакладзе літургічных тэкстаў і рэлігійнай літаратуры», у склад якой увайшлі 4 святары (кс. Ул. Завальнюк, кс. А. Дзям’янка, кс. В. Жыльветра, кс. М. Сапель) і 5 свецкіх асобаў (І. Жарнасек, А. Жлутка, К. Лялько, А. Новікава, М. Чапля). Старшынёй быў прызначаны кс. Ул. Завальнюк. Дэкрэт аб скліканні быў падпісаны арцыбіскупам Казімірам Свёнткам 5 ліпеня 1992 г. У выніку працы Камісіі былі здзейсненыя пераклады літургічных і біблійных тэкстаў, неабходныя ў той час для выкарыстання ў Літургіі і ў рэлігійнай літаратуры.

5 мая 1995 г., беручы пад увагу пастанову Святарскай рады Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, кардынал Казімір Свёнтэк наноў склікаў Камісію, якая атрымала назву «Мітрапалітальнай камісіі па тлумачэнні літургічных тэкстаў і рэлігійнай літаратуры». У склад гэтай Камісіі ўвайшлі кс. А. Дзям’янка, кс. В. Жыльветра, кс. Ф. Кісель, кс. Т. Крыштопік, кс. М. Сапель, І. Жарнасек, А. Жлутка, К. Лялько, А. Новікава, а таксама, у якасці кансультанта кс. С. Гаек. З 1999 г. у працы Камісіі дапамагала М. Пашук, а пазней таксама М. Гракаў і А. Кузьміч. Рашэннем ККББ ад 1 лютага 2000 г. старшынёй Камісіі быў прызначаны кс. М. Сапель.

У гэты перыяд праца Камісіі пераважна была сканцэнтравана на падрыхтоўцы перакладу «Рымскага Імшала для дыяцэзій на Беларусі». Гэтая праца была распачата даўно і была працяглай і складанай, бо не існавала распрацаванай тэрміналогіі. Здаралася, што неаднойчы Канферэнцыя Біскупаў, якая сачыла за працай, прымала канчатковае рашэнне ў спрэчных пытаннях. Калі праца набліжалася да завяршэння, Апостальская Сталіца (у юбілейным 2000 г.) абвясціла трэцяе ўзорнае выданне «Рымскага Імшала». У сувязі з гэтым было прынята рашэнне Канферэнцыяй Біскупаў, што Імшал на беларускай мове павінен быць зроблены паводле новага ўзорнага выдання.

У 2002 г. адбыліся персанальныя змены ў Камісіі. Дэкрэтам ад 13 красавіка 2002 г. да працы ў Камісіі былі прызначаны кс. М. Сапель, кс. Ф. Кісель, кс. І. Лашук, кс. Ян Крэміс, а. А. Куляха, А. Жлутка, М. Пашук, М. Гракаў, К. Лялько, А. Новікава. Мэты і заданні Камісіі засталіся ранейшыя. Аднак пільнай патрэбай Касцёла стала стварэнне Лекцыянарыя на беларускай мове, паколькі былі неабходныя тэксты для св. Імшы, якая трансліравалася па радыё з архікатэдральнага касцёла ў Мінску. Спробы перакладу Лекцыянарыя былі ўжо ў 1997 г. Тады над гэтым працавалі А. Бяляцкі і А. Жлутка. Цяпер жа гэтае заданне было даручана А. Кузьмічу і М. Пашук. Куратарам працы спачатку быў кс. І. Лашук, а затым кс. Ян Крэміс.
Пасля заканчэння працы над перакладам Імшала некаторыя сябры Камісіі, у тым ліку і старшыня, у сувязі з іншымі абавязкамі папрасілі аб звальненні са складу Камісіі. Дэкрэтам Старшыні Канферэнцыі Біскупаў у верасні 2004 г. Камісія была рэарганізавана ў «Мітрапалітальную камісію па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла», а ў снежні таго ж года рашэннем ККББ атрымала статус «Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла» Літургічнай камісіі пры ККББ. Быў скліканы наступны склад Секцыі: кс. Ян Крэміс (старшыня), кс. І. Лашук, кс. Ф. Кісель, кс. Ян Кучынскі, а. А. Куляха, М. Пашук, М. Барткова, А. Жлутка, А. Кузьміч. У кастрычніку 2007 г. у склад Секцыі замест А. Жлуткі была ўключана А. Сухоцкая. Склад Секцыі падабраны з улікам адпаведнай адукацыі, вопыту працы і ўдзелу прадстаўнікоў паасобных дыяцэзій. У дзейнасці Секцыі ў залежнасці ад роду працы і патрэбы прымаюць удзел кансультанты.

Актуальная назва Секцыі: «Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла» Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Секцыя па перакладзе пры Канферэнцыі Біскупаў атрымала ў спадчыну зробленую працу Мітрапалітальнай камісіі. З 1992 г. па 2004 г. Камісіяй было здзейснена шмат перакладаў літургічных і біблійных тэкстаў, распрацавана пэўная тэрміналогія. Трэба адзначыць, што гэта былі першыя крокі духоўна-асветніцкага адраджэння пасля атэістычнага перыяду ў жыцці нашай Айчыны, а менавіта: падрыхтоўка і выданне «Рымскага Імшала для дыяцэзій на Беларусі», малітоўніка «Ойча наш», катэхізіса «Падрыхтоўка да канфірмацыі», «Малітвы вернікаў», «Парадку хросту», дакументаў Святога Айца Яна Паўла ІІ і г.д.

За перыяд дзейнасці Секцыі па перакладзе з 2004 г. па 2024 г. былі перакладзены, зацверджаны адпаведнай касцёльнай уладай (Канферэнцыяй Біскупаў або / і Апостальскай Сталіцай) і выдадзены наступныя кнігі.


Рытуалы:
1. «Парадак пасвячэння біскупа, прэзбітэраў і дыяканаў».
Адобраны Канферэнцыяй Біскупаў 28.12.2004 г.
Зацверджаны Апостальскай Сталіцай 31.05.2006 г.
Выдадзены ў 2015 г. (225 стар.)
2. «Парадак канфірмацыі».
Адобраны Канферэнцыяй Біскупаў 30.06.2005 г.
Зацверджаны Апостальскай Сталіцай 21.01.2006 г.
Выдадзены ў 2010 г. (72 стар.)
3. «Парадак цэлебрацыі сужэнства».
Адобраны Канферэнцыяй Біскупаў 04.04.2006 г.
Зацверджаны Апостальскай Сталіцай 19.01.2007 г.
Выдадзены ў 2010 г. (170 стар.)
4. «Парадак намашчэння хворых і пастырскай апекі над імі».
Адобраны Канферэнцыяй Біскупаў 12.04.2007 г.
Зацверджаны Апостальскай Сталіцай 24.04.2008 г.
Выдадзены ў 2009 г. (225 стар.)
5. «Парадак пахавання».
Адобраны Канферэнцыяй Біскупаў 20.09.2007 г.
Зацверджаны Апостальскай Сталіцай 14.05.2008 г.
Выдадзены ў 2012 г. (336 стар.)
6. «Святая Камунія і культ эўхарыстычнай таямніцы па-за Імшой»
Адобраны Канферэнцыяй Біскупаў 12.03.2008 г.
Зацверджаны Апостальскай Сталіцай 12.01.2009 г.
Выдадзены ў 2017 г. (140 стар.)
7. «Парадак пакаяння»
Адобраны Канферэнцыяй Біскупаў 05.12.2008 г.
Зацверджаны Апостальскай Сталіцай 16.07.2009 г.
Выдадзены ў 2016 г. (268 стар.)
8. «Парадак хрысціянскага ўтаямнічання дарослых»
Адобраны Канферэнцыяй Біскупаў 15.09.2011 г.
Зацверджаны Апостальскай Сталіцай 04.06.2016 г.
Выдадзены ў 2017 г. (314 стар.)
9. «Парадак пасвячэння касцёла і алтара»
Адобраны Канферэнцыяй Біскупаў 27.02.2020 г.
Зацверджаны Апостальскай Сталіцай 21.05.2021 г.
Выдадзены ў 2022 г. (224 стар.)

Літургія гадзінаў:
1. Літургія гадзінаў. І том. «Перыяд Адвэнту. Перыяд Нараджэння Пана».
Адобраны Канферэнцыяй Біскупаў 14.06.2006 г.
Выдадзены ў 2012 г. (1430 стар.)
2. Літургія гадзінаў. ІІ том. «Перыяд Вялікага посту.
Святы Пасхальны Трыдуум. Велікодны перыяд».
Адобраны Канферэнцыяй Біскупаў 20.09.2007 г.
Выдадзены ў 2013 г. (1964 стар.)
3. Літургія гадзінаў. ІІІ том. «Звычайны перыяд I-XVII».
Адобраны Канферэнцыяй Біскупаў 05.12.2014 г.
Выдадзены ў 2015 г. (1878 стар.)
4. Літургія гадзінаў. ІV том. «Звычайны перыяд I-XVII».
Адобраны Канферэнцыяй Біскупаў 28.10.2019 г.
Выдадзены ў 2020 г. (1854 стар.)

Іншыя літургічныя кнігі:
1. «Святы Пасхальны Трыдуум»
Паводле «Рымскага Імшала для дыяцэзій на Беларусі» (Мінск, 2004)
Выдадзены ў 2015 г. (100 стар.)
2. «Мука Пана нашага Езуса Хрыста»
Паводле «Святое Евангелле» (Мінск, 2012)
Выдадзена ў 2015 г. (72 стар.)
3. «Малітва вернікаў», 2-е выд. выпр. і дап.
Imprimatur Старшыні ККББ №274/К/19 ад 16.11.2019 г.
Выдадзена ў 2019 г. (578 стар.)

Дакументы Касцёла:
1. «Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла»
Адобраны Канферэнцыяй Біскупаў 12.04.2007 г.
Выдадзены ў 2010 г. (256 стар.)
2. «Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла».
Адобраны Канферэнцыяй Біскупаў 26.06.2007 г.
Выдадзены ў 2011 г. (608 стар.)
3. «Дакументы Другога Ватыканскага Сабору»
Адобраны Канферэнцыяй Біскупаў 11.09.2008 г.
Выдадзены ў 2008 г. (648 стар.)

Дакументы Папаў:

Булы
Була Францішка «Misericordiae Vultus»
Апостальскія лісты
Апостальскі ліст Яна Паўла ІІ «Dies Domini»
Апостальскі ліст Францішка «Aperuit Illis»
Апостальскі ліст Францішка «Scripturae Sacrae affectus»
Апостальскі ліст Францішка «Patris corde»
Апостальскі ліст Францішка «Antiquum ministerium»
Апостальскі ліст Францішка «Desiderio Desideravi»
Апостальскі ліст Францішка «Admirabile signum»

Адгартацыі
Адгартацыя Бэнэдыкта XVI «Sacramentum Caritatis»
Адгартацыя Бэнэдыкта XVI «Verbum Domini»
Адгартацыя Францішка «Evangelii gaudium»
Адгартацыя Францішка «Amoris laetitia»
Адгартацыя Францішка «Gaudete et exsultate»
Адгартацыя Францішка «Laudate Deum»
Адгартацыя Францішка «C’est la confiance»

Энцыклікі
Энцыкліка Бэнэдыкта XVI «Deus caritas est»
Энцыкліка Бэнэдыкта XVI «Spe salvi»
Энцыкліка Бэнэдыкта XVI «Caritas in veritate»
Энцыкліка Францішка «Lumen fidei»
Энцыкліка Францішка «Laudato si’»
Энцыкліка Францішка «Fratelli tutti»


Тэксты дакументаў Касцёла і Папаў размешчаны на сайце Апостальскай Сталіцы: www.vatican.va і на афіцыйным сайце Кaталіцкага Касцёла ў Беларусі: сatholic.by.

Святое Пісанне
1. «Імшальны лекцыянарый»
Праца над падрыхтоўкай «Лекцыянарыя» адбывалася па благаслаўленні кардынала Казіміра Свёнтка (№120/02). Пераклад быў здзейснены паводле прадпісанняў Касцёла з арыгінальных моў з улікам лацінскага тэксту Новай Вульгаты і стылістычна апрацаваны. Пачаткова «Лекцыянарый» быў выдадзены ў форме 16 сшыткаў (якія выходзілі па ходу працы), а пазней у форме 6 кніг у цвёрдай вокладцы (студыйнае выданне).

2. «Святое Евангелле»
Imprimatur Старшыні ККББ №329/Р/12 ад 21.08.2012 г.
Выдадзены ў 2012 г. (208 стар.)
Пераклад на беларускую мову чатырох кананічных Евангелляў (паводле Мацвея, Марка, Лукі і Яна) здзейснены з арыгінальнай мовы. Перад кожным Евангеллем падаецца кароткі ўступ, які распавядае пра гісторыю ўзнікнення Евангелля і яго адметнасці. У дадатку кнігі змешчаны каляровыя карты Палестыны і Ерузалема ў часы Езуса Хрыста.

3. «Новы Запавет»
Imprimatur Старшыні ККББ №345/К/17 ад 08.09.2017 г.
Выдадзены ў 2017 г. (688 стар.)
Першае поўнае афіцыйнае рыма-каталіцкае выданне на беларускай мове «Новага Запавету». Пераклад здзейснены з арыгінальнай мовы. Перад кожнай з кніг, а таксама перад Евангеллямі, Пасланнямі св. Паўла і Каталіцкімі пасланнямі падазены ўводзіны. У дадатаку знаходзяцца біблійны слоўнік, храналагічная табліца падзеяў, звязаных з гісторыяй збаўлення і агульнай гісторыяй чалавецтва, а таксама карты, якія знаёмяць з геаграфіяй тагачаснага свету і дапамагаюць прасачыць шлях падарожжаў св. Паўла.

4. «Новы Запавет для дзяцей і моладзі»
Imprimatur Старшыні ККББ №222/К/19 ад 29.08.2019 г.
Выдадзены ў 2019 г. (432 стар.)
Поўны тэкст Новага Запавету падазены паводле афіцыйнага рыма-каталіцкага выдання (Мінск, 2017) і дапоўнены каментарыямі, малюнкамі, тлумачэннямі, каляровымі картамі, дыдактычнымі заданнямі і цікавай інфармацыяй, якая знаёміць з тагачасным жыццём, звычаямі і людзьмі Бібліі. Гэта дасканалая прылада евангелізацыі і дыдактычны дапаможнік для святароў, катэхетаў, бацькоў і тых, хто хоча заахвоціць дзяцей і моладзь чэрпаць духоўную падтрымку і каштоўнасці са скарбніцы Хрыстовага вучэння.

Іншыя працы (у супрацоўніцтве):


1. «Вечны адпачынак дай ім, Пане» (Мінск, 2007)
2. «Літургічная агенда» (Мінск, 2010)
3. «Па слядах Хрыста» (Мінск, 2015)
4. «Youcat» (Мінск, 2019)
5. «Святая Імша (Мінск, 2012, 2019)
6. «Ойча наш» (Мінск, 2022 і ўсе ранейшыя)
7. «Кодэкс кананічнага права» (Мінск, 2022)
8. «Евангеліярый» (Пінск, 2024)
9. «Прасіце і атрымаеце» (Мінск, 2024)

Прэзентацыі:

«Дакументы Другога Ватыканскага Сабору»
14 лютага 2009 г. падчас XVI Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу «Кнігі Беларусі – 2009» у нацыянальным выставачным цэнтры «Белэкспа» адбылася прэзентацыя перакладу саборных дакументаў «Дакументы Другога Ватыканскага Сабору» (Мінск, 2008). Прэзентацыі дакументаў адбываліся таксама ў кожнай дыяцэзіі. Кнігі «Дакументаў Другога Ватыканскага Сабору» былі перададзены ад імя Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага для бібліятэк духоўных семінарый, а таксама ўсіх раённых і абласных бібліятэк.

«Новы Запавет»
19 снежня 2017 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя першага поўнага афіцыйнага рыма-каталіцкага выдання на беларускай мове «Новага Запавету» (Мінск, 2017). Наступныя прэзентацыі адбываліся ў розных гарадах нашай Айчыны, такіх як Магілёў, Ліда, Навагрудак, Стоўбцы і інш.
гл. https://catholic.by/3/news/belarus/7197-new-testament
За здзейсненую працу клектыў Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыіі Каталіцкіх Бісупаў у Беларусі 10 студзеня 2019 г. атрымаў прэмію «За духоўнае адраджэнне».
гл. https://www.sb.by/articles/s-veroy-v-dobro0901.html

«Новы Запавет для дзяцей і моладзі»
21 верасня 2019 г. у Мінскім тэалагічным каледжы імя святога Яна Хрысціцеля адбылася прэзентацыя «Новага Запавету для дзяцей і моладзі» па-беларуску. Гэта чарговая версія бестселера, які папулярна называецца «Біблія з папугаем», перакладзенага на многія мовы.
гл. https://catholic.by/3/news/belarus/10421-u-minsku-prezentavali-novy-zapavet-dlya-dzyatsej-i-moladzi-pa-belarusku

Кс. кан. д-р Ян Крэміс

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа