У аповедзе пра сляпога з Ерыхона, які дакрычаўся да Езуса са сваёй бядой, часцей за ўсё задумваешся над верай і адвагай гэтага чалавека. Можа нават прымяраеш на сябе яго лахманы.
Сёння адна фраза, якая папярэднічала самому Евангеллю, прымусіла мяне ўбачыць сябе на іншым месцы. Але трэба пачаць крыху здалёк.
![]()
Пра падрыхтоўку да малітвы мы перыядычна чытаем ці чуем, але гэтаксама ж часта дазваляем сабе абмінаць усе магчымыя прэлюдыі, да чаго толькі ўдасца, у тым ліку да малітвы.
Часу і так не хапае, трэба выкарыстоўваць яго на сапраўды неабходныя рэчы. Калі ж мы параўнаем глыбіню малітвы з нейкім падрыхтоўчым этапам і без яго, то напэўна заўважым розніцу, і трэба дазволіць, каб яна непакоіла нас і натхняла на свядомыя высілкі. Я не кажу пра спантанную малітву, але пра штодзённую, руцінную, але «салодкую» павіннасць.
Навучыць і прызвычаіць да падрыхтоўкі цела і розуму спрабуе сайт Прастора малітвы – www.prastoramalitvy.by. Там можна знайсці кароткія малітвы для падрыхтоўкі, дапаможнныя тлумачальныя тэксты, урывак Евангелля на кожны дзень і разважанне над ім, калі патрэбна нахненне для сваёй асабістай малітвы.
фота Марыны Валасар
Дык вось у адным з падрыхтоўчых этапаў я ўбачыла фразу «Навучы паважаць права на жыццё кожнага чалавека» і яшчэ падумала: здаецца ж, паважаю... І вось Евангелле, якое чытаецца сёння: «Яму сказалі, што гэта праходзіць Езус Назаранін. Тады ён закрычаў: Езусе, Сыне Давіда, змілуйся нада мною. Тыя, хто ішоў наперадзе, загадвалі яму, каб замоўк» (Лк 18,35-43)
Сляпы хацеў «зноў бачыць», хацеў вярнуць сабе тое жыццё, якое страціў, вярнуць сябе колішняга, сваіх блізкіх, дзённае святло і ясныя зоркі, здольнасць працаваць і быць шанаваным — безліч усяго, дзеля чаго варта было крычаць і не зважаць на загады тых, якія заціскалі яму рот.
Яны не забівалі яго, але адбіралі не толькі права на годнае жыццё, а нават права прасіць гэтага жыцця. Самі-то ішлі наперадзе, удалыя і прыстойныя.
![]()
фота Марыны Валасар
Навучы, Пане, паважаць права на годнае жыццё іншага чалавека. Кожнага. Пачынаючы з сябе. А мы самі крычым Езусу аб сваёй бядзе ці шыпім на іншых, каб сядзелі ціха?

