
14 жніўня ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца ўспамін святога Максімільяна Марыі Кольбэ, францішканскага манаха і місіянера.
Святы Максімільян Марыя Кольбэ быў францішканінам, заснавальнікам найбольшай у ХХ стагоддзі мужчынскай манаскай супольнасці, стваральнікам вялікага выдавецтва каталіцкай прэсы і рэлігійнай літаратуры ў Непакалянаве пад Варшавай, заснавальнікам марыйнага руху пад назваю «Рыцар Беззаганнай». Пэўны час ён служыў у Гродне, у мясцовым кляштары францішканаў.
Жыццёвы шлях Максімільяна
У 1918 годзе Максімільян Кольбэ становіцца святаром і пачынае актыўна распаўсюджваць культ Марыі Беззаганнай. Прайшло не так шмат часу, як Максімільян недалёка ад Варшавы літаральна на пустым месцы выбудоўвае вялікі манастыр, які называецца Непакалянава ў гонар Беззаганнай Панны. У гэтым вялізным манастыры чаго толькі не было: і рэдакцыя часопіса «Рыцар Беззаганнай», і радыёстанцыя, і стаянка для аўтамабіляў, і шматлікія склады і нават пажарныя і маленькі аэрадром.
У гэтым манастыры было заведзена, што кожны манах павінен быў навучыцца хаця б адной грамадзянскай спецыяльнасці. Сярод манахаў былі і машыністы, і журналісты, і лётчыкі, і кіроўцы, і шмат іншых адмыслоўцаў.
У 30-х гадах мінулага стагоддзя Максімільян шмат падарожнічаў. Былі паездкі ў Японію, а таксама ў Кітай. Каля японскага горада Нагасакі Максімільян таксама адбудоўвае манастыр Марыі Беззаганнай. Ён стаў самым вядомым каталіцкім кляштарам ва ўсёй Японіі. Магчыма, Бог аберагаў гэты манастыр, бо калі летам у 1945 годзе ў Нагасакі патрапіла атамная бомба, з-за чаго горад быў цалкам знішчаны, манастыр зусім не пацярпеў.
Ваенны час

1 верасня 1939 года нямецка-фашысцкія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Польшчы. Пачалася Другая Сусветная вайна. Фашысты прыходзілі на фабрыкі і заводы, у школы і магазіны, каб аб'явіць: з гэтага часу ўсім тут трэба жыць па новых правілах. Правілы гэтыя зводзіліся, па сутнасці, да аднаго. Кожны, хто не з'яўляўся чыстакроўным германцам, аўтаматычна станавіўся чалавекам другога гатунку. У першыя ж дні акупацыі ў Варшаве з'явілася яўрэйскае гета — тэрыторыя, за межы якой яўрэям не дазвалялася выходзіць. Перыядычна немцы вывозілі адтуль машыны, поўныя людзей. Няшчасных адпраўлялі ў канцлагер Асвенцым, які фашысты пабудавалі каля аднайменнага польскага горада. Зрэшты, у гэты жахлівы лагер смерці траплялі не толькі яўрэі. Практычна кожны рызыкаваў там апынуцца.
28 мая 1941 года ў Асвенцым прывезлі чалавека ў доўгім чорным адзенні. Гэта быў каталіцкі святар і манах, айцец Максімільян Кольбэ.
У манастыр на ўскраіне Варшавы, дзе Кольбэ служыў пробашчам, эсэсаўцы наведаліся невыпадкова. Інфарматары даўно раілі новым нацысцкім уладам больш уважліва прыгледзецца да манастыра. За сценамі манастыра, з якога з пачаткам вайны разбегліся амаль усе манахі, Максімільян Кольбэ зладзіў прытулак. Для тых, каму па якіх-небудзь прычынах неабходна было схавацца ад фашыстаў. Для тых, хто меў патрэбу ў даху над галавой, талерцы супу, кавалку хлеба. Каму не было куды ісці. Іх з кожным днём прыходзіла ўсё больш і больш.
Для гэтых людзей у манастырскіх памяшканнях Максімільян Кольбэ арганізаваў сталовую, лякарню і шпіталь. Разам з усімі на тэрыторыі манастыра хаваліся і яўрэі. Хаваць іх было цяжкім злачынствам. Як і трансліраваць у эфір перадачы, у якіх выкрываліся зверствы нямецкіх акупантаў. Падпольная радыёстанцыя таксама размяшчалася ў манастыры.
Учынак невымернай чалавечнасці

Максімільяна Кольбэ арыштавалі ў лютым 41-га года. Пасля трох месяцаў допытаў перавялі з турмы ў канцэнтрацыйны лагер. Але нават у такім страшным месцы святар, на здзіўленне многіх, не губляў прысутнасці духу.
«Бог не дае выпрабаванняў, якія нам не па сілах»,
— паўтараў ён.
І дапамагаў аслабелым, хворым зняволеным: браў на сябе іх працу, хаця ў самога было толькі адно лёгкае — з-за перанесенага ў маладосці туберкулёзу.
Летам 1941 года, з блока, які знаходзіўся пад нумарам 14, дзе знаходзіўся сам Максімільян, уцёк зняволены. Эсэсаўцы доўга шукалі яго, але так і не знайшлі. Як потым высветлілася, небарака патануў у выграбнай яме. Тады камендант лагера Карл Фрыцш вырашыў адабраць дзесяцёх вязняў і паслаць іх на галодную смерць, зачыніўшы ў асобным блоку. Калі камендант пачаў адбіраць смяротнікаў, сярод гэтых людзей аказаўся польскі сяржант Францішак Гаёўнічак. Калі назвалі яго імя, сяржант горка заплакаў і, звяртаючыся невядома да каго, сказаў:
«Як жа так! Я ніколі больш не ўбачу сваю жонку і дзяцей? Як яны будуць без мяне?»
Сэрца Максімільяна здрыганулася і ён, выйшаўшы са строю, папрасіў каменданта, каб той замест Францішка ўзяў яго жыццё. І Фрыцш згадзіўся.
Каля трох тыдняў вязні сядзелі паміралі ад голаду і абязводжвання. Па заканчэнні трох тыдняў Максіміліян і яшчэ трое ўсё яшчэ заставаліся жывыя. Але 14 жніўня 1941 года было загадана знішчыць усіх палонных. І гэтай няшчаснай чацвёрцы ўкалолі ін'екцыю фенолу. Затым цела Максімільяна спалілі.
Святы Максіміліян Кольбэ

У 1971 годзе папа Павел VI абвясціў Максімільяна Кольбэ благаслаўлёным, а 10 кастрычніка 1982 года папа Ян Павел ІІ кананізаваў святара, які аддаў сваё жыццё за іншага чалавека, даўшы такім чынам сведчанне сапраўднай Хрыстовай любові да бліжняга.
На радзіме Максімільяна Кольбэ лічаць сімвалам ахвяр нацызму, абаронцам чалавечай годнасці, прыкладам цнот, вялікім маральным аўтарытэтам і нацыянальным героем.

