
Святы Юзаф займае важнае месца ў каталіцкім мастацтве і духоўнасці. Ён не толькі заступнік Паўсюднага Касцёла, але і шанаваны святы, да якога звяртаюцца маладыя і пажылыя людзі — ад рыэлтараў да тых, хто шукае другую палову. Аднак так было не заўсёды — святы Юзаф шмат стагоддзяў чакаў сваёй «зорнай гадзіны».
Святы Юзаф, які ад самага пачатку ўяўляў сабой «моцны маўклівы тып», быў настолькі адсунуты ўбок, што на працягу першых 200 гадоў існавання Касцёла ён наўпрост адсутнічаў у хрысціянскім мастацтве. У сваіх выявах Божага Нараджэння і Аб'яўлення Пана раннія хрысціяне, здавалася, зусім забыліся пра Юзафа. Хрысціянскія разьбяры старанна выяўлялі вала і асла, хлеў і салому, яслі і пялюшкі, але пакідалі Марыю адну прадстаўляць Хрыста пастухам і каралям.

Аднак нябачнасць Юзафа служыла важнай мэце: падкрэсліць Боскасць Хрыста і Яго Нараджэнне ад Дзевы для язычнікаў.
У грэка-рымскім свеце было мноства міфалагічных багоў, якія нараджалі дзяцей, таму выраз «Сын Божы» для язычнікаў гучаў так, нібы нейкае юрлівае боства спакусіла чарговую міжземнаморскую дзяўчыну. Дзявоцтва Марыі, Маці Сына Божага, адрознівала Збавіцеля ад Персея, Геракла або Ромула і Рэма, таму Юзаф «галантна» адышоў убок, каб дазволіць чысціні Марыі заззяць.
У свеце, дзе распуста была нормай, дзе імператар жаніўся з вясталкай, каб зганьбіць цнатлівасць, цуд зачацця Дзевай не толькі кідаў выклік законам прыроды, але і аспрэчваў пануючы дух часу.
Болей за тое, хрысціянскае пасланне заключаецца ў тым, што Езус, хоць і нарадзіўся ад жанчыны, быў Богам. У паганскіх рэлігіях было мноства напаўбагоў і абагаўлёных людзей, але Бог, які стаў чалавекам, сапраўдны Чалавек і сапраўдны Бог, — быў прынцыпова новай канцэпцыяй для імперыі. Юзаф таксама дазволіў засланіць сябе валамі і другараднымі асобамі, каб пазбегнуць блытаніны адносна бацькоўства Хрыста, каб Касцёл мог абвяшчаць паўнату Праўды ва ўсёй яе велічы.
Аднак у 380 годзе імператар Феадосій абвясціў хрысціянства адзінай рэлігіяй імперыі, адкрыўшы тым самым новыя мастацкія магчымасці.
Праз пяцьдзясят гадоў Юзаф «дэбютаваў» у мастацтве ў касцёле (сённяшняй базыліцы) Санта-Марыя-Маджорэ (Святой Марыі Вялікай) — першай заходняй святыні, прысвечанай Маці Божай.
Юзаф з'явіўся на іканаграфічнай сцэне на Трыумфальнай арцы, дзе быў выяўлены ажно пяць разоў, — нават больш, чым Марыя.
Першая сцэна з Юзафам разгортваецца ў мазаіцы верхняга яруса, дзе яго сустрэча з анёлам супрацьпастаўляецца сцэне Звеставання Марыі. Юзаф паказаны ў выглядзе маладога чалавека з цёмнымі валасамі і барадой, які стаіць перад сваім домам у кароткай туніцы і з аранжавым палатном на плячы — у касцюме імператарскага слугі. На гэтай выяве злучаюцца Евангеллі ад Лукі і Мацвея: пагружаныя ў боскія размовы, Марыя і Юзаф атрымліваюць свае місіі адначасова.

У сцэне Ахвяравання Пана Юзаф вядзе сваю маленькую сям'ю ў Святыню, — бачна, што ён галава сям'і. Тут ён выглядае нашмат старэйшым, чым на папярэдняй выяве, — верагодна, гэта іншы аўтар.

Гэтая ж сцэна падкрэслівае асаблівыя адносіны Юзафа з Богам — ён атрымлівае сон-папярэджанне з заклікам выратаваць сваю сям'ю.

Ніжэй прадстаўлена нечаканая сцэна з апакрыфічнага Евангелля ад Псеўда-Мацвея, дзе егіпецкае племя прызнае Хрыста Богам. Тут Юзаф зноў стаіць перад Марыяй, яго засцерагальна паднятая рука паказвае на Сына.

Ён таксама прысутнічае сярод трох каралёў, стоячы злева і пазіраючы на гледача, і нібы накіроўвае мудрацоў да Хрыста.

Праз стагоддзе Юзаф зноў з'явіўся ў Равэнне на разьбяным біскупскім троне са слановай косці, вырабленым для касцёла Сан-Вітале. Дэкор аб'ядноўваў двух біблійных персанажаў, якія бачылі сны: Юзафа з Кнігі Быцця і Юзафа з Назарэта.
Большая частка рэльефных панэляў прысвечаная старэйшаму Юзафу, але тры захаваныя сцэны: Божага Нараджэння, Аб’яўлення Пана і апакрыфічная гісторыя — дэманструюць нарастаючае значэнне «маўклівага святога».

Сцэны ўзбагачаныя дэталямі, запазычанымі з апакрыфічнага Протаевангелля Якуба. На «каляднай» панэлі Юзаф назірае за Немаўляткам, а Марыя вылечвае высахлую руку павітухі Саламеі, якая была пакараная за тое, што не паверыла ў Дзявоцтва Марыі.
Іканаграфія паўтарае тэму цноты на панэлі з «горкімі водамі», дзе ў Протаевангеллі Марыя і Юзаф абвінавачваюцца ў нецнатлівасці, і каб даказаць сваю невінаватасць, яны павінны выпіць атручаны келіх.
Гэтыя раннія каштоўныя і прыгожыя працы, замоўленыя папам і прэлатамі, былі старанна прадуманыя, каб уключыць святога Юзафа ў кола шанаваных хрысціянамі святых, пазбягаючы пры гэтым блытаніны ў дачыненні да праўдаў веры.
Першыя выявы заклалі падмурак да разумення святога Юзафа як неад'емнай постаці ў гісторыі хрысціянскага мастацтва, які пасля ператварыўся ў аднаго з самых шматгранных святых у агіяграфічным свеце.

