
Святы Патрык (поўнае імя — Магон Сукат Патрыцый) — адзін з найбольш вядомых і папулярных далёка за межамі Касцёла святых, місіянер, біскуп, асветнік і нябесны заступнік Ірландыі.
Святога Патрыка называюць апосталам Ірландыі. Ён нарадзіўся каля 385-390 года ў сям’і вайскоўца, які пазней стаў дыяканам. Ва ўзросце 16-і гадоў Патрык трапіў у палон да піратаў, якія вывезлі яго ў Ірландыю і там прадалі ў няволю.
Падчас гэтага прымусовага прабывання на Зялёным Востраве ён захапіўся аскетычным (гэта значыць манаскім) жыццём і вырашыў прысвяціць свой лёс Богу.
Уцёкшы праз шэсць гадоў на кантынент, Патрык стаў манахам і дапоўніў сваю адукацыю ў розных кляштарах.
Каля 432 года ён прыняў біскупскае пасвячэнне і вярнуўся ў Ірландыю. Яму ўдалося вярнуць у веру большасць мясцовых удзельных валадароў, пры падтрымцы якіх Патрык працягваў сваю місійную дзейнасць па ўсёй Ірландыі. Ён засноўваў кляштары, касцёлы і школы, а каля 440 года сярод аднаго з язычніцкіх плямёнаў арганізаваў першае біскупства. Дзейнасць святога выклікала моцнае супраціўленне з боку язычнікаў-друідаў, а таксама з боку некаторых рыцараў, якія займаліся разбоем на Зялёным Востраве. Дата смерці святога дакладна невядомая, як невядома і месца яго пахавання. На свята Патрыка ў Ірландыі носяць на адзенні трохпялёсткавы лісток канюшыны, з дапамогаю якога святы тлумачыў язычнікам таямніцу Святой Тройцы.
Цікавыя факты з жыцця святога Патрыка
1. Святы Патрык не быў ірландцам. Ён быў ураджэнцам Рымскай Брытаніі, гэта значыць брытанцам.
2. Святы Патрык не быў Патрыкам. Пры нараджэнні ён атрымаў імя Мэйвін Сукат. Імя Патрыцый, якое азначае прыкладна «бацька сваім людзям», ён прыняў разам з пасвячэннем значна пазней, ужо ў Галіі.
3. Святы Патрык не быў першым, хто прынёс хрысціянства ў Ірландыю, як і не быў першым біскупам Ірландыі. Калі і якім чынам у Ірландыі з'явіліся першыя хрысціяне, невядома.
4. Святы Патрык не быў першым, хто абраў канюшыну сімвалам трыадзінства. У любой сакральнай традыцыі лічбы адыгрываюць важную ролю. Лічба «3» лічыцца самай магічнай і святой у многіх культурах, у тым ліку і кельцкай. У кельцкай традыцыі тройка сімвалізавала паўнату, завершанасць, дасканаласць: мінулае, сучаснасць, будучыню. Памножаная сама на сябе тройка давала ў выніку дзевяць — знак вышэйшай вартасці.
5. 17 сакавіка — дзень памяці Святога Патрыка, але дакладная дата смерці невядомая. На самой справе, дакладна невядомы нават год яго смерці.
6. Святога Патрыка ушаноўваюць у Праваслаўнай Царкве, паколькі ён быў кананізаваны яшчэ да падзелу Паўсюднага Касцёла ў 1054 годзе. У шэрагу праваслаўных Цэркваў яго памяць ушаноўваецца 30 сакавіка па новым стылі (17 сакавіка па старым стылі).
7. Святы Патрык з'яўляецца яшчэ і апекуном Нігерыі. Гэта тлумачыцца тым, што тут працавалі ў асноўным місіянеры з Ірландыі.

