
4 сакавіка Касцёл ўспамінае святога Казіміра, асабліва шанаванага ў Беларусі, Польшчы і Літве.
Сын польскага караля Казіміра Ягелончыка і каралевы Альжбеты, каралевіч Казімір нарадзіўся 3 кастрычніка 1458 года ў Вавельскім замку, што ў Кракаве. Яго выхавацелем быў гісторык і кракаўскі катэдральны канонік Ян Длугаш. Казімір рана пачаў удзельнічаць у палітычным жыцці, але разам з тым вылучаўся надзвычайнай пабожнасцю. Ён штодзённа ўдзельнічаў у святой Імшы, шмат маліўся, здзяйсняў учынкі міласэрнасці.
З ранняга ўзросту святы Казімір адрозніваўся ад сваіх братоў і сясцёр не толькі здольнасцямі і стараннасцю, але і любоўю да Бога і малітвы.
Пра незвычайную, узнёслую пабожнасць каралевіча Казіміра пісалі ўсе яго біёграфы, ад Захарыя Ферэры і Пятра Скаргі да аўтараў ХІХ стагоддзя.
«На самым ранку, як толькі адчыняліся дзверы святыні, святы каралевіч ужо кленчыў перад алтаром, з узнесенай душой, у постаці натхнёнай і разам з тым пакорнай і пакутніцкай, і заставаўся ў касцёле, пакуль яго не зачынялі. Тут ён забываўся пра ўсе патрэбы цела: не адчуваў голаду, холаду, стомленасці; быў нібы ў святой зачараванасці, імгненным, але бессмяротным разрыве з целам… Сярод цёмнай ночы зрываўся з пасцелі, пакрыёма выходзіў з пакою, адзін, босы, прыбягаў да замкавай святыні і, найчасцей знайшоўшы яе замкнёнай, клаўся ніцма перад яе парогам, акрапляў яго слязьмі і ў святым узнясенні малітвы заставаўся да світанку...».
Казімір выклікаў вялікую прыхільнасць ва ўсіх, хто яго ведаў. Памёр ад сухотаў 4 сакавіка 1484 года ў Гродне, прыціскаючы да грудзей святы Крыж і давяраючы сябе Найсвяцейшай Панне Марыі. Яго рэліквіі знаходзяцца ў віленскім катэдральным касцёле святога Станіслава. У 1602 годзе Папа Клімэнт VIII кананізаваў яго, а ў 1950 годзе Папа Пій XII абвясціў яго апекуном літоўскай моладзі.
Таксама святы з’яўляецца дадатковым апекуном Гродзенскай дыяцэзіі.
Самыя знакамітыя вайсковыя цуды святога Казіміра, якія адбыліся пасля ягонай смерці:
1) У 1518 годзе падчас аблогі Полацка наўгародцамі і пскавіцянамі кароль Жыгімонт І маліўся свайму памерламу брату. Знянацку над літоўскім войскам з’явілася візія юнака ў белым адзенні на белым кані. Натхнёныя візіяй, літоўцы разбілі войска Маскоўскага княства, якое перавышала іх па колькасці. Каб ушанаваць памяць пра святога Казіміра браты-езуіты пабудавалі недалёка ад Полацка, на месцы гэтай візіі, касцёл у яго гонар (1652);
2) У 1604 годзе літоўскі гетман Ян Караль Хадкевіч перад паходам на шведаў усклаў свой меч на грабніцу святога Казіміра, паспавядаўся і прыняў камунію, і потым паехаў у паход, дзе пры Кірхгольме 27 чэрвеня 1605 года цалкам разграміў шведскае войска;
3) Полькі кароль Ян Сабескі, адпраўляючыся вызваляць Вену ад туркаў, прасіў служыць набажэнствы ў гонар святога Казіміра ў катэдры пры яго труне за поспех хрысціянскага змагання супраць мусульманаў, і яно скончылася перамогай.
Памаліцца праз заступніцтва святога можна малітвамі і літаніяй на старонцы ТУТ>>>
Па матэрыялах catholic.by, natusest.com.

