
Ад папяльцовай серады, 18 лютага, айцы дамінікане якія нясуць служэнне ў Магілёве (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія), запрашаюць да супольнага чытання і слухання Пасланняў святога апостала Паўла: Паслання да Рымлянаў і 1 і 2 Паслання да Карынцыянаў.
Айцец Раман Шульц OP, пробашч магілёўскай парафіі святога Казіміра і святой Ядвігі, падказвае, што кантакт з тэкстамі святога Паўла можа дапамагчы ўдзельнікам чытання і слухання глыбей перажыць перыяд Вялікага посту і такім чынам добра падрыхтавацца да Вялікага тыдня і ўрачыстасці Змёртвыхпаўстання Пана.
Завяршыць супольнае чытанне і малітву словам плануецца 3 красавіка, у Вялікаю Пятніцу.
Разам гэта 45 дзён, а гэта значыць, што ўдзельнікі прачытаюць 45 раздзелаў.
Парада
Перад чытаннем Святога Пісання варта памаліцца да Духа Святога. Пасля ўважлівага прачытання кожнага раздзела (двойчы, не спяшаючыся) варта спыніцца на словах, якія асабліва прыцягнулі ўвагу. Чытанне каментарыяў і суаднясенне тэксту са сваім жыццём павінна завяршацца кароткай падзякай. Удзельнікі праекта будуць карыстацца каментарыямі сучасных біблістаў (выдавецтва «Święty Paweł») у перакладзе з польскай мовы Наталлі Дарашкевіч.
Кантакты
- +375 (29) 291-92-11 — айцец Раман Шульц ОР
- група ў Viber i Telegram: свПавелВПост2026 ў Viber і Telegram
Арганізатары заахвочваюць, каб удзельнікі маліліся адзін за аднаго і запрасілі сваіх блізкіх і знаёмых да супольнага слухання жывога і дзейснага Божага слова.
Айцец Раман благаслаўляе і запэўнівае аб малітве кожнага ўдзельніка духоўнага мерапрыемства.

