Пошук

10.12.2025 14:31   Фота: Віталій Палінеўскі / ave-maria.by / Catholic.by

Фота: ave-maria.by

13 мая 1917 года Маці Божая аб’явілася ў Фаціме траім пастушкам: Люцыі, Францішку і Жасінце — з поўным мацярынскага клопату пасланнем да ўсяго свету аб навяртанні, пакаянні, малітве і прысвячэнні кожнага Яе Беззаганнаму Сэрцу.

10 снежня 1925 года, у свята Маці Божай Ларэтанскай, ужо сястры Люцыі была адкрытая адна з асноўных частак культу Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі: набажэнства першых суботаў месяца.

Візіянерка піша ў сваіх успамінах: «10 снежня 1925 года з’явілася Найсвяцейшая Панна ў Понтавэдра, а побач з Ёю было Дзіцятка ў бляску святла. Найсвяцейшая Панна паклала руку на плячо Люцыі і паказала Сваё абвітае цернем Сэрца, якое Яна трымала ў другой руцэ. Дзіцятка сказала: „Май спачуванне да Сэрца твае Найсвяцейшай Маці, абвітага цернем, якім няўдзячныя людзі яго зноў і зноў раняць, і няма нікога, хто б праз акт перапрашэння гэтыя церні павыцягваў“».

Потым Найсвяцейшая Панна сказала:

«Дачка мая, узглянь, Сэрца Маё абвітае цернем, якім няўдзячныя людзі праз блюзнерствы і няўдзячнасць пастаянна раняць Яго. Хоць ты старайся прыносіць Мне радасць і аб’яві ад Майго імя, што Я прыбуду ў гадзіну смерці з ласкамі, патрэбнымі для збаўлення, да ўсіх тых, хто на працягу пяці месяцаў у першыя суботы прыступіць да споведзі, прыме святую Камунію, згаворыць адзін Ружанец і на працягу 15 хвілін разважання над ружанцовымі таямніцамі разам са Мной будзе маліцца, каб перапрасіць Пана Бога».

29 мая 1930 года сястры Люцыі аб’явіўся Пан Езус і растлумачыў, чаму ўстаноўлена менавіта пяць перапрашальных суботаў.

«Дачка мая, – сказаў Езус, — прычына простая. Гэта датычыць пяці відаў знявагаў і абразаў, якімі зневажаецца Беззаганнае Сэрца Марыі». Затым Збаўца ўказаў на гэтыя знявагі:

  1. Абраза Беззаганнага Зачацця.
  2. Абраза Яе Дзявоцтва.
  3. Абраза Яе Божага Мацярынства.
  4. Усе тыя знявагі, якімі імкнуцца адкрыта пасеяць у сэрцах дзяцей абыякавасць, пагарду і нават нянавісць да Беззаганнай Маці.
  5. Блюзнерствы, якімі зневажаюць Маці Божую ў Яе святых выявах.

Набажэнства, аб якім так горача прасіла Маці Божая, дагэтуль належным чынам не распаўсюджана.

Святы Карла Акуціс, кананізаваны 7 верасня 2025 года, меў вялікую пашану да аб’яўленняў у Фаціме.

«Праз некалькі дзён пасля смерці сястры Люцыі ў 2005 годзе Карла пабачыў яе ў сне. Яна сказала яму, што практыка пяці першых суботаў месяца можа змяніць лёс свету»,

распавядае яго маці Антонія Сальцана Акуціс у сваёй кнізе «Мой сын Карла: Карла Акуціс вачыма яго маці».

Абноўлена 10.12.2025 23:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця