19 сакавіка, ва урачыстасць святога Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі адзначае дзень сваіх імянінаў. З гэтай нагоды Рэдакцыя інтэрнэт-партала Catholic.by звяртаецца да іерарха са словамі віншаванняў.
Ваша Эксцэленцыя, глыбокапаважаны арцыбіскуп Юзаф!
У гэты важны для Вас дзень Вы дзякуеце Езусу, які, па словах святога Бэды Вялебнага, на Вас «ласкава ўзглянуў і выбраў», за дар Яго паклікання да біскупскага служэння Яго народу.
З нагоды Вашых імянінаў жадаем Вам заўсёды заставацца «стражнікам веры» паводле значэння грэчаскага слова episkopos як пастыр вялікай супольнасці, захоўваючы і пераказваючы яе іншым.
У Юбілейным 2025 годзе зычым Вам заўсёды адчуваць сябе «пілігрымам надзеі» і з радасцю спазнаваць прыгожыя плёны Вашых душпастырскіх намаганняў.
Жадаем, каб Вы штодня надалей былі «сведкам Божай любові», асабліва тады, калі ў сваім служэнні будзеце звяртацца да бедных і патрабуючых, а таксама да малых дзяцей, якім добра разам з Вамі.
У час, калі Бог выбраў Вас, просім для Вас патрэбных ласкаў ад Найсвяцейшага Сэрца Езуса і апекі Беззаганнага Сэрца Марыі. Няхай добры Бог захавае Вас у добрым здароўі на доўгія гады служэння Яму і людзям.
З павагай і дарам малітвы
ад імя супрацоўнікаў Рэдакцыі
ксёндз Павел Эйсмант
дырэктар партала Catholic.by