Пошук

11.05.2017 12:51   Catholic.by

У Каталіцкім Касцёле папства ўяўляе сабою інстытут першасвятарства. У эпоху ранняга хрысціянства вернікі называлі «Папамі» (ад грэцкага papas — айцец) сваіх духоўных кіраўнікоў, манахаў, святароў, біскупаў. Тытул «Папа» да канца V ст. ужываўся як ганаровы зварот да ўсіх біскупаў, але пазней стаў адносіцца галоўным чынам да рымскага арцыбіскупа, а з 1075 г., згодна з пастановай папы Грыгорыя VII (1073–1085 гг.), гэтым тытулам можа карыстацца толькі біскуп Рыма. Афіцыйны пералік Папаў Рымскіх друкуецца ватыканскім выдавецтвам у «Annuario Pontificio» — папскім штогодніку.

Поўны афіцыйны тытул Папы гучыць так: Біскуп Рыма, Намеснік Езуса Хрыста, Наступнік Князя Апосталаў (г. зн. св. Пятра), Найвышэйшы Пантыфік Паўсюднага Касцёла, Прымас Італіі, Арцыбіскуп і Мітрапаліт Рымскай правінцыі, Суверэн Горада-Дзяржавы Ватыкана, Слуга Слугаў Божых.

Да сённяшняга дня ў афіцыйнай тэрміналогіі, якая знаходзіцца ва ўжытку Кодэкса Кананічнага Права Каталіцкага Касцёла, непасрэдна не выкарыстоўваецца тэрмін «Папа», замест яго ўжываецца выраз «Romanus Pontifex» або «Pontifex Maximus» («Рымскі Пантыфік» або «Найвышэйшы Пантыфік»).

У касцёльнай традыцыі выраз «Romanus Pontifex» адлюстроўвае дзве галоўныя функцыі, якія ажыццяўляюцца Папам: ён з’яўляецца Біскупам Рыма і адначасова Пантыфікам, г. зн. кіраўніком усяго Каталіцкага Касцёла. У адпаведнасці з каталіцкім веравучэннем, Біскуп Рыма з’яўляецца спадкаемцам усіх атрыбутаў улады апостала Пятра, які ўзначальваў Калегію дванаццаці Апосталаў — найвышэйшую інстанцыю Касцёла.

Самы ранні спіс першых Папаў быў складзены каля 180 г. біскупам Ліёна Ірэнэем. Яго спіс стаў доказам пераемнасці найвышэйшай улады ў Касцёле, пачынаючы з апостала Пятра да тагачаснага рымскага біскупа Віктара І (186 ці 189–197 або 201 гг.). Услед за гэтым спісам з’явіліся наступныя, больш разгорнутыя спісы, дапоўненыя біяграфіямі Папаў.
Першы падрабязны спіс папскіх дакументаў (актаў) быў складзены па загадзе папы Інакенція III (1198–1216 гг.). Гэты спіс у наступныя гады сістэматычна дапаўняўся, і да сённяшняга дня ён захоўваецца ў сакрэтным папскім архіве.

Паводле афіцыйнага пераліку, ад апостала Пятра да Святога Айца Францішка усяго было 266 Папаў. Астатнія рымскія біскупы, абранне якіх было прызнана несапраўдным, называюцца «антыпапамі». Антыпапы не ўваходзяць у афіцыйны спіс рымскіх Пантыфікаў.

Абноўлена 11.07.2017 12:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .