Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Эпіфанія, альбо «С+М+В»
17.07.2008 14:03
6 студзеня, на свята Аб’яўлення Пана, католікі пішуць на дзвярах сваіх дамоў таямнічы для многіх надпіс. Што ён азначае?
Андрэй Севярын, г.Гомель

На пытанне адказвае кс. Аляксандр Чайкоўскі

Першым святам, звязаным з таямніцай Уцелаўлення Хрыста, з’яўляецца Эпіфанія, альбо ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, якая святкуецца 6 студзеня. Першы ўспамін пра яе на Усходзе належыць Клеменсу Александрыйскаму (каля 212 г.), на Захадзе ж – цэзару Юліяну (361 г.). Святкаванне гэтай урачыстасці мае шматвяковую традыцыю, якая сягае ажно да часоў паганства, калі 6 студзеня ў Егіпце і Арабіі ўшаноўвалі бога сонца ( 25 снежня – на Захадзе) і дзень народзінаў Эона – бога часу і вечнасці. Супрацьпастаўленне гэтаму і іншым паганскім культам і паўплывала на з’яўленне ўрачыстасці Эпіфаніі.

Зместам урачыстасці з’яўляецца аб’яўленне таямніцы збаўлення ў Езусе Хрысце. Божае Нараджэнне больш канцэнтруецца на паніжэнні Сына Божага да людской натуры, падкрэсліваючы зямное нараджэнне Божага Слова. Эпіфанія ж скіроўвае наш позірк на Божую веліч нованароджанага Дзіцяці.

На працягу стагоддзяў сфармаваліся шматлікія звычаі, звязаныя з Эпіфаніяй. Да найважнейшых з іх належаць: абвяшчэнне даты Вялікадня, благаслаўленне золата, ладана і мірра, благаслаўленне водаў Ярдану, а таксама благаслаўленне жылых дамоў. У нас найбольш распаўсюджаны менавіта апошні звычай. У Нямеччыне, а цяпер і ў іншых краінах, таксама і ў Беларусі, гэты звычай узбагачаны надпісам на дзвярах літараў С+М+В, а таксама датай бягучага года (католікі пішуць яго асвячонаю крэйдаю). Такім чынам, сёлета гэты надпіс выглядае так: С+М+В 2004. Аднак, ці ведаем мы, што азначае такое скарачэнне? Адказ на гэтае пытанне даволі няпросты.

Падобна, што тры літары, якімі мы пазначаем дзверы нашых дамоў 6 студзеня, зусім не з’яўляюцца ініцыяламі, як многія лічаць, трох каралёў (Caspar, Melchior, Baltasar). На самым пачатку традыцыі гэта быў скарочаны запіс лацінскага пажадання: Christus mansionem benedicat – Няхай Хрыстус благаславіць жытло! Аднак, як гэта ні дзіўна, і першая, і другая інтэрпрэтацыі не пярэчаць адна адной. Па-першае, пазначэнне іменем Хрыста ўваходу ў дом нагадвае пра ноч вызвалення Божага люду ад егіпецкай няволі, калі людзі пазначалі свае дамы крывёю пасхальнага ягняці. Па-другое, пішучы літары С+М+В, мы прыгадваем імёны першых паганаў, якія пакланіліся Хрысту, і тым самым сведчым пра сваю прыналежнасць да супольнасці людзей, гатовых праслаўляць Хрыста. Такім чынам, два цалкам розныя тлумачэнні сэнсу трох літараў практычна маюць аднолькавыя духоўныя высновы.

Ангельскі паэт Джордж Герберт у вершы «Звеставанне» адлюстраваў такі звычай: калі кароль выпраўляўся ў падарожжа, перад ім ехалі ягоныя пасланцы і пазначалі жытло, прыдатнае для размяшчэння каралеўскага двара на прыстанак, крэйдай. Магчыма, адсюль узяўся звычай на ўрачыстасць Трох Каралёў пазначаць дзверы дамоў надпісам С+М+В, які азначае, што мы запрашаем у свой дом Божага Караля. Можа менавіта таму евангелічныя магі з часам «ператварыліся» ў каралёў, якія быццам бы ў ролі кватар’ераў заклікаюць прыняць найвялікшага Госця і своеасабліва падкрэсліваюць Ягоную найвышэйшую годнасць.

Магаў, якія пакланіліся Хрысту, мы часта атаясамліваем з мудрацамі. Можа таму, што і каралям, і магам, і мудрацам пакаянне даецца асабліва цяжка. Магі служылі д’яблу, аднак нават яны знайшлі дарогу да Хрыста. Мудрацы, напоўненыя не столькі Божай мудрасцю, колькі адданыя мудрасці гэтага свету, якая перамяняе чалавечае сэрца ў скалу, вельмі часта няздольныя прыняць Божае зерне, але, як мы ведаем, менавіта такія мудрацы знайшліся ў супольнасці першых Хрыстовых вернікаў...

Заўважым, што рэлігійны знак пазначэння дзвярэй надпісам С+М+В выконвае яшчэ адну цудоўную функцыю. Ён нагадвае і жыхарам дома, і гасцям, што ў гэтым доме рэлігія мае сваё сямейнае вымярэнне, але яна – не толькі прыватная справа членаў дадзенай сям’і. Вядома, што сям’я, пабудаваная на падмурку хрысціянскага сакраментальнага сужэнства, павінна быць хатнім Касцёлам. Такая сям’я можа рэалізаваць тры функцыі святыні: быць месцам сапраўднай прысутнасці Бога паміж людзьмі, месцам складання Богу ахвяраў праўдзівай любові, а таксама месцам сведчання пра Бога і Ягоную любоў, якая пануе паміж членамі сям’і, і ў іх стасунках з бліжнімі, з кожным Божым стварэннем.

 

Ave Maria №12-1(103-104) 2003-2004

Глядзі таксама:  Мудрацы з Усходу і іх дары

Адноўлена 15.07.2009 16:44
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.