«Мы паказваем, што людзей з інваліднасцю баяцца не трэба»: арганізатары сацыяльнай акцыі «Свет у дотыку» |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
07.12.2015 19:07 |
Назва «Свет у дотыку» аказалася невыпадковай. Журналісты з розных выданняў змаглі на сабе адчуць, як успрымаюць свет людзі з парушэннямі зроку. Прадстаўнікі СМІ па чарзе заходзілі ў «цёмны пакой» з завязанымі вачыма ў суправаджэнні валанцёраў праграмы «Мівія» і павінны былі навобмацак вызначыць прадметы быту, рэчы і прадукты харчавання. Адчуць «свет у дотыку» прадстаўнікам СМІ дапамагаў чарговы праект праграмы «Мівія» пад назвай «Інфармацыйны цэнтр». Госці мерапрыемства былі пастаўлены ва ўмовы, у якіх кожны дзень знаходзяцца людзі з аслабленым зрокам. «Свет, які нас акружае, могуць успрымаць па-іншаму каля 500 тысяч чалавек. Наша вялікая мэта — стварыць інфармацыйны цэнтр, дзе кожны з вас зможа адчуць той свет, у якім жыве чалавек, які не бачыць, слаба чуе, ці з’яўляецца інвалідам-калясачнікам, сюды таксама мы ўключым паняцце аутызм», — распавяла журналістам Людміла Скрадаль, кіраўнік праграмы «Мівія». Адмысловай часткай такога спецыфічнага эксперымента быў блок «Сталіца», дзе ўдзельнікам неабходна было пазнаць навобмацак макеты вядомых будынкаў Мінска.
Калега Вольгі, эксперт па дызайну праграмы «Мівія» Арцём Рошчупкін прызнаўся, што з кожным годам праграма экскурсій дапаўняецца новымі інфармацыйнымі макетамі: «Я лічу, што мы робім карысную справу як для невідушчых людзей, так і для тых, хто бачыць, таму што такія праграмы вучаць таксама і нас. Мы паказваем, што людзей з інваліднасцю баяцца не трэба. Галоўнае — гэта прымаць людзей, разумець, як з імі дзейнічаць. Гэта такія ж простыя людзі, як і мы», — распавёў Арцём. Аб’яднанае Таварыства «БелАДДІіМІ» у сваю чаргу прэзентавала падчас акцыі свае праекты «Мастацтва за інклюзію людзей з інваліднасцю», «Звычайныя людзі – выданні аб раўнапраўным і самастойным удзеле людзей з інваліднасцю ў жыцці грамадства». Прадстаўнікі СМІ маглі пазнаёміцца з выданнямі, прысвечанымі тэме інваліднасці і працы з інвалідамі. Таксама была прэзентавана фотавыстава вядомага беларускага фатографа Антона Матолькі з серыі «Не побач, а разам».
Лепш зразумець людзей з абмежаванымі магчымасцямі журналісты маглі таксама ў «Інфармацыйным цэнтры па невідушчым і слабавідушчым».Тут, напрыканцы мерапрыемства, можна было паспрабаваць напісаць некалькі слоў шрыфтам Брайля. Марына Валасар, фота аўтара |
Фотарэпартаж |