Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Канцэрт а. Стэна Фартуны: як праслаўляць Бога «па-амерыканску»
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
28.07.2013 02:35

Увечары 27 ліпеня ўдзельнікі Усебеларускай сустрэчы моладзі ў Івянцы мелі магчымасць даведацца, як праслаўляць Бога «па-амерыканску» — перад беларускімі вернікамі выступіў спецыяльна запрошаны госць, святар са Злучаных Штатаў Амерыкі, музыкант а. Стэн Фартуна.

Гэтага пазітыўнага, харызматычнага, адкрытага чалавека даўно ведаюць хрысціяне амаль усяго свету. Ён ладзіць выступленні ў самых розных краінах і застаецца ў памяці і сэрцах слухачоў надоўга. І гэта не дзіўна: далёка не кожны дзень маем магчымасць чуць каталіцкі рэп, хіп-хоп, джаз – менавіта такія музычныя жанры дамінуюць у творчасці святара-францішканіна, які мае на мэце такім нязвыклым спосабам праслаўляць Бога і спрыяць евангелізацыі сучаснага свету.

Сёння а. Стэн Фартуна дзеліцца з наведвальнікамі партала Catholic.by сваімі думкамі і перакананнямі адносна існуючых спосабаў малітвы і вызнавання веры, расказвае пра свой шлях да Бога і скіроўвае мудрыя і прыязныя пажаданні вернікам Беларусі.


Пошукі свайго жыццёвага прызначэння

Калі я быў хлопцам, марыў стаць святаром. Але той, хто быў у гэтым сэнсе маім героем і крыніцай натхнення, у свой час пакінуў святарства. Я адчуў збянтэжанасць і пасля глыбокіх і грунтоўных роздумаў вырашыў, што мэтай майго жыцця павінна стаць тое, што заўсёды вабіла і цікавіла, а менавіта музыка. У пэўны момант я перажыў вялікае навяртанне. Бог учыніў выбух унутры мяне — выбух любові. З часам любоў да музыкі стала часткай гэтага выбуху. Стварэнне музыкі высокай якасці патрабуе поўнага прысвячэння, пастаяннай практыкі. Калі я спаткаў Езуса ў сваім жыцці, Ён расказаў мне пра любоў, якая робіць такое пасвячэнне магчымым. Езус клікаў мяне да таго, каб цалкам аддацца музыцы, а я супрацьстаяў гэтаму, змагаўся з Панам Богам. І толькі пасля двух з паловай гадоў быў пераможаны. І цяпер разумею, што гэтае паражэнне стала маёй найвялікшай перамогай. Кожны раз, выходзячы на сцэну і беручы ў рукі музычны інструмент, я рыхтуюся да таго, каб аддаць слухачам усё, што маю ўнутры сябе. Я падобны да пэўнай ёмкасці: станаўлюся пусты перад Богам, аднак Ён мяне напаўняе, і ўсё атрыманае ад Яго я выліваю падчас канцэртаў.


Крыніцы натхнення

На творчасць мяне натхняе ўсё тое, што я чую, бачу ў сваім жыцці, асабліва падчас шматлікіх паездак. І ўсё ж найвялікшае падарожжа для мяне — абуджэнне раніцай, дзе б я ні знаходзіўся. У любы час, ва ўмовах любой культуры, у любой мясцовасці. Пан Бог адкрывае мае вочы, вушы, сэрца, душу, а музыка там ужо ёсць — яна проста выходзіць вонкі.



Ці бачны эфект адмысловай музычнай евангелізацыі?

Так, прычым не толькі з боку маладых людзей, але таксама дарослых і пажылых. Сярод іх — і біскупы, і святары. У свой час папа Ян Павел II, які быў вельмі адкрытым чалавекам, заахвочваў маладых людзей абвяшчаць Евангелле праз рок-музыку, або біт-музыку (як яе называюць у Польшчы). Аднак сустракаў я і людзей, якія ставяцца да такой музыкі вельмі негатыўна. Яны перакананыя, што біт-музыка паходзіць ад д’ябла. Я цалкам не згаджаюся з такой пазіцыяй, таму што яна нібы накладвае абмежаванні на Пана Бога і Яго план збаўлення свету. Ці можа д’ябал выкарыстоўваць джазавую музыку? Так. Хіп-хоп або рэп? Так. Класічную музыку? Так. Узгадайце таксама: некалі папа Павел VI дазволіў выкарыстанне афрыканскіх барабанаў падчас кананізацыі мучанікаў з Уганды ў базіліцы св. Пятра ў Рыме. Пра што гэта сведчыць? Пытанне не ў жанры музыкі. Пытанне ў тым, ці мы верым у Бога, ці служым Яму ў паўсядзённым жыцці.


Francesco Productions і Francesco International Love Outreach

У 1987 г. мною была заснавана некамерцыйная арганізацыя Francesco Productions, якая мае на мэце евангелізацыю і дапамогу бедным. Усё, што мы атрымліваем ад продажу кніг, дыскаў і іншай прадукцыі, ідзе на справы дабрачыннасці. Іншая, адносна новая ініцыятыва, якая існуе яшчэ няшмат часу, атрымала назву F.I.L.O. (Francesco International Love Outreach). Яе мэта — высылаць грошы тым людзям у свеце, якія патрабуюць дапамогі, місіянерам, якія працуюць у Афрыцы, адзінокім матулям. Гэтая дзейнасць адпавядае таму, пра што сёння кажа папа Францішак, які знаходзіцца ў Бразіліі з нагоды Сусветных дзён моладзі: «Кожны павінен нешта зрабіць, каб дапамагчы іншаму чалавеку».


Чаму маладыя людзі сёння так неахвотна ідуць на кантакт з Богам?


Яны не разумеюць каштоўнасці любові, не пазналі сапраўднай любові ў сваім жыцці. Яны не адчуваюць розніцы паміж праўдзівай і фальшывай любоўю. А адсутнасць любові, у сваю чаргу, робіць веру ў Бога складаным ці нават немагчымым заданнем.

Зварот да беларускіх вернікаў

Беларусь знаходзіцца перад тварам тых жа выклікаў, што і іншыя краіны. Але Бог адзін. Адна з найлепшых характарыстык Касцёла — тое, што мы з’яўляемся паўсюднай сям’ёй. Мы не самотныя — не толькі таму, што з намі Бог, але яшчэ і таму, што паўсюль маем братоў і сястёр. І калі тут, у Беларусі, раптам становіцца вельмі цяжка, трэба падумаць і ўсвядоміць, што ў гэты самы момант камусьці недзе горш, чым табе. Мы можам злучыцца з гэтай асобай, як бы далёка ад нас яна ні знаходзілася. Бог зробіць гэтую лучнасць сапраўднай. Пан Бог ёсць Любоў і дае моц, каб мы падняліся і вялі за сабою іншых. Калі мы будзем думаць, што самі гэта робім, то апынемся ў вязніцы з самімі сабою. Гэтая самотнасць з’яўляецца пеклам. Валадарства Нябеснае, наадварот, падобнае да вялікай сям’і, і мы павінны заўсёды памятаць, што мы не адны. Калі мы робім нешта для кагосьці і адчуваем, што нас любяць, то разумеем, што жыццё цудоўнае!

Падрыхтавала Алена Рулевіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.